Ці проста вынайсці веласіпед?

Нягледзячы на зменлівасці лёсу, умее нават у цемры ўбачыць арыенціры, майстар здзіўляць, гадоў 15 ездзіць на ўласна сканструяваных веласіпедах, умее абыходзіцца малым і ніколі не губляе іскрынкі — прыкладна такія характарыстыкі давялося пачуць ад жыхароў Вяззя ў адрас Якава Ядлінскага.
Гэты чалавек вельмі сціплы і ніколі нікога не загружае сваімі праблемамі, і тым не менш, калі ён з’яўляецца на вуліцах населеных пунктаў Асіповіччыны, прыцягвае да сябе ўсеагульную ўвагу, бо перамяшчаецца на незвычайным транспарце, сабраным і змайстраваным уласнаручна. Прычым гэтыя канструкцыі часта змяняюць адна адну. За чвэрць веку, што былы мін-чанін жыве ў Вяззі, перабраўшыся ў бацькоўскую хату, ён сабраў ужо больш за дзясятак веласіпедаў, і ні адна мадэль не паўтараецца, бо, ствараючы чарговую, ён нешта мяняе, удасканальвае, выкарыстоўвае новыя дэталі, аксесуары. І веласіпеды яго не звычайныя, а, так бы мовіць, са зручнасцямі. Пачынаючы з таго, што яны маюць большую, чым стандартны, колькасць колаў. У ходзе “эвалюцыі” з’явіліся дах, зручнае сядзенне, багажнае “аддзяленне” і іншыя асаблівасці.
Якаў Якаўлевіч ніколі не ставіў перад сабой задачу набыць вядомасць ці кагосьці здзівіць, ён проста робіць крышачку больш зручным уласнае жыццё.
Таму і выставу сваіх вынаходніцтваў не ствараў ні разу. Дарэчы, пачынаючы працаваць над новай мадэллю, ахвотна выкарыстоўвае штосьці з папярэдніх, без шкадавання разбураючы іх: новае “тварэнне” абавязкова будзе лепшым, дык навошта збіраць велапарк са старых? Дарэчы, зараз у распрацоўцы знаходзіцца чарговая машына — электравеласіпед, які не патрабуе сіл на кручэнне педаляў, можна ехаць і любавацца прыродай. І калі свае ранейшыя вырабы майстар не называў ніяк, гэты мае ўласнае імя — “Ламбардзіна”. Разгляда-ючы дзіўны транспартны сродак, цяжка здагадацца, што выраблены ён не з заводскіх агрэгатаў і дэталяў, а з падручных матэрыялаў. Напрыклад, бакавыя стойкі — з лыжных палак, кранштэйны для даху — з аконных карнізаў, сядзенне — з дзіцячага крэселка. У справу ідзе ўсё: днішча ад каляскі матацыкла, тэлескапічная вілка ад мапеда, нейкія іншыя запчасткі.
Па словах суразмоўцы, кожная мадэль праходзіць пэўныя этапы стварэння: задума, канструяванне, абкатка. Кажа, што патрэбны пэўны час, каб веласі-пед прывык да новага гаспадара. Аказваецца, і гэты аспект важны!
На сваім транспарце Якаў Якаўлевіч пераадольвае дыстанцыі да 20 км, наведваючы родных і знаёмых у Зборску, Ліпені, Асіповічах. Супрацоўнікі ДАІ, калі сустракаюць гэты дзіўны транспарт, вітаюць яго кіроўцу як добрага знаёмага: ведаюць, што Якаў Ядлінскі шмат гадоў адпрацаваў вадзі-целем хуткай дапамогі, а таму вядзе сябе на дарозе вельмі карэктна. І хоць веламабіль, на якім ён ездзіў мінулым летам, мог развіваць хуткасць да 40 км у гадзіну, выбіраў мінімальную — 12 км/г.
Канструктарская дзейнасць — толькі адно з захапленняў Якава. Больш дакладна, чарговае, бо яны прыходзяць да майстра паэтапна. Пераехаўшы з горада, з энтузіязмам заняўся агароднымі справамі, нарыхтоўкай садавіны. А зімой, калі за акном мяла завіруха і трэба было чымсьці бавіць час, купіў швейную машыну і стаў шыць рукавіцы. Вырабіў іх цэлы стос, а затым раздаў знаёмым.
Наступным этапам сталі фота- і відэасправы. Набыўшы прафесійную камеру і сканер, Якаў стаў здымаць, рабіў фотакарткі і відэасюжэты. Здымаў нават вяселлі. Адным з першых асвоіў фоташоп, што значна пашырыла магчымасці пры вырабе здымкаў. А яшчэ рэстаўрыраваў старыя, сапсаваныя фотакарткі. Нават калі частка выявы адсутнічала, з дапамогай спецыяльнай праграмы мог аднавіць фота. Многія звярталіся да майстра па дапамогу. Але з цягам часу інтарэс да фотасправы згас, саступіўшы месца маніпуляцыям з транспартам.
Такі вось ён чалавек: няўрымслівы, адкрыты, добразыч-лівы, які не падладжвае пад сябе наваколле, а сам вучыцца адаптавацца да любых умоў.
І што б ні вырабляў майстар, у яго атрымоўваецца не стандартна, а “з падвывертам”: рукавіцы — дык з кішэнькай для аўтобуснага талончыка, фота-здымак — дык з выявай матэрыялізаванай мроі, а веласіпед — дык “Ламбардзіна”.
Свет без дзівакоў быў бы дужа прэсным. Ці не так?