55 гадоў у працы і павазе

Ён нарадзіўся ў Зялёнай Дуброве, дакладней — Лінёўцы, як тады называлася вёска. У сям’і было чацвёра дзяцей. Бацькі працавалі ў калгасе. У час ваеннага ліхалецця населены пункт разбамбілі, людзі хаваліся ў лесе. У школу пахадзіць давялося чатыры гады, потым — у калгас.
Яна родам з Задняй Грады. Маці адна расціла шасцёра дзяцей: бацька загінуў у вайну. У абедзвюх сем’ях працавалі і дарослыя, і дзеці. Агарод, хатняя гаспадарка, жыўнасць у двары патрабавалі догляду без выхадных і адпускоў.
Сустрэліся яны ў пяцьдзясят сёмым, калі ў вёсцы звінела радасным разнагалоссем і песнямі вяселле. Так сталася, што шаферам быў Мікалай, шаферкай — Зінаіда. Маладыя людзі пазнаёміліся і спадабаліся адно аднаму. Усю ўрачыстасць хлопец не адыходзіў ад прыгажуні, зачараваны магіяй абаяльнай усмешкі і какетлівым позіркам вачэй-магнітаў. А 25 кіламетраў, што падзялялі вёскі, гэта ж дробязь для поўнага сіл закаханага 23-гадовага юнака. Калі не паспеў на градзянскі цягнік, ускочыў на веласіпед — і толькі вецер свішча за плячыма!
5 ліпеня 1958 года згулялі ўласнае вяселле. Жылі спачатку ў яго бацькоў, а потым паставілі ўласную хату ў пасёлку Леніна. Бывала ўсякае. Аднойчы сядзібу ахапіў пажар. Згарэў сенавал, а хату, дзякуй Богу, удалося ўратаваць.
Сваё жыццё сям’я Тарасевічаў не ўяўляе без працы. Мікалай Дзям’янавіч 2 гады прарабіў у калгасе на трактары, 10 — у будаўнічай брыгадзе, 12 — на ферме, нейкі час пасвіў калгасны статак — ці мала работы на вёсцы? Зінаіда Лявонцьеўна таксама рабіла, як кажа, куды пашлюць: і на ферме, і ў брыгадзе шчыравала.
Дома заўсёды трымалі скаціну. “Цяглавую сілу” маюць і зараз: і агарод узараць, і дроў прывезці — не трэба шукаць іншага транспарту. Карову ўжо, праўда, гаспадыня не трымае: не тыя сілы, 82 хутка споўніцца. А былі ж і каровы, і свіней ды быкоў гадавалі, здавалі дзяржаве. Соткі ўжо не садзяць, агарод зменшылі. Аднак клопатаў па-ранейшаму хапае. Толькі ў спёку прыселі на лаўцы пагутарыць з суседзямі аб адвечных сялянскіх справах — там і напаткала іх камера фотакарэспандэнта.
Выраслі ўжо дачка і сын. Кожны праклаў сваю сцяжыну ў жыцці, але жывуць недалёка, у райцэнтры, таму прыязджаюць, прывозяць унукаў і праўнукаў. Так і нядаўна выпала нагода для наведвання: Зінаіда Лявонцьеўна з Мікалаем Дзям’янавічам адзначылі пяцьдзясят пятую гадавіну сумеснага жыцця. Як удалося захаваць сямейны ачаг на працягу такога часу?
“Больш працаваць трэба, каб не было часу на глупства, — лічыць гаспадар. — Калі рабіў на адкорме жывёл, 12 гадоў не выпускаў вілы з рук. Не было выхадных і адпускоў, але з работы вяртаўся з радасцю. Ведаў, што дома чакаюць цёплая вячэра і прыемная ўсмешка. А калі цяпер некаторыя маладыя нічым не занятыя, то і пачынаюць прыдзірацца адзін да аднаго, шукаць іншыя крыніцы забаў. Зразумела, што хочуць усе жыць прыгожа, але трэба помніць, што ўсё дасягаецца працай”.
Глыбокая сялянская філасофія…