Павучыныя сакрэты

Павучыныя сакрэты

payk
Павукі — істоты звыклыя, але, нягледзячы на пастаяннае суіснаванне, многа ў каго з людзей яны не выклікаюць прыязных пачуццяў. Гэта — класічны прыклад ксенафобіі. Знешні выгляд павукападобных настолькі не адпавядае ўяўленням аб прыгажосці і гармоніі, што аўтаматычна спрацоўвае аналогія: непрыгожы — незразумелы — небяспечны.
Сярод квітнеючага атраду павукоў, зразумела, сустракаюцца і тыя, чый укус утрымлівае смяротную для чалавека дозу атруты, але водзяцца такія далёка ад нас. Беларускія ж павукі людзей не чапаюць, наадварот, прыносяць ім шмат карысці, бо знішчаюць мух, камароў ды іншых крывасмокаў, насякомых-шкоднікаў. Буйныя павукі-кругапрады — тыя, што робяць характэрныя круглыя лоўчыя сеткі — за дзень могуць злавіць да 500 членістаногіх. Крыху меншы, але таксама ўражваючы ўлоў маюць павукі-цянётнікі, чые сеткі ляжаць на зямлі, павукі-скакуны і павукі-ваўкі, што на паляванні абыходзяцца без павуціны, і іншыя, яшчэ больш незвычайныя віды васьміногіх драпежнікаў.
Аднак менавіта характэрна сплеценыя павуцінавыя карункі з’яўляюцца і візітнай карткай павукоў, і іх галоўным дзівам.
Самыя знакамітыя з кругапрадаў — павукі-крыжавікі, якія атрымалі сваю назву за характэрны малюнак са светлых плямаў на брушку. У нашай краіне іх налічваецца 15-30 відаў. Такая недакладнаць — характэрны паказчык дрэннай вывучанасці айчынных павукападобных. Дагэтуль застаецца невядомай нават дакладная колькасць існуючых у Беларусі відаў, не гаворачы ўжо пра іншыя, прынцыпова важныя біялагічныя паказчыкі. Тым не менш, паводзіны павукоў-крыжавікоў вывучаны дэталёва: гэтыя істоты не адрозніваюцца разнастайнасцю закладзеных прыродай інстынктаў і паводзяць сябе па адзінай даволі простай біялагічнай “праграме”.
Прынамсі, лоўчыя сеткі прадуць самкі, самцы гэта робяць толькі ў зусім маладым узросце, а потым вядуць актыўны пошук ежы.
Тое, як пляцецца лоўчая сетка, выглядае нібы са-праўдны балетны спектакль. Спачатку павучыха выпускае доўгую, амаль не маючую вагі нітку, якая самым лёгкім ветрыкам уздымаецца ў неба і ляціць, пакуль не зачэпіцца за перашкоду. Гэты “канат” васьміногая ткачыха надзейна ўмацоўвае і ўжывае як “будпляцоўку” для ўзвядзення трохкутнай рамы — асновы для лоўчай сеткі. Потым праводзіць некалькі дыяганалей, з дапамогай якіх вызначае цэнтр, і ўжо ад яго фарміруе каля сарака радыусаў-“вяровак”. Апошні элемент зграбнай канструкцыі — непасрэдна лоўчая спіраль. Яна пракладваецца ад цэнтра і ўтварае суцэльную клейкую нітку даўжынёй каля 20 метраў, укладзеную ў 35 віткоў. Каб віткі мелі круглую форму і ляжалі на роўнай адлегласці, павучыха карыстаецца дакладным вымяральным прыборам — уласнымі нагамі. Перасоўваючыся па радыусах, яна ўвесь час адной з пярэдніх датыкаецца да папярэдняга вітка спіралі, адначасова дзвюма заднімі вядзе “мантаж” выдзяляемай са спецыяльных залоз павуціны. Здалёк здаецца, што павучыха нібы танцуе, бо рухі ў яе атрымліваюцца на дзіва зграбныя, хуткія і рытмічныя.
Калі падчас будаўніцтва штосьці ідзе не так, павучыха, як эканомная гаспадыня, з’ядае сетку — калі можна так сказаць, пускае каштоўны другасны рэсурс у перапрацоўку. А тое, што павуціна насамрэч незвычайны матэрыял, чалавек ведае здаўна. Ну і зайздросціць, трэба прызнацца. Ужо тое, што яна перавышае па трываласці сталь і пры гэтым мае ўнутры сябе шарніры, якія дазваляюць бясконца круціць яе ў адзін бок без узрастання супраціўлення і, адпаведна, без пагрозы абрыву, ставіць мноства пакаленняў навукоўцаў у тупік. Здавалася, хімічны склад павуціны даўно ўстаноўлены, але ёсць нейкі сакрэт, без ведання якога трываласць валокнаў зусім нізкая. Прычым ад вільгаці яны імгненна пераўтвараюцца ў паўвадкую субстанцыю.
У свой час людзі спрабавалі разводзіць павукоў, каб атрымліваць унікальныя прыродныя валокны ў прамысловых маштабах. Але гэта аказалася тэхнічна невырашальнай задачай, і аб вырабу ніці, якая пры дыяметры ў 1-2 міліметры можа вытрымліваць вагу ў чвэрць тоны, як і аб іншых павучыных “тэхналогіях”, нам застаецца толькі марыць.
НА ЗДЫМКУ: вось такую позу прымае павук-крыжавік, калі робіць лоўчую сетку. Чым не балерына на сцэне?
Дзмітрый САЎРЫЦКI.

Последние новости

Общество

Поздравление осиповчан с Днем Независимости Республики Беларусь

3 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 3 июля для всех знаков зодиака

3 июля 2025
Читать новость
Общество

ФК “Осиповичи” — ФК “Локомотив” — 1:1

2 июля 2025
Читать новость
Общество

В Осиповичах пройдет турнир по быстрым шахматам, посвященный Дню Независимости Республики Беларусь

2 июля 2025
Читать новость
Общество

График приема граждан и юридических лиц начальниками управлений и отделов Осиповичского райисполкома по субботам в июле

2 июля 2025
Читать новость
Культура

Что посмотреть в Осиповичах на неделе? Афиша кинотеатра “Родина”

2 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем