Адгукаецца болем

Сонейка гэтыя дні свяціла сапраўды па-вясноваму, саграваючы прамёрзлую за зіму зямлю і радуючы людзей, якія засумавалі ўжо па цяплу.
Можа, менавіта так яно свяціла і 79 гадоў таму. Але гэтага не ўбачылі жыхары Хатыні. Бо ў той сакавіцкі дзень неба над іх роднай вёскай было зацягнута дымам, а самі яны зажыва спалены ў адной з пабудоў.
З цягам часу 22 сакавіка стала днём памяці ахвяр фашызму. У гэтую дату па ўсёй краіне праходзяць жалобныя мітынгі. Адбыўся такі нядаўна і ў Бозаку — вёсцы, якую фашысты знішчылі разам з некалькімі сотнямі жыхароў, сярод якіх было нямала дзяцей.
На мерапрыемстве прысутнічала кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачыя, моладзь, вучні школ.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Сувееў, ветэран працы Алена Зайцава, першы сакратар РА ГА “БРСМ” Максім Кавальчук, іерэй Уладзімір Яроміч і іншыя прамоўцы адзначалі, што нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі на акупіраваных тэрыторыях палітыку генацыду, палілі вёскі, забівалі і катавалі людзей. Кожная сям’я несла страты, дзеці пазбаўляліся бацькоў, а матулі — сыноў. Трагедыя тых крывавых гадоў не павінна паўтарыцца.
А потым да помніка ляглі вянкі і кветкі, паплылі па наваколлі словы песні “Жураўлі”. А на дрэвах бесклапотна шчабяталі шпакі, радуючыся цёпламу дню, вясне і мірнаму жыццю.
* * *
Пасля мітынгу землякі далучыліся да аўтапрабегу “За адзіную Беларусь!”. Удзельнікі мерапрыемства наведалі Курган Славы, адкуль у складзе арганізаванай калоны накіраваліся на мемарыяльны комплекс “Хатынь” — су-светны сімвал пакут і мужнасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У жалобе прайшлі асіпаўчане ўздоўж “Могілак вёсак”, якія знішчылі гітлераўцы ў час карных аперацый. На кожнай са 185 умоўных магіл значыцца назва населенага пункта, які раздзяліў лёс Хатыні, многія з вёсак пасля так і не змаглі ўзнавіцца. “Бортнае”, “Макаўе”, “Брыцалавічы”, “Вялікая Гарожа” — чыталі землякі ў хваляванні назвы вёсак Асіповіччыны. Кожная назва адгукаецца болем…
Наша дэлегацыя ўсклала кветкі да помніка. Колькі гваздзікоў ды руж было прынесена ў гэты дзень у Хатынь! Чырвонымі плямамі ззялі яны на фоне шэрага бетону, нібы кроплі крыві нашых суайчыннікаў, жыццё якіх абарвала вайна.
* * *
У гэты ж дзень па ўсім раёне адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя хатынскай трагедыі. У бібліятэках, клубах, дамах культуры, раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Ва ўстановах адукацыі прайшоў адзіны урок “Аб чым звоняць званы Хатыні?”.
У спецшколе-інтэрнаце ў гэтым уроку прыняў удзел пракурор раёна Дзяніс Іванькоў, які правёў тэматычную гутарку з навучэнцамі і адказаў на іх пытанні. Піянеры неслі вахту каля выставы “Курган памяці ахвярам Вялікай Айчыннай вайны”, якую яны папярэдне аформілі. Члены БРСМ раздалі ўсім прысутным тэматычныя буклеты. Пасля пра-гляду відэароліка “Мемарыяльны комплекс “Хатынь” адбылося яго абмеркаванне.
Будучае краіны і свету — у руках тых, хто жыве і робіць гісторыю сёння. Таму кожны крок павінен быць асэнсаваным і прадуманым. Гэтаму вучыць мінулае і пацвярджаюць мерапрыемствы, прайшоўшыя на гэтым тыдні.