Рэч, якой заўсёды знойдзецца прымяненне

Рэч, якой заўсёды знойдзецца прымяненне

Зараз гандаль прапаноўвае мноства ёмістасцей з розных матэрыялаў: ад шкла, дрэва, металу да больш лёгкіх палімерных злучэнняў. На паліцах прадстаўлены вёдры, міскі, скрыні, мяхі, сумкі — на любы густ. А даўней функцыі ўсіх гэтых рэчаў выконвалі кошыкі.

Плялі іх паўсюль. У кожнай вёсцы меліся свае майстры лоза-пляцення, да якіх звярталіся суседзі, родныя, знаёмыя і незнаёмыя.

Што ж такое кош? Гэта плеценая ёмістасць для захоўвання і транспарціроўкі сыпкіх і штучных рэчываў, пераважна харчовых прадуктаў. Кашы рознай формы рабілі з дранкі, каранёў хваёвых дрэў, ліпавай і бярозавай кары, саломы, рагозу. Але самым распаўсюджаным матэрыялам у нашых прашчураў была лаза, якой шмат расло па берагах рэк і ручаёў.

Паводле функцыянальных асаблівасцей кош служыў для патрэб паўсядзённага ўжытку, захоўвання мясных прадуктаў, збожжа, пераносу грузаў на плячах. Кашы выкарыстоўвалі для збірання гародніны, бульбы, садавіны, грыбоў, ягад і лекавых траў, пры рабоце на палетках, для дастаўкі ежы на сенажаць ці поле, святочных наведванняў, кірмашоў.

Сустракаліся кашы конусападобныя, звужаныя ўнізе, у якіх захоўвалі саланіну. Звычайна іх абгортвалі палатном, абрусам і падвешвалі да бэлькі ў каморы ці на гарышчы. Ёмістасці пад збожжа, крупы, муку рабілі з пучкоў саломы, укладваючы іх адзін на адзін па спіралі і пераплятаючы лазою. Збожжа ў іх добра вентылявалася.

У наш час у гаспадарчай практыцы кошыкі ўжо так шырока не ўжываюцца: бульбу, гародніну, садавіну гаспадары звычайна збіраюць у вёдры. Але нельга сказаць, што кашы выйшлі з ужытку. Зайшоўшы ў прыгарадны аўтобус або цягнік у летні ці восеньскі час, абавязкова сустрэнеш дачнікаў з кошыкамі, поўнымі сакавітых пладоў. Напярэдадні Вялікадня ў царкву спяшаюць групы святочна пры-браных жанчын з кашамі, у якіх, клапатліва прыкрытыя ручнікамі, самавіта ляжаць свежаспечаныя духмяныя булкі. З кашамі землякі нярэдка ходзяць на базар. У ажурных кошыках падносяць у падарунак кветкі… Словам, сфер ужытку плеценых вырабаў нямала.

Гэта пацвярджаюць і майстры раённага цэнтра народных рамёстваў. Таццяна Шунькіна нават і падлічыць не можа, колькі яна спляла гэтых самых кошыкаў: вялізных і маленечкіх, грубых і вытанчаных, розных па колеры і прызначэнні. Тварэнні яе рук пабывалі на “Славянскім базары” і фестывалі “Вытокі”, у Александрыі і Бабруйску… І нават за межамі краіны карыстаюцца асіповіцкімі кошыкамі.

Зараз майстрыха рыхтуе чарговую партыю вырабаў для вы-ставы на святкаванні юбілею нашага горада. Упэўнена: зручныя і экалагічна чыстыя ёмістасці знойдуць сваё прымяненне ў любой гаспадарцы.

 

 

 

Последние новости

Общество

Честь, долг, память: страницы истории воина-интернационалиста из Осиповичей

15 февраля 2026
Читать новость
Общество

Гороскоп на 15 февраля для всех знаков Зодиака

15 февраля 2026
Читать новость
Образование

Дзіцячы сад № 6 “Сонейка” вясной адзначыць 30-годдзе

14 февраля 2026
Читать новость
Общество

Елизовский сельсовет: малая родина большого масштаба

14 февраля 2026
Читать новость
Армия

Военнослужащий 465 ракетной бригады Виктор Артёмов принял активное участие в расчистке города во время циклона «Улли»

14 февраля 2026
Читать новость
Общество

Комбинат бытового обслуживания функционирует в Осиповичах с 1960 года

14 февраля 2026
Читать новость

Рекомендуем