Макет сожженой деревни представил Липенский УПК

У пошуках гісторыі
Нягледзячы на тое што вёска Сёмкава Слабада (Сёмкіна Слабодка), гісторыю якой вывучалі вучні Ліпенскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, старэйшая за Асіповічы, інфармацыі пра яе захавалася мала. З кнігі “Памяць. Асіповіцкі раён” вядома, што ля населенага пункта знаходзілася старажытнае гарадзішча, потым вёска і навакольныя землі належалі сям’і Завішаў, а ў 1820 годзе разам з Лочынам перайшлі ва ўладанне барона Якуба фон Афенберга. Зараз Сёмкіна Слабада называецца Слабодкай.
Каардынатар праекта “Электронная кніга “Памяць. Асіповіцкі раён” Валянцін Шпак лічыць, што простая назва вёскі, якая шырока распаўсюджана і правільна павінна гучаць як Сёмкіна Слабада, унесла блытаніну ў кнігу “Памяць” і адыграла дрэнную ролю пры захаванні памяці яе жыхароў, загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Многія прозвішчы памылкова аднеслі да іншых Слабод і Слабодак. Так частка “Слабада (Слабодка)” маецца ў назве як мінімум яшчэ двух населеных пунктаў Асіповіцкага раёна: Траецкая Слабада ў Лапіцкім сельскім Савеце і Слабада-Слабодка ў Свіслацкім. Цяпер нават у розных афіцыйных дакументах (пасведчаннях аб нараджэнні, смерці) могуць сустрэцца і Семкава Слабада, і Сёмкава Слабодка, і проста Слабада (Слабодка).
— Спачатку мы павінны былі працаваць над макетам вёскі Чарот, — расказвае настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа” Вольга Падвойская. — Аднак падчас пошукавай экспедыцыі разам з мясцовым краязнаўцам, настаўнікам фізікі Валянцінай Шаровай паразмаўлялі са старажыламі — жыхарамі навакольных вёсак, якія засталі існаванне гэтага населенага пункта, і ўзніклі сумненні, што Чарот быў спалены. Тады Валянцін Шпак прапанаваў пазнаёміцца з гісторыяй Сёмкавай Слабады, дзе, па словах былой мясцовай жыхаркі Раісы Станіславаўны Барадзіной, былі знішчаны чатыры сям’і, якія актыўна супрацоўнічалі з партызанамі. Да працы над праектам прыступілі выхаванцы аб’яднанняў па інтарэсах “Музейная справа” і “Тэхнамір” раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Леаніда Астрэйкі. Макет, на якім мы пастараліся паказаць даваеннае жыццё вёскі, выкананы з пластыліну.
Не абышлося і без складанасцей. Колішняя Сёмкава Слабада знаходзіцца ў Лапіцкім сельсавеце, таму было няпроста праводзіць працу на месцы. Аднак адлегласць — гэта нішто ў параўнанні з імкненнем да новых ведаў.