Коратка аб розным

ГАРАДСКАЯ БIБЛIЯТЭКА № 1 выдала зборнік вершаў вучаніцы 8 класа СШ № 3 Кацярыны Якаўлевай “Адлюстраванне”. Дзяўчынка прысвячае творы сваім бацькам, роднаму гораду, школе, аднагодкам. На днях у бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі.
СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВЫ актыўна вядуць уборку рапсу. Ужо ўбралі 61% пры сярэдняй ураджайнасці 21,1 цэнтнера з гектара. Прыступілі да ўборкі зерневых і зернебабовых: з 41 га атрымана 109 тон. Убралі 57% плошчаў семяннікоў шматгадовых траў, сярэдняя ўраджайнасць — 4,2 ц/га. Сена нарыхтавалі 77% да задання, сенажу — 96%, сіласу — 1%. Лушчэнне пожні пасля ўборкі рапсу склала 21%. У лік дзяржзаказу ўжо пастаўлена 63% масласямян рапсу.
ШКОЛЬНЫ БАЗАР у горадзе пачне сваю работу з 1 жніўня. Па традыцыі некаторыя віды тавараў выставяць каля магазіна “Дзіцячыя тавары”. Больш шырокі асартымент будзе прадстаўлены на гарадскім рынку па выхадных днях увесь месяц. Там, як запэўніваюць у ААТ “Гандаль”, вучням можна будзе цалкам апрануцца, абуцца і пакласці ў ранец усе неабходныя канцылярскія тавары.
КАНСЕРВАВЫ ЗАВОД актыўна вядзе нарыхтоўку агуркоў. Ужо закрылі 20 тысяч трохлітровых слоікаў. На днях прадпрыемства прыступае да кансервавання працёртых чорных парэчак.
ДЗIЦЯЧЫ ЛАГЕР ПРАЦЫ I АДПАЧЫНКУ “КРЫНIЦА” з дзённым знаходжаннем (в. Вяззе) распачне сваю дзейнасць у жніўні. Плануецца, што каля трыццаці школьнікаў будуць шчыраваць на базе лесагадавальніка Каранскага лясніцтва.
КАБ НЕ САПСАВАЦЬ АДПУСКНЫ НАСТРОЙ, варта загадзя паклапаціцца пра білеты на цягнік, асабліва, калі адпраўляецеся адпачываць на мора ці ў іншыя гарады альбо краіны. Забраніраваць месцы альбо адразу купіць праязны дакумент зараз можна на сайце www.poezd.rw.by, выкарыстаўшы для гэтага банкаўскія карткі.
51-Ю СМАГР наведала інспекцыйная група Iтальянскай Рэспублікі пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Піамбарола. Візіт адбыўся згодна з палажэннямі дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе і перспектывах ўмацавання еўрапейскай бяспекі. Мэта інспекцыі — праверка суадносін наяўнасці абмежаванага ДАЗУСЕ ўзбраення і воінскай тэхнікі іх заяўленай колькасці.
ПА IНФАРМАЦЫI ЦЭНТРАЛIЗАВАНАЙ КЛУБНАЙ СIСТЭМЫ, за студзень-чэрвень у раёне праведзена 539 канцэртаў і спектакляў, 154 выстаўкі народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і 134 тэатралізаваныя прадстаўленні абрадаў і свят.