Фаміч дапаможа!

Сельскі доктар — не проста прафесія, але і стан душы. Калі гэта сапраўдны доктар. А Івана Коктыша менавіта такім і лічаць яго пацыенты. Многія на доўгія гады захоўваюць удзячнасць за выратаванае жыццё.
Ці ўсе знаёмыя са сваім участковым урачом? Мабыць, не. Многія скажуць, што яны часта мяняюцца, некаторыя адзначаць: толькі візуальна або што за маскай цяжка пазнаць і адрозніць аднаго медыка ад другога. А іншы адмахнецца: “Лепей бы іх наогул не ведаць!” І кожны мае сваю рацыю.
Калі спытаць жыхароў Вязаўніцы ці навакольных вёсак, людзі ўпэўнена адкажуць: “Гэта Іван Фаміч. Наш сямейны доктар”. Так яно і ёсць. Медык мае дыплом (прычым чырвоны) фельчара і лечыць насельніцтва не горш за ўрача. А са сваёй багатай практыкі можа расказаць шмат гісторый. Павучальных і цікавых, камічных і дзіўных — на любы густ. Напрыклад, як прыехаў да парадзіхі, калі дзіця ўжо пачало з’яўляцца на свет, а тая ўзабралася на печ, і яму давялося прымаць роды прама там.
Маладым спецыялістам прыбыў жыхар Брэсцкай вобласці па размеркаванні ў Вязаўніцу. Думаў, часова. Але прывык да людзей, палюбіў мясціны ды сям’ю стварыў. Адным словам, пусціў карані. І цяпер з гонарам кажа: “Я сваіх людзей не кіну. Яны ўжо нібы роднымі сталі”. І працуе, нягледзячы на тое, што ўжо заслужыў права на канапе паляжаць ці рыбу павудзіць. Але пачуццё доўгу кліча яго на службу.
Нямала разоў да яго ў дзверы стукаліся ноччу з просьбай аб экстраннай дапамозе. Ніколі не адмаўляў, бо ведаў, што проста так па медыка ўначы не пойдуць. Барацьбу вёў з самымі рознымі хваробамі і траўмамі. Выратоўваў тапельцаў і лячыў апёкі. У яго практыцы сустракаліся адзёр, дыфтэрыя, коклюш, скарлаціна, пра якія сёння многія нават не ведаюць. Калі пачынаў працу, сувязі з раёнам не было, адзіны ў вёсцы тэлефон знаходзіўся ў калгаснай канторы, таму нярэдка, аказаўшы першую медыцынскую дапамогу, шукаў транспарт і суправаджаў хворага ў раённую бальніцу. Узгадвае, што былы старшыня калгаса Уладзімір Роўбель разумеў з паўслова і заўсёды знаходзіў машыну, каня, здаралася, і трактар, каб даставіць пацыента ў медустанову.
Кажуць, што незаменных людзей няма. Гэта так, але калі-нікалі пачынаеш сумнявацца ў праўдзівасці гэтага выслоўя. Справа ў тым, што далёка не ўсім населеным пунктам пашанцавала мець свайго медыка, ды і тыя ў большасці цяпер прыезджыя: адпрацавалі рабочы дзень — і паехалі ў горад. Але хваробы не прытрымліваюцца ніякіх графікаў: занядужаць чалавек можа не толькі днём, але, як часта бывае, увечары і нават ноччу. Іван Фаміч гэта добра ведае, бо не раз у цемры “сядлаў” веласіпед і адпраўляўся ў Лабковіцу, Рафалін ці, скажам, Пасекі, каб дапамагчы пацыенту. Яго паважаюць, яму вераць, і гэта галоўнае для фельчара. Ён не толькі вымерае ціск, выпіша лекі, сам жа іх даставіць, зробіць укол ці перавяжа рану, але і выслухае, дасць парады, часта і па розных жыццёвых пытаннях. Бо ведае і гісторыю хваробы, і гісторыю жыцця кожнага пацыента, іх дзяцей і ўнукаў. А гэта нярэдка дапамагае ўстанавіць этыялогію хваробы. Напрыклад, сэрца можа забалець не толькі ад высокай фізічнай нагрузкі, але і ад перажывання за няўдалага ўнука або злоўжывання непрыдатнымі для гэтага напоямі.
А лячыць даводзіцца ўсіх, бо для людзей у белых халатах не мае значэння сацыяльны статус пацыентаў. Аднойчы нават сам пацярпеў ад рук злачынцы. Выратоўваў дзяўчынку, на якую той напаў, і атрымаў тапаром па карку. Але ён не наракае на лёс. І прафесію, якой прысвяціў 58 гадоў жыцця, менш любіць не стаў. Што такое паўнавартасны водпуск, гэты чалавек таксама не ведае. Усміхаецца: “Два разы ўсё ж пашанцавала пабыць у водпуску: калі ездзіў у санаторый”. У астатні час людзі звяртаюцца да свайго лекара без выхадных. І хоць насельніцтва на яго ўчастку за апошнія паўвека скарацілася ўтрая, але работы ў мясцовага медыка хапае. Барацьба з каві-дам, своечасовы агляд пацыентаў, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, штодзённы прыём і прафілактычныя гутаркі, збор дакументаў для накіравання нямоглых адзінокіх хворых у бальніцу сястрынскага догляду, ды і шмат іншых клопатаў, якія сталі для Івана Фаміча звыклымі і без якіх не ўяўляе свайго жыцця, цалкам прысвечанага медыцыне.