Дзякуй за падораныя жыцці!

Гэтыя жанчыны працуюць у розных сферах: Кацярына Назарэвіч — інспектар па кадрах УКП ЖКГ, Таццяна Губадава — санітарка райпаліклінікі. Абедзве жывуць у райцэнтры. Але ёсць яшчэ адзін аспект, што іх аб’ядноўвае: кожная нарадзіла і выхоўвае сына і чатырох дачок.
Кацярына Назарэвіч расказвае, што сярод яе дзяцей ёсць аматары розных заняткаў. У доме часта гучыць музыка ў выкананні старэйшай дачкі студэнткі Анастасіі, спевы шасцігадовай Верачкі, на стале пастаянна раскладзены малюнкі і канструктары, над якімі чаруе чатырохгадовая Ганначка, а летуценнік Ілля ахвотна забавіць малодшую сястрычку Алену, якой летам споўніцца два гады. Дарэчы, Ілля — адзіны хлопчык у сям’і і, як сапраўдны мужчына, разам з татам займаецца рознымі гаспадарча-рамонтнымі справамі. Аляксандр — індывідуальны прадпрымальнік, вядзе будаўніча-аддзелачныя работы, таму ўмее рабіць усё, што патрабуецца ў доме. А Кацярына цудоўна спраўляецца з дамашнім ачагом, чаму і дзяўчынкі вучацца ахвотна.
Жанчына лічыць, што дзяцей спецыяльна выхоўваць наогул не трэба. Яны проста жывуць у сям’і, растуць у ёй, сталеюць, падсвядома ўпітваючы ўсё, што бачаць і чуюць. А таму лепш за ўсякія павучанні і пакаранні ўздзейнічае прыклад бацькоў. Якімі вырастуць дзеці, залежыць ад таго ладу жыцця, які прыняты ў сям’і. Кацярына цэніць давер, якім яна карыстаецца ў дзяцей. “Дабрыня выратуе свет” — гэта аксіёма для мужа і жонкі Назарэвічаў не згубіла сэнсу. Нягледзячы ні на што, дзеці павінны гадавацца ў любові, павазе, дабрыні, гармоніі. І цудоўна, калі сям’я як мага больш часу праводзіць разам.
Таццяна Губадава шчаслівая, што вакол яе пастаянна аб нечым шчабечуць дванаццацігадовая Ангеліна, дзевяцігадовы Кірыл, сямігадовая Эльвіра, чатырохгадовая Саша. Свае першыя словы пачынае вымаўляць і маленькая Жэнечка. Прыкладам для нашай гераіні служыць маці, якая выгадавала чацвярых дзяцей. Таццяна ўжо пераўзышла яе. “Складана, калі адно дзіця, — усміхаецца матуля. — А калі іх многа, ужо няцяжка, затое цікава і разна-стайна”. Гэта сям’я любіць бавіць вольны час на прыродзе, а яшчэ ў аквапарку, дзе ўсе атрымоўваюць шмат станоўчых эмоцый. Таццяна адзначае, што хоча бачыць сваіх дзяцей здаровымі і шчаслівымі. Гэта самае галоўнае ў жыцці. А кім яны будуць працаваць, у якім населеным пункце жыць — ужо другаснае.
25 сакавіка для Кацярыны і Таццяны быў незвычайны дзень. Кожная атрымала ордэн Маці — самую галоўную ўзнагароду жанчын.
“Шкада, што такі ордэн не даюць мужчынам, — са скрухай адзначыла Кацярына Анатольеўна. — Бо гэта заслуга дваіх. Без узаемаразумення, падтрымкі сваёй моцнай паловы ні за што не абышлася б. Толькі калі сям’я мае прыярытэтнае значэнне для дваіх, магчымы моцны і даўгавечны саюз”.