Хто выхоўвае зайчыкаў?

Быць і ласкавай мамай, і добрым сябрам, і мудрым настаўнікам для малых — справа няпростая.Трэба ўмець выслухоўваць просьбы і на ўсё аператыўна рэагаваць.
У Васіля Сухамлінскага ёсць выдатныя словы: “Каб стаць сапраўдным выхавальнікам дзяцей, трэба аддаць ім сваё сэрца”. Так адбылося з Віялетай Аляшкевіч, выхавальнікам Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Дзяўчына працуе ўсяго другі год, але ўжо здолела дасягнуць узаемаразумення з калектывам і заслужыла дзіцячую любоў.
Вывучаючы псіхалогію ва ўніверсітэце, Віялета стала лепш разумець сябе і тое, чаму так цягне да дзяцей. У сям’і была адна і заўсёды хацела малодшую сястрычку, але мара так і не споўнілася. Жаданне працаваць з малымі сфарміравалася дзякуючы настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Наталлі Лабзо, якая стала для Віялеты ідэалам педагога і маральным арыенцірам.
Выбраўшы прафесію выхавальніка, дзяўчына не супакоілася. Яе несуцішная натура патрабавала новых здзяйсненняў. З першага курса вучобы ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка запісалася ў валанцёрскі клуб “Добрае сэрца”. Працавала ў анкалагічным цэнтры. Iшла туды, думаючы, што будзе рабіць караблікі і аплікацыі з маленькімі пацыентамі і зусім не чакала, што на іх месцы апынуцца падлеткі 16-18 гадоў. Але хутка пера- ключылася і наладзіла кантакт. Віялета добраахвотна запісалася ў валанцёрскую каманду II Еўрапейскіх гульняў. Там паказала сябе з найлепшага боку, ды так, што ва ўзросце 18 гадоў ёй прапанавалі пастаяннае месца працы. У 2019 годзе стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года”.
Пасля вучобы вярнулася ў Асіповічы. Для таго каб трапіць у родны горад, узяла мэтавае накіраванне. Цяпер яе калегі — гэта тыя людзі, да якіх яна сама хадзіла ў дзіцячы садок. Алена Санковіч і Марыя Антоненка з радасцю прынялі былую выхаванку. Вось яна, пераемнасць пакаленняў.
Добрая, артыстычная і таленавітая Віялета ўмее захапіць дзяцей і дарослых, клапоціцца аб фізічным і духоўным здароўі малых. На занятках, прагулках, падчас экскурсій знаёміць дзяцей з памятнымі месцамі горада, выхоўвае патрыятычныя пачуцці да малой радзімы.
Зараз у Віялеты старэйшая група “Зайчык” — 19 дапытлівых, рухомых і вясёлых хлопчыкаў і дзяўчынак. Навучанне матэматыцы, развіццю мовы, маляванню — далёка не ўсё, чаму трэба навучыць будучых першакласнікаў. Многія дзівяцца: “Як можна арганізаваць такую колькасць дзяцей, калі дома з адным-двума не справіцца?” У граматнага педагога праблем з дысцыплінай не ўзнікае, дзеці ўсё разумеюць з паўслова.
Як і ў любога работніка педагагічнай сферы, у дзяўчыны таксама здараліся цяжкасці, але яна іх пераадольвала. Да прыкладу, да малога непаседы, які яшчэ ў мінулым годзе кідаўся ў яе красоўкам, падабрала патрэбны ключык. Цяпер ён змяніў свае паводзіны, ахвотна абдымаецца і звяртаецца да сваёй выхавальніцы няйначай як “мая дарагая”.
Дзяўчына цалкам аддаецца рабоце з дзецьмі. Шукае ўласныя метады, прыдумляе цікавыя формы правядзення заняткаў. Акрамя гэтага, актыўна ўдзельнічае ў абмене педагагічным вопытам. У мінулым годзе заняла III месца ў конкурсе “Маё прызванне — педагог”. Распрацавала прэзентацыю аб нашым земляку-падпольшчыку Фёдары Крыловічу, якая спадабалася дзецям і была высока ацэнена журы конкурсу “Зямлёй сваёй я вельмі ганаруся”. У інавацыйным праекце “Мая зямля — Прыдняпроўе” Віялета таксама прыняла ўдзел.
У вольны час дзяўчына любіць чытаць. А яшчэ дома ў яе чатыры сабакі, чатыры каты, два папугаі, дзве чарапашкі і сем акварыумаў. Парсюк, козачка, куры, гусі, качкі, якіх трымаюць на падворку, не ў лік.
Віялета прызнаецца, што не бачыць сябе ў іншай прафесіі. У свеце не існуе чужых дзяцей. І да ўсіх сваіх “зайчыкаў” яна ставіцца як да родных.