Выкліканне дажджу

Выкліканне дажджу

У народнай культуры дождж сімвалізаваў урадлівасць, быў увасабленнем жыватворнай повязі Зямлі і Неба. У хрысціян- скай яго параўноўвалі з жыццёвай сілай душы, якая прымушае цела рухацца, змагацца, жыць. Таму адсутнасць дажджу ці, наадварот, працяглыя ападкі ўспрымаліся як пакаранне за людскія грахі. Да дажджу, які ідзе пры сонцы, заўсёды ставіліся добра, яго звалі спрыяльным, грыбным, былі перакананы, што дзеці, якія трапілі пад такі дождж, будуць лепш расці.

Існавала павер’е: калі ў час вяселля пойдзе дождж, сям’я будзе жыць з пастаянным прыбыткам. Дождж у пачатку любой справы (напрыклад, будаўніцтва хаты, капання калодзежа, доўгага шляху) сімвалізаваў поспех, добры вынік.

А вось у час пахавання кроплі дажджу, якія падаюць у магілу, прадказвалі новае ня-шчасце, новыя слёзы. У час моцнага дажджу ўвогуле непажадана было хаваць чалавека. Разам з тым, дождж падчас галашэння па нябожчыку ўспрымаўся як знак з нябёсаў: “Добры чалавек памёр, неба па ім слёзы лье”.

Шырока распаўсюджаным відам рытуальна-магічнага дзеяння з’яўляецца выраб абыдзённіка. “Як доўга няма дажджу, то абыдзённік ткалі за суткі. Пралі, ткалі, бялілі такое палатно. Вось напрадуць адну губку, ну метраў пяць, на ўсю хату, нада напрасці за дзень. Аснаваць гэту губку, вымачыць, патаўчы, пабяліць, потым навіць на кросны і выткаць. А тады ў цэркву аднесці. Ну, метры чатыры кусок палатна. Аднясуць у цэркву як палавік. Паложуць на пол перад Святой Багародзіцай, ходзяць па ім. І пойдзе дождж.

І мак кідалі. Дзе нада пасвяцоны мак-самасей у тры калодзежы кінуць, і я кідала. Нада ў тры калодзежы.

І рэчку аралі. Мужыкі бяруць плуг і, дзе неглыбока, аралі. Адзін цягне, а два ідуць па баках. Аралі, каб дождж пайшоў. Во рэчка цячэ, і яе нада пераараць. Упоперак аралі. Адзін дзяржыцца за плуг, а два цягнуць. Туды і назад”.

“Ага, дык робілі да вайны. Гэта я ўжо помню. Не было дажджу — суха-суха было, а тады прайшлі дзве бабы, сабраліся па дзярэўні, хто там лёну кужаль, скажам, даў. Сабраліся бабы, спралі, асновалі і выткалі ручнік. Усё за дзень. Назаўтра паняслі. Надзелі ў цэрквы. Ужо гэта каб на дождж. Ну, і памагала, тады ўжо бацюшка памоліцца. Гэта было да вайны. Я ўжо помню — у нас пралі, у нас і ткалі гэта”.

“Напрыклад, гаршкі кідалі ў калодзеж, прычым часцей лічылі неабходным, каб гэты гаршчок быў скрадзены — лепш усяго ў ганчароў або суседзяў. Перад тым, як красці, казалі: “Вот няма дажджу, то ўкрадзём дзе-небудзь у яўрэяў гаршкі ды ў калодзеж — бух”. Выкарыстоўвалі ў да- дзеным выпадку і асвечаныя ручнікі: “Святога таго ручніка, што Пасху свяцілі, на дварэ вешалі ад грому”.

(Запісана са слоў Марыі Клімаўны Бондар і Вольгі Іванаўны Барысавай, вёска Лука.)

“З маленства запомніла, што, калі доўга не было дажджу, жыхары вёскі збіраліся каля крыжа, што і зараз знаходзіцца на скрыжаванні дарог паміж вёскамі Халькі і Сялец. У рытуальных дзеяннях удзельнічалі толькі дзеці. Старая бабулька, не памятаю, як звалі яе, чытала малітву, а пасля мы самі ці дарослыя аблівалі нас вадой, што прынеслі з сабой у вядзерцах. Не праходзіла доўга часу, на небе з’яўляліся хмары, або і без хмар з чыстага неба на зямлю падалі буйныя кроплі дажджу. Дождж працягваўся хвілін пяць, мо дзесяць, быў моцны і спорны”.

(Запісана са слоў Галіны Аляксееўны Зык, вёска Дараганава).

Валянціна Аўдзейчык,

дырэктар Дараганаўскага школьнага комплекснага краязнаўчага музея.

Последние новости

Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском государственном колледже прошел необычный мастер-класс

18 апреля 2025
Читать новость