I зноў пра АЧС

Адна з тэм, якая зараз не сыходзіць са старонак СМІ — афрыканская чума свіней (АЧС). На жаль, апошнім часам некалькі ачагоў гэтай хваробы зафіксавана ўжо і ў нашай краіне. Як засцерагчы сваіх гадаванцаў ад гэтай інфекцыі і пра многае іншае сёння расказвае намеснік начальніка ВСУ “Асіповіцкая райветстанцыя” Мікалай МАСЮКОЎ:
— У раёне распрацаваны і выконваецца комплексны план па папярэджванні заносу АЧС. Не будзем, канечне, дэталёва пералічваць мерапрыемствы, якія рэалізуюцца ў рамках яго выканання, але варта адзначыць, што ўсе свінагадоўчыя аб’екты зараз працуюць па прынцыпе прадпрыемстваў закрытага тыпу: наладжана кругласутачная ахова, дзейнічае прапускны рэжым і г.д.
— Па чым можна вы-значыць, што жывёліна захварэла на АЧС?
— У першую чаргу гэта павышэнне тэмпературы, могуць назірацца прыкметы таксікозу, пакашліванне, на скуры з’яўляюцца фіялетава-чырвоныя плямы, узнікае панос з прымессю крыві. Аб усіх фактах захворвання і падзяжу абавязкова трэба паведамляць у ветэрынарную службу раёна або сельвыканкам. Самім нельга пераносіць, закопваць здохлых свіней.
— Якія асноўныя правілы прафілактыкі АЧС? Што неабходна ведаць людзям, якія маюць у сваёй асабістай гаспадарцы свіней?
— Асаблівую ўвагу трэба надзяліць утрыманню і кармленню жывёлы. Корм набываць выключна ў гандлёвай сетцы Белкаапсаюза або ў фірменных магазінах арганізацый камбікормавай прамысловасці. Не трэба даваць свінням адыходы прадуктаў харчавання. Калі ўсё ж шкада іх выкідваць, то неабходна перакіпяціць. Рэкамендуецца не пускаць на падворак пабочных людзей і самім старацца не бываць на чужых гаспадарчых дварах. Мэтазгодна ўтрымліваць свіней толькі ў памяшканні, не выпускаць іх на вуліцу.
— Ці ўплывае АЧС якімсьці чынам на здароўе людзей?
— Сусветная навука не пацвярджае небяспекі віруса АЧС для чалавека, так што на гэты конт можна не хвалявацца. Аднак людзі, як і хатнія і дзікія жывёлы, могуць быць пераносчыкамі інфекцыі.
— А дзе насельніцтву лепш набываць мяса і мясапрадукты?
— Безумоўна, у магазінах, куды яно паступае з мясакамбінатаў. Можна і на рынку — там таксама нала-джаны кантроль. А вось у несанкцыянаваных месцах не варта гэтага рабіць ні ў якім выпадку. Тым больш, калі мяса прывезена аднекуль. У пэўнай ступені хвароба якраз праз яго і распаўсюджваецца. Асаблівую небяспеку ўяўляюць дзікі. Таму паляўнічым таксама трэба праяўляць свядомасць.
— Зразумела, што зараз — не лепшы час, каб займацца свінагадоўляй. А калі ўсё ж вельмі хочацца завесці свайго кабанчыка?
— Пераканаўча рэкамендуем не купляць парасят за межамі нашага раёна. Калі вы ўсё ж вырашылі завесці свінню, то аптымальны варыянт — набыць гадаванца ў сельгаспрадпрыемствах Асіповіччыны. Гэта могуць быць калгасы “Лапічы”, “Новы шлях” і філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”. Эпідэміялагічная сітуацыя ў нас станоўчая, і трэба ўсім разам старацца, каб такой яна заставалася і надалей.
Гутарыла Валянціна КОРБАЛЬ.
“АЧС без ажиотажа” — пад такой назвай выйшла ў газеце “СБ” № 131 ад 18.07.2013 інтэрв’ю з першым намеснікам дырэктара дэпартамента ветэрынарнага і харчовага надзору Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, галоўным дзяржаўным ветэрынарным інспектарам Юрыем Піваварчыкам. Раім пачытаць!