Хроника происшествий. Осиповичи

Хроніка здарэнняў
Супрацоўнікамі АДАІ РАУС на мінулым тыдні папярэджана 174 правапарушэнні, да адказнасці прыцягнуты па два вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення і тых, якія не прадаставілі перавагу ў руху пешаходу; 6 бяспраўнікаў; 10 парушальнікаў правіл перавозкі дзяцей у аўтатранспарце, адзін — абгону; 27 веласіпедыстаў і пешаходаў, адзін з якіх нецвярозы.
Зарэгістравана 4 ДТЗ. 5 лістапада ў 7.40 на вуліцы Юбілейнай на нерэгуляваным пешаходным пераходзе каля рэстарана “Пралеска” вадзіцель “Аўдзі” наехаў на асіпаўчанку, якая пазней была шпіталізавана.
Аддзелам Дэпартамента аховы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты дзве асобы, якія здзейснілі дробныя крадзяжы, чатыры — знаходзіліся ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах.
У РАНС паведамілі, што 4 чысла пры пажары прыватнага жылога дома на вул. Дружнай у в. Караны загінуў мужчына 1977 года нараджэння. Прычына здарэння высвятляецца.
Не дапускайце выкарыстання няспраўных электрапрыбораў, перагрузкі электрасеткі. Старая электраправодка і скруткі — частая прычына пажару!
7 чысла шпіталізаваны непрацуючы мужчына 1981 г.н.: ён упаў у каналізацыйны калодзеж глыбінёй 4 м на тэрыторыі свайго домаўладання па ўездзе Паўночным у райцэнтры. З калодзежа пацярпелы змог выбрацца толькі з дапамогай супрацоўнікаў ПАВЧ-1 райаддзела.
ІАЖіРС складзены адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка інспекцыі: на вадаёме паблізу в. Ніччо быў заўважаны грамадзянін, які знаходзіўся ў лодцы і даставаў з сетак — незаконных прылад лоўлі — рыбу. Не рэагуючы на сігналы інспектараў, гора-рыбак накіраваўся на супрацьлеглы бераг, дзе і быў затрыманы. Як высветлілася, браканьер здабыў 69 асобін рыбы вагой звыш за 44 кг. Па факце праводзіцца праверка.