Асіповіцкі раён: крайняя хата. Захад

Цікава пазнаваць новыя мясціны нават калі яны знаходзяцца ў межах тваёй вёскі або раёна. Падчас падарожжа заўсёды знойдзецца, чым падзівіцца, штосьці незвычайнае адкрыць, пабачыць, пачуць. А яшчэ можна сустрэць цудоўных людзей, ад якіх зыходзяць цяпло і неверагодная станоўчая энергетыка. Пагутарыш з чалавекам — быццам кніжку добрую прачытаеш: і розуму набярэшся, і над сэнсам жыцця задумаешся. Ды і зарад бадзёрасці нядрэнны атрымаеш. Асабліва шанцуе ў гэтым плане журналістам. У пошуках тэм і герояў яны вандруюць як па горадзе, так і па раёне. На гэты раз паклікала ў дарогу ідэя расказаць чытачам пра самыя крайнія кропкі асіповіцкага краю.
Згодна з картай РУП “Белкартаграфія”, на тэрыторыі раёна знаходзіцца 155 населеных пунктаў. Да крайніх адносяцца Пясчанка, Лука, Галынка і Градзянка.
Працавітыя і дружныя
З дзіўным пасяленнем, што мае цёплую назву Пясчанка, пазнаёмілася некалькі гадоў таму. Пражывае там усяго 19 чалавек, 16 з якіх — пенсіянеры. Працавітыя, цярплівыя і гаспадарлівыя людзі са шчырай душой і добрым сэрцам, з вялікім жыццёвым вопытам і багатай народнай спадчынай. Іх аб’ядноўвае адзіная вуліца Асіповіцкая. Усе хаты туляцца блізенька, і дом пад нумарам 17 — не выключэнне. Яго гаспадыню завуць Марыя Якаўлеўна МАСЛОК. Пачуўшы, што нехта пад’ехаў і спыніўся пад вокнамі, яна выйшла насустрач і адчыніла веснічкі.
Апынуўшыся на незнаёмым двары, заўважаю, што гаспадарчыя пабудовы таксама стаяць побач. У дрывотніку — неблагі запас дроў, каля склепа — кошык з духмянымі яблыкамі, агародчык ужо акуратна перакапаны на зіму, паўз плот растуць вяргіні і радуюць вока апошнімі фарбамі.
— Пясчанка як Пясчанка, хаты як хаты, — крыху недаверліва пачынае гутарку Марыя Якаўлеўна. — Вёсачка заўсёды была невялікая, у некалькі дзясяткаў дамоў. Але людзей калісьці тут жыло многа, нас нават кітайцамі звалі ў акрузе. Бывала, як выйдуць мужыкі на касавіцу, — сцяна цэлая. А зараз засталося тры калекі, — смяецца, паказваючы на свайго дапаможніка — кійка. — Моладзь з’ехала, гаспадары паўміралі. Майго няма ўжо 5 гадоў. Пражыла з ім 52 гады. Цяжка адной, але спраўляюся з дапамогай дзяцей. Дроў прынясу, печ прапалю дый сяджу, чакаю, пакуль хто пазвоніць або прыедзе. Побач жыве старэйшая сястра Волька — схаджу, яе праведаю. Усё жыццё блізка адна ад адной. Яна засталася ў бацькоўскім доме. Мы пабудаваліся аднымі з першых на вёсцы. Як вядома, сяло наша ўзнікла на былых памешчыцкіх землях, як пачалі абагульніваць сялянскія гаспадаркі. Сюды пазвозілі хаты з былых хутароў. Наш зваўся Трыбелец. Мужавы бацькі паставілі сваю хацінку непадалёк. Так што замуж пайшла амаль у свой двор. Мама не надта хацела мець за зяця хлопца-суседа. Рос ён без бацькі, бо той загінуў у фінскую. Сям’я вялікая. Пасля вайны — нястача і галеча. А маім хацелася, каб мне жылося лягчэй. Але ж усім прыходзілася цяжка. З дому з’ехаць не было як. Дарога да горада далёкая, аўтобусы не хадзілі. Да Старых Дарог дабіраліся пешшу. Хадзілі туды, каб што-небудзь на базары прадаць: тыя ж грыбы, ягады, рыбу, асабліва ўюноў, на якія была тады багата Пціч. Наловіць гаспадар спецыяльным прыстасаваннем — і ў гарачую печ. Падсмажацца — такія смачныя! Калі цікава, зараз пакажу, чым лавіліся ўюнцы.
Разам накіроўваемся да гарышча, што на склепе. Дастаю адтуль некалькі незвычайных корабаў.
— Сплецены яны з карэнняў хваіны, днішча палатнянае, — тлумачыць жанчына. — Апускалася прылада ў раку, пакідалася на пэўны час, а пасля падымалася ўжо з рыбкай. У кожнай хаце такія рабілі. А яшчэ кашы плялі, выкарыстоўвалі ракіту. Моцныя атрымліваліся, да гэтага дня трымаюцца.
— Рарытэт, — кажу ёй. — А куды ў школу хадзілі?
— У Дворышча. Правучылася ўсяго 4 гады, ды і то не заўсёды выпадала патрапіць туды, асабліва вясной і восенню. Без граматы не вельмі куды пойдзеш, а ў калгасе рабочыя рукі заўсёды патрэбны. Так усё наша з мужам жыццё і прайшло тут, на роднай зямлі. Нягледзячы на цяжкасці, змаглі паставіць свой дом, падняць дзяцей. Хаця гадаваліся яны, як прый-дзецца. На работу ішла — са свякрухай пакідала. Можна сказаць, што ў нас сапраўдныя яслі былі, бо многія жанчыны прыносілі сюды сваіх дзетак. Часта зараз думаю: і чаму цяпер жанчынам не раджаць? Дзяржава атуляе клопатам і матуль, і немаўлят. А тады кінеш малое і пабег, бо нормы далі — і кроў з носу, а іх трэба выканаць. Ад іншых жанок не хацелася адставаць. Акрамя калгаснай працы і дома хапала клопатаў. Асабліва цяжка было летам. Нарыхтаваць сена для скаціны — праблема з праблем. На балотах не дазвалялі, таму касілі па карчах. Ды і то рабілі так, каб ніхто не бачыў. Прыходзілася нават тую амялу выжынаць сярпом. Прыцягнеш дадому ноччу, затым у сячкарню яе, гарачай вадой зальеш і — карове. А пра кок-сагыз чулі? Не? Сеялі такую культуру на тарфяніках. Яна нечым падобная на дзьмухаўцы. Рабілі з яе “рызіну”. Лісце абразалі, корань здавалі, насенне прасявалі праз рэдчык (марля — аўт.). Уся сям’я займалася гэтай працай, бо мяхі з карэннямі дамоў прывозілі і па вечарах апрацоўвалі. І так — у кожнай хаце. Наогул, народ у Пясчанцы працавіты. Ад бацькоў перадалася цяга да зямлі. Толькі шкада, што сіл ужо не стае…
Час прабег імгненна. Хоць і нядоўгай была размова, але ўспомніліся гэтай па-ранейшаму мілай жанчыне суровыя гады жыцця. Нягледзячы ні на што, жылі дружна, разам радаваліся, гаравалі, разлічвалі толькі на сябе і былі шчаслівыя. Нават удалечыні ад усіх выгод цывілізацыі…
Працяг будзе.
Ніна ВІКТОРЧЫК.