На Лапіччыне можна ўбачыць шмат цікавага і нават “след”, пакінуты Раісай Гарбачовай

На Лапіччыне можна ўбачыць шмат цікавага і нават “след”, пакінуты Раісай Гарбачовай
Кожны куток нашай краіны мае свае адметныя асаблівасці, з якімі мясцовыя жыхары ахвотна знаёмяць гасцей. Калі наведалі тэрыторыю Лапіцкага сельсавета і папрасілі тутэйшых насельнікаў правесці па цікавых, незвычайных месцах, нам паказалі некалькі. Мысленна аб’ядналі гэтыя кропкі ўмоўнымі лініямі і атрымалі турыстычны міні-маршрут па Лапіцкім краі.

З цікавай гісторыяй пазнаёміў краязнаўца Юрый Сцяпанаў. Яна датычыць мемарыяльнага комплексу, размешчанага ў Сасновым.

…Немцы застрэлілі ўсіх сваякоў Ганны Чупырка, не па-шкадавалі нават шасцігадовага брата і сястру, якія былі толькі паранены і пахаваны жывымі. Разам з імі ў магілу ляглі яшчэ 108 землякоў.

Пасля вайны разам з сынам і членамі грамадскай асацыяцыі круглых сірот ваеннага часу Ганна адправілася па вёсках і сабрала ўспаміны відавочцаў гэтай жудаснай расправы. Такім чынам было ўстаноўлена 67 імёнаў.

На месцы расстрэлу з’явіліся абеліск і пліта з імёнамі загінуўшых. Але ішлі гады, месца пахавання пачало прыходзіць у заняпад.

Ганна Іванаўна, як член партыі, неаднаразова звярталася ў вышэйстаячыя інстанцыі. Яна атрымала некалькі адказаў, і ўсе адмоўныя: няма эканамічнай магчымасці прывесці пахаванне ў належны выгляд. А потым рашылася і напісала жонцы Генеральнага сакратара ЦК КПСС Раісе Гарбачовай. У лісце жанчына папрасіла запісаць яе на прыём. Атрымала адказ, што Раіса Максімаўна не вядзе запіс, можна проста прыехаць і сустрэцца з ёй у любы час.

Жанчына так і зрабіла: адправілася ў Маскву і расказала пра сваю праблему.

А праз тыдзень пасля вяртання з Масквы Ганна прыехала ў Сосновы і ўбачыла  асфальтавую дарогу, акружаную ажурнай агароджай магілу, а побач — спецыяльную пляцоўку для мітынгаў, стойкі для гучнагаварыцеляў і лаўкі. Усё было зроблена за тры дні.

Жанчына напісала Міхаілу Гарбачову, падзякавала за разуменне і падтрымку і папрасіла даслаць фатаграфію жонкі. Хутка яна атрымала здымак, які заняў самае пачэснае месца ў сямейным альбоме.

Гісторыя павучальная, а яе вынік і зараз служыць напамінкам землякам: пра вайну, генацыд, неабходнасць цаніць мір і не забываць урокі гісторыі.

На яшчэ адну цікавую кропку ўказалі жыхары Жорнаўкі. Каля вядомага ў наваколлі кафэ “Очаг” размешчана скульптура дзяўчыны, якую мясцовыя жыхары з цеплынёй называюць Зосяй.

Калісьці падобныя архітэктурныя формы размяшчаліся ў парках адпачынку, скверах і іншых грамадскіх месцах. Памятаеце: каля гарадскога стадыёна “Лакаматыў”, дыстанцыі пуці, пры ўездзе ў горад? Растыражыраваныя фігуры і кампазіцыі не мелі асаблівай мастацкай каштоўнасці, затое служылі своеасаблівымі арыенцірамі і стваралі добры настрой.

Але па меры таго як гэтыя скульптуры прыходзілі ў заняпад, іх зносілі, а новыя не набывалі: прайшла мода. Многія асіпаўчане і цяпер з настальгіяй успамінаюць жанчыну з караваем на перакрыжаванні, якая гасцінна сустракала ўсіх, хто ўязджаў у горад. На вуліцах райцэнтра такіх скульптур цяпер бадай што і не сустрэнеш. А вось у Лапічах засталася.

І хоць ніхто з жыхароў не змог успомніць, як гэты аб’ект з’явіўся ў населеным пункце — толькі адна са старажылаў указала, што паспрыяў гэтаму былы старшыня калгаса Іван Хічэўскі, — і зараз статуя нідзе не лічыцца на балансе, а значыць, яе чакаў лёс сотні іншых “калег”, толькі ў Лапічах адносіны да даўніны іншыя. Прыватны прадпрымальнік Дзмітрый Асмалоўскі адрэстаўрыраваў “Зосю”, зрабіў новы падмурак. Мяняецца прызначэнне будынка, каля якога яна ўстаноўлена: раней тут была сталовая, затым магазін, цяпер кафэ, а дзяўчына з садавінай застаецца пастаяннай. Яна з зацікаўленасцю паглядае на кожнага, хто праходзіць міма. Сапраўдны сімвал маладосці, гасціннасці і ўрадлівасці, а заадно носьбіт надзеі на станоўчыя перспектывы населенага пункта.

Яшчэ адну манументальную фігуру ўбачылі ў двары дзіцячага сада вёскі Ручай. У адрозненне ад папярэдняй, гэта не вольная выява, а скульптура канкрэтнай гістарычнай асобы — Уладзіміра Леніна ў дзяцінстве. І калі з паўвека таму кожнае малое ведала і пазнавала гэтага дзеяча, а яго скульптуры і бюсты з розных матэрыялаў можна было сустрэць паўсюль, зараз пазнаць, хто гэта, можа нават не кожны дарослы. Ва ўстанове адукацыі не сталі зносіць і спісваць статую: у гэтых мясцінах наогул любяць пастаянства, бо гісторыя не патрабуе адабрэння ці пагарды, а проста застаецца занатаванай у хроніках, помніках і памяці народа…

З цікавасцю наведалі дуброву ў Жорнаўцы. У парку-дэндрарыі, заснаваным больш за сотню гадоў таму, расце звыш 100 відаў дрэў і кустоў. Але сярод усёй гэтай расліннай разнастайнасці вылучаюцца векавыя дубы, адзін з якіх чатыры ўдзельнікі нашай экспедыцыі ледзьве абхапілі, а зірнуўшы на верхавіну, былі заварожаны магутнасцю. Колькі гэтыя дубы змаглі ўбачыць за некалькі стагоддзяў свайго жыцця! Рэвалюцыі і войны, пераломныя моманты і гістарычных асоб… Можа, таму і надзелены жыхары тутэйшых мясцін цікавасцю да гісторыі, што ім нашэптваюць нешта патаемнае чароўныя дрэвы-волаты?

 

 

 

Последние новости

Армия

Военнослужащие 336 реактивной артиллерийской бригады проводят полевой выход

25 февраля 2025
Читать новость
Общество

Прямая телефонная линия с начальником РОВД полковником милиции Архипенко Виктором Леонидовичем

25 февраля 2025
Читать новость
Происшествия

В Осиповичах палец 10-месячной девочки застрял в игрушке

25 февраля 2025
Читать новость
Общество

Президент Беларуси Александр Лукашенко 21 февраля подписал Указ № 74 “Об усилении роли председателей исполнительных комитетов базового уровня в развитии регионов”. Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Олег Дьяченко и председатель Осиповичского районного Совета депутатов Владимир Рыжанков поделились мнением о значении документа.

25 февраля 2025
Читать новость
Власть

От авиастроения до строительства метро. Лукашенко предложил Свердловской области России развивать сотрудничество

24 февраля 2025
Читать новость
Общество

В Беларуси увеличен норматив господдержки при строительстве и покупке жилья в городах до 20 тыс. жителей

24 февраля 2025
Читать новость

Рекомендуем