Завод — наш гонар і надзея
У гэтай вялікай дружнай сям’і перапляліся, быццам каранямі, прозвішчы Ангерчык, Берагейка, Шупік, Страмбурскія. Што іх аб’ядноўвае? Не толькі агульныя продкі, але і адно прадпрыемства,
якому аддалі гэтыя працавітыя людзі ў суме 203(!) гады работы.
Расказвае Марыя Ангерчык:
— Завод аўтамабільных агрэгатаў для маёй сям’і — вялікі агульны дом, які даў цікавую работу, магчымасць праявіць сябе, быць матэрыяльна абароненымі, набыць сапраўдных сяброў. Нам пашанцавала працаваць поруч з дастойнымі людзьмі, сапраўднымі прафесіяналамі.
Заснавальнікам дынастыі па праву лічым дзядулю, майго свёкра Аляксандра Васільевіча Ангерчыка, ветэрана вайны і працы, дастойнага чалавека і выдатнага токара. Яго працоўны стаж — 50 гадоў! Уявіце сабе: паўвека. 32 гады ён адпрацаваў на нашым заводзе і ва ўзросце 71 года пайшоў на заслужаны адпачынак. Вельмі прыемна, што яго вучні, ужо з кранутымі сівізной скронямі, цікавяцца зда-роўем свайго настаўніка, заўсёды перадаюць яму прывітанні. Дзядуля хутка адзначыць свой 90-ы год нараджэння.
Аляксандр Васільевіч з жонкай Анастасіяй Навумаўнай вырасцілі двух сыноў — іх гонар. Менавіта бацькі далі першыя ўрокі працоўнага выхавання дзецям, настойліва прывівалі пачуццё калектывізму, душэўнай цеплыні, павагі да чалавека працы. Малодшы, Міхаіл Аляксандравіч — дырэктар завода металаканструкцый у Маладзечна. Старэйшы — мой муж, Генадзь Аляксандравіч, пасля заканчэння політэхнічнага інстытута вярнуўся на родны завод, працаваў інжынерам-тэхнолагам ліцейнай вы-творчасці, а затым 20 гадоў начальнікам аддзела падрыхтоўкі вытворчасці, намеснікам галоўнага металурга. Прафесіянал з вялікай літары, ніколі не шукаў лёгкіх шляхоў, настаўнік моладзі, працаголік.
Я за ім, як нітачка за іголачкай. Працавала на АЗАА кантралёрам вымяральных прыбораў і спецінструментаў, затым інжынерам па метралогіі. Разам з цяперашнім начальнікам лабараторыі вымяральнай тэхнікі Алай Яршовай стварылі метралагічную службу на заводзе.
Чаму я пайшла на гэта прадпрыемства? Па прыкладу старэйшай сястры. Таццяна Шупік заўсёды аддавала перавагу заняткам, якія патрабавалі ўвагі і высокай адказнасці. Эканаміст аддзела забеспячэння, эканаміст аддзела знешняй кааперацыі і 26 гадоў — начальнік аддзела збыту. 44 гады на заводзе — гэта цэлае жыццё!
Сястра Ларыса Страмбурская, пачынала працоўную дзейнасць майстрам участка “Дамкрат” МЗЦ-5. Была сакратаром камсамольскай арганізацыі. “Камсамолка, прыгажуня, спартсменка” — гэта пра яе. Заўсёды актыўная, ініцыятыўная, энергічная. Пераехаўшы ў сталіцу, працавала на МАЗе, а затым 20 гадоў намеснікам дырэктара Мінскага аўтамеханічнага каледжа. Выдатнік адукацыі, рыхтуе будучых машынабудаўнікоў. Усяго ў машынабудаванні 43 гады.
Мая мама, Кацярына Уладзіміраўна Берагейка, адносіцца да першага пакалення нашай працоўнай дынастыі. 21 год на прад-прыемстве. Была брыгадзі-рам участка зборкі дзіцячых цацак, кладаўшчыцай склада спецадзення аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Заўсёды энергічная, добразычлівая і дысцыплінаваная.
Тата, Аляксандр Яфімавіч Берагейка, таксама ўнёс уклад у скарбонку дынастыі, ужо будучы пенсіянерам. Былы машыніст цеплавоза, які не прывык сядзець склаўшы рукі, адпрацаваў на заводзе 5 гадоў рабочым падсобнай гаспадаркі.
Непрыкметна падрасло трэцяе пакаленне машынабудаўнікоў. Дачка Наталля пасля заканчэння каледжа прыступіла да работы кантралёрам аддзела тэхнічнага кантролю, затым была кантралёрам вымяральных прыбораў. А калі атрымала вышэйшую адукацыю, стала інжынерам-тэхнолагам. Зараз — начальнік бюро стандартызацыі і студэнтка-завочніца Беларускага дзяржаўнага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці “стандартызацыя, сертыфікацыя і ўпраўленне якасцю”.
Сын старэйшай сястры, Дзмітрый, два дзясяткі гадоў працуе побач. Самы складаны ўчастак работы — цэх МЗЦ, участак “Галіно”, наладчык абсталявання. Фізічна цяжкая работа, але ён заўсёды праяўляе цярпенне, працавітасць і спакой.
Усёй вялікай сям’ёй збіраемся вельмі часта. Любім ладзіць святы з песнямі, танцамі, нам заўсёды цікава і весела разам. Любім лес і рыбалку, падарожжы, свае дачныя ўчасткі, якія патанаюць у кветкавым харастве.
Звязаныя роднаснымі сувязямі, стараемся не пахіснуць гонар сям’і.
Падрастаюць унукі, магчыма, для кагосьці з іх наш завод будзе прафе-сійна цікавым, а затым стане родным.