Осиповичской “Люлечке” – 30 лет

Культура
“Люлечка” песню люляе
Што такое 30 гадоў для чалавека? Па сутнасці, самы росквіт сіл і магчымасцей. Для творчага калектыву тры дзесяцігоддзі — гэта велізарны адрэзак часу, які складаецца з унушальнага рэпертуару, шырокай гастрольнай геаграфіі і непазбежных пературбацый у калектыве.
У народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Люлечка” раённага Цэнтра культуры два дні нараджэння. Першы — гэта год стварэння. “Люлечка” з’явілася ў 1988 годзе дзякуючы намаганням маладога спецыяліста Людмілы Грынько, якая прыехала па размеркаванні ў Асіповічы. Дзяўчына валодала не толькі ўнікальным тэмбрам голасу, унушальнымі ведамі, але і вялікім жаданнем захоўваць і папулярызаваць народную песню. Таму не здзіўляе той факт, што пад кіраўніцтвам Людмілы Уладзіміраўны калектыў неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі за высокі прафесіяналізм, актыўна гастраляваў як у Беларусі, так і за яе межамі, а ў 1991 годзе атрымаў званне народнага і пачаў сваё існаванне ў новым статусе, якому сёлета і спаўняецца 30 гадоў.
Наступны этап у творчай біяграфіі “Люлечкі” звязаны з імем Вольгі Давідовіч, кіраўніка дзіцячага ўзорнага фальклорнага калектыву “Васілінкі” дзіцячай школы мастацтваў № 2. Яна ўзначаліла ансамбль у 1998 годзе. Вольга Іванаўна працягнула работу, распачатую папярэдніцай, але суадносна часу зрабіла “Люлечку” часткай медыяпрасторы. Музыкантаў неаднаразова запрашалі на здымкі перадач абласнога і рэспубліканскіх тэлеканалаў.
З 2005 года кіраўніком ансамбля стала Наталля Андрушкевіч, якая да гэтага была ў калектыве канцэртмайстрам. З матчыным малаком яна ўвабрала любоў да народнай песні, і многія з пачутых у дзяцінстве мелодый Наталля ўнесла ў рэпертуар “Люлечкі”. Сёння ў спісе твораў для выканання больш за 40 песень і танцаў. Туды ўключаюцца не толькі аўтэнтычныя кампазіцыі, але і іх аўтарская апрацоўка, зробленая Наталляй Андрушкевіч. Павялічылася і колькасць запісаных фанаграм, што дае магчымасць рабіць яркія, незабыўныя выступленні на адкрытых пляцоўках.
Дзякуючы неўтаймаванай энергіі і амбіцыёзнасці Наталлі “Люлечка” стала першым самадзейным калектывам у рэспубліцы, які зняў музычны кліп да народнай песні “Купалася Кася ў моры”. Хутка адбудзецца прэзентацыя другога кліпа “Ой, там за гарамі”.
— З цягам часу змяніўся падыход да падбору і выкананння музычных твораў. Мы сталі кіравацца прынцыпам “усё для людзей”, — адзначае Наталля Андрушкевіч. — Гэта значыць, складаем праграму такім чынам, каб удзельнікам ансамбля было цікава яе выконваць, а слухачы атрымлівалі асалоду ад якаснай работы артыстаў. Таму зараз перад “Люлечкай” стаіць дзве мэты: захаваць аўтэнтычнасць твораў і знайсці спосаб прыгожай іх падачы. Самы надзейны забіць адразу двух зайцаў мне бачыцца ў далучэнні моладзі. Трэба даць пачынаючым талентам праявіць сябе, знайсці ўласны шлях да разумення ўсёй мудрасці, важнасці і прыгажосці народнай песні. І гледзячы на юнакоў і дзяўчат, якія прыходзяць да нас, думаю, што з гэтым яны абавязкова справяцца!