Династия осиповичских медработников
Іх ведаюць не толькі ў твар
Адной з вядомых дынастый асіповіцкіх медыкаў з’яўляецца сям’я Краўцовых. Гэта прозвішча ў многіх на слыху, хтосьці ўдзячны за своечасова аказаную кваліфікаваную дапамогу, камусьці гэтыя людзі дапамаглі сарыентавацца з выбарам будучай прафесіі, а для іншых сталі ўзорам адносін да навакольных.
Першым урачом у родзе стала Ганна Пятроўна Шульга. Нарадзілася ў 1909 годзе, скончыла медыцынскае вучылішча і пачала працоўны шлях у сельскай бальніцы. Калі разам з мужам прыехала ў Беларусію, пачала працаваць на станцыі Нясята Клічаўскага раёна раз’язным фельчарам на чыгуначным участку Брыцалавічы-Друць. Ездзіла па населеных пунктах, аказвала дапамогу людзям з рознымі захворваннямі, траўмамі. Удзельніца ваенных дзеянняў, не раз выратоўвала партызан, залечвала атрыманыя імі раны.
Яе дачка Аляўціна Пятроўна Краўцова пайшла па матуліным шляху. Пасля заканчэння Мінскага медвучылішча № 3 у 1965 годзе была накіравана ў Асіповіцкую паліклініку зубным урачом. Працаваць даводзілася не толькі ў стацыянарных умовах: лячыла маленькіх пацыентаў у дзіцячых садах і спецшколе-інтэрнаце, прызыўнікоў у ваенкамаце і рабочых на кардонна-руберойдавым заводзе. Заўсёды ставілася адказна да даручанай справы, са спачуваннем адносілася да пацыентаў, актыўна вяла прафілактычную работу. Прафесіяналізм Аляўціны Пятроўны быў ацэнены: яна атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Яе муж Сяргей Фёдаравіч Краўцоў пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медінстытута быў накіраваны ў Ясенскую ўчастковую бальніцу. Праз нейкі час маладога спецыяліста перавялі ўрачом-траўматолагам Асіповіцкай райбальніцы, а ў 1974 г. ён быў прызначаны загадчыкам хірургічнага аддзялення. Доктар Краўцоў ніколі не задавальняўся тым, што ёсць, імкнуўся ўдасканальваць работу апаратуры, абнаўляць старыя тэхналогіі. Зрабіў некалькі рацпрапаноў: прыстасаванне для дыстанцыйнага ўпраўлення электрааспіратарам; дыстанцыйная сувязь паміж аперацыйнай і пастом дзяжурнай медсястры; шкілетнае выцягванне за локцевы адростак з дапамогай спіцы Кіршнера замест скобы Цыто; сістэма адвядзення наркатычных сумесяў ад наркознага апарата і хворага. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, знакам М.І. Пірагова “За заслугі ў гуманнай дзейнасці саюза таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР”, знакам “Выдатнік аховы здароўя”.
Атмасфера ў доме Краўцовых была працята бальнічнымі клопатамі за лёс медустановы і здароўе пацыентаў. У ёй вырасла дачка і заканамерна выбрала сабе прафесію ўрача. Маргарыта Сяргееўна Бондар скончыла медінстытут у 1981 го-дзе. Год працавала ўрачом-інтэрнам у Мінскай абласной клінічнай бальніцы, а потым тры гады ўчастковым урачом Талькаўскай бальніцы. З 1985 года — урач-тэрапеўт Асіповіцкай ЦРБ. Доўгі час загадвала тэрапеўтычным аддзяленнем райпаліклінікі.
Мужа выбрала таксама са свайго асяроддзя. Пётр Вітальевіч Бондар — выпускнік Беларускага дзяржаўнага медінстытута. Як і жонка, крыху працаваў у Талькаўскай участковай бальніцы, а з 1985 года пераехаў у наш райцэнтр. Спачатку працаваў хірургам райбальніцы, затым намеснікам галоўнага ўрача па абслугоўванні насельніцтва, галоўным урачом чыгуначнай бальніцы, а потым — галоўным урачом ЦРБ. За час яго работы было шмат зроблена для прывядзення ў належны парадак аб’ектаў аховы здароўя Асіповіччыны.
Іх сыны Вадзім і Сяргей Бондары працягнулі дынастыю, таксама сталі медыкамі.
І сястра Маргарыты Ірына Сяргееўна Шастакова — доктар. Працавала ў вузлавой бальніцы тэрапеўтам, затым урачом функцыянальнай дыягностыкі. Дарэчы, фельчарам медустаноў раёна была і яе свякроў Ларыса Мацвееўна Шастакова.
Некаторыя героі гэтага матэрыялу ўжо пайшлі з жыцця, іншыя знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а маладое пакаленне працягвае справу папярэднікаў. Фамільную справу.
Зінаіда Пацкевіч, старшыня савета ветэранаў ЦРБ.