На Асіповіччыне ідзе нарыхтоўка торфу

Цёплы восеньскі дзень. На небе ні аблачынкі. Нават ветру амаль не адчуваецца. Такое надвор’е любяць на торфапрадпрыемстве,
што ў Татарцы. Яно дазваляе працаваць на палях на поўную моц.
Разам з начальнікам цэха здабычы і перапрацоўкі торфу Яўгеніем Бацюнем накіроўваемся на ўчастак, дзе працуюць торфаўборачныя машыны. Рабочы УАЗік шпарка бяжыць па пасялковай дарозе ў бок балота, а мы паспяваем пагаварыць, як калектыў спрацаваў летам.
— Сезон выдаўся спрыяльным, — гаворыць Яўгеній Яўгеньевіч. — Сонечныя дні дазвалялі весці працэс нарыхтоўкі паліўнай прадукцыі амаль без збояў, толькі калі-нікалі выходзіла са строю тэхніка, якую тут жа рэанімавалі і зноў адпраўлялі ў поле. Дарэчы, аўтатрактарны парк налічвае 25 адзінак. Падчас восені-зімы правялі дасканалы агляд і рамонт усяго калёснага багацця. Запланаваныя да ўборкі палі таксама “падлячылі”: вывезлі выкарчаваныя пні, пачысцілі магістральныя і валавыя канавы, выканалі пераўкладку мастоў-пераездаў і шэраг іншай спецыфічнай работы, якая дазволіла без праблем прыступіць да выканання планавага задання.
— На якой плошчы вялася нарыхтоўка торфу?
— Прыблізна 65 гектараў. Прычым на адным і тым жа полі адначасова займаліся і нарыхтоўкай, і яго рамонтам. Самым напружаным быў ліпень: паднялі каля 9 тысяч тон паліўнага і верхавога торфу разам — амаль палову ўсяго нарыхтаванага за сезон. Усяго ж пры плане 22.086 тон здабылі 22.375. Уся нарыхтаваная летам прадукцыя захоўваецца на палях.
Дарога ад канторы да нарыхтоўчага ўчастка займае хвілін дзесяць, і вось машына ўжо пай-шла ўздоўж пляцоўкі, дзе складзіруюцца выкарчаваныя пні. Яны ўзвышаліся вялікімі штабелямі ў некалькіх месцах. Колькі ж тут іх!
Машына спыняецца.
— Поле № 5, — гаворыць Яўгеній Яўгеньевіч. — На ім вядзем работы па расчыстцы ад каранёў. Праца складаная, патрабуе чалавечых рук. Соф’я Пятровіч і Валянціна Луцковіч падбіраюць нетрапіўшыя ў машынны коўш рэшткі пнёў. Разам з імі машыністы Дзмітрый Замбражыцкі і Міхаіл Гулей. За дзень трэба прайсці, сагнуўшыся, не адзін кіламетр. I добра, калі няма ветру…
Пагутарыўшы з людзьмі пра жыццё-быццё, накіроўваемся да наступнага поля. Там якраз працавалі торфа-ўборачныя машыны, якімі кіравалі Юрый Барысаў і Юрый Русаковіч (на здымку).
— Хлопцы маладыя, але спрытныя. Разам з больш вопытным машыністам Пятром Койпішам, які зараз знаходзіцца на рамонце, усё лета шчыравалі ад душы. Праз іх і прайшоў увесь нарыхтаваны торф — вунь якія сцірты ўзняліся ў неба. Усе яны ізаляваны плёначным пакрыццём, каб зімой не грэліся. Калі вывезуцца мінулагоднія запасы, пачнем рэалізоўваць сёлетні.
Праз некалькі хвілін УАЗік пад’ехаў яшчэ на адно поле, дзе вялася адгрузка нарыхтаванага торфу. За гэтым працэсам засталі вадзіцеля пагрузчыка Станіслава Злобіча.
— З пасёлкам і прадпрыемствам звязана ўсё жыццё, — гаворыць ён. — Не адзін дзясятак тапчу балота, ведаю ўсе яго хітрыкі. Але такога сезона, як сёлетні, яшчэ не памятаю. Надвор’е не перашкаджала, працавалі з усходу да захаду сонца, адпачынак — толькі на абед. Днём у трактары гарачыня, пот — ручаём. Але ж працу не кінеш, вагоны чакаць не будуць. Ды і стымул ёсць: больш адгрузіш — больш заробіш.
Час вяртацца назад. Па дарозе зноў размаўляем.
— Якія бытавыя ўмовы арганізаваны для рабочых?
— На спецыяльнай пляцоўцы пастаўлены тры вагончыкі. У адным можна прыняць душ, у другім — снедаць. Ёсць халадзільнік, пліты, электрачайнікі, пастаянна завозім пітную ваду. Трэці служыць як майстэрня. На тэрыторыі мехдвара таксама абсталяваны душавыя. Арганізаваны і падвоз рабочых па месцы жыхарства.
— Торф з участка вывозіце чыгуначным транспартам?
— Прама на полі часова пракладваем рэйкі і па іх пускаем вагоны, якія, загрузіўшыся, дастаўляюць прадукцыю на пляцоўку, адкуль яна ўжо вывозіцца аўтамашынамі на Бабруйскую і Асіповіцкую ТЭЦ. Крыху больш чым за год туды накіравалі звыш 9 тысяч тон торфу па-ліўнага умоўнай вільготнасці.
— Чым яшчэ займаецеся?
— Нядаўна ўве-дзена ў эксплуатацыю другая чарга цэха кіпавання торфу: склад гатовай прадукцыі. Як вядома, цэх выпускае кіпы для рэалізацыі на ўнутраным і знешнім рынках. Сёлета іх ужо экспартавалі амаль тры з паловай тысячы. З красавіка наладзілі вытворчасць грунту пажыўнога, якога выпушчана больш за тысячу пакетаў. Зараз выконваем работы па інвентарызацыі здабытага торфу, пашпартызацыі тарфяных залежаў. Рамантуем тэхніку і плошчы да наступнага сезона.
— Што ў планах?
— Вядзем работы па вырубцы расліннасці на балоце ў раёне Ясеня, дзе будзем уводзіць у строй трэцюю чаргу прадпрыемства.
Што ж, калі ёсць рэальныя планы, то ёсць і надзея на будучае, так?
Ніна ВIКТОРЧЫК.