Основные этапы жизни Анны Валентиновны Тур

Асоба
З павагай да памяці
У знак пашаны да нядаўна пакінуўшай нас Ганны Валянцінаўны Тур узгадаем асноўныя этапы жыцця і галоўныя здзяйсненні гэтай неардынарнай жанчыны, таленавітага педагога і выдатнага дзеяча.
З пакалення, якое ўмела марыць
Нарадзілася Ганна Яцэвіч (Тур — прозвішча па мужу) у 1952 годзе ў самай звычайнай асіповіцкай сям’і: бацька — рабочы, маці — прадавец. Вось толькі час быў незвычайны: людзі, якія вытрымалі вайну і зусім няпростыя першыя гады пасля яе, раптам адчулі, што чакае іх будучыня, у якой здзяйсняюцца самыя смелыя мары.
У такой узрушанай атмасферы існуючыя цяжкасці — а іх у правінцыяльных Асіповічах было не меней, чым у іншых мясцінах вялікай краіны, — успрымаліся выключна як часовыя перашкоды, якія можна і трэба пераадолець.
І яны сапраўды пераадольваліся. Ганна Валянцінаўна любіла ўспамінаць, як напярэдадні Новага года — недзе ў сярэдзіне 60-х — яна з аднакласнікамі ішла са школы па вуліцы Сумчанкі. Хутка цямнела, і раптам з неба ўдарылі моцныя струмені святла. Гэта ўпершыню ўключыліся электрадугавыя ліхтары вулічнага асвятлення, змяніўшыя звыкла падслепаватыя лямпачкі накальвання.
Такіх момантаў, калі не было нічога і раптам вось яно! — тады было многа. Як у вялікім (той жа Гагарын у космасе), так і ў малым, напрыклад, набыццё першага тэлевізара. Сям’я Яцэвічаў здолела зрабіць такую пакупку праз тры гады пасля першага палёту чалавека ў космас, у 1964 годзе. Тэлевізар той зваўся “Нёман” — папулярны і вельмі ўдалы для свайго часу выраб Мінскага радыёзавода.
Вера ў свае сілы развівалася з маленства, ды і давяралі тады дзецям дарослыя куды болей, чым зараз. Школа дык увогуле арыентавалася на падрыхтоўку да самастойнага жыцця. Канечне, на першым месцы было атрыманне ведаў, аднак педагогі ўсяляк заахвочвалі развіццё самых розных здольнасцей. І галоўнае — самі былі для вучняў пры-кладам эрудыцыі, талентаў, паводзін, грамадскай актыўнасці.
Рашэнне стаць настаўнікам у Ганны ўзнікла само сабой. З першай спробы паступіла ў Мінскі інстытут замежных моў. ВНУ прэстыжная, адпаведна, конкурс вялізны. Вучыцца было цяжка, бо студэнты падабраліся здольныя, а патрабаванні да ведаў высокія.
Але гэта якраз тыя перашкоды, якія можна пераадолець. Пакаленне, да якога належала Ганна Яцэвіч, да гэтага было гатова.
Мэр. Праверка на трываласць
Свой працоўны шлях маладая настаўніца пачынала ў Свіслацкай СШ. Менавіта тут яна праявіла сябе як “дарослы” грамадскі дзеяч: узначаліла прафсаюзную арганізацыю школы і падала заяву ў кампартыю. Потым працавала ў СШ № 4 настаўнікам, арганізатарам пазакласнай работы, была сакратаром школьнай партарганізацыі.
Пры ўсёй неадназначнасці аднапартыйнай сістэмы КПСС мела выдатна наладжаную сістэму работы з кадрамі. Патэнцыяльныя лідары імгненна браліся на ўлік, ім ствараліся ўмовы для развіцця арганізатарскіх здольнасцей, і, калі тыя праяўляліся належным чынам, чалавеку давалася зялёнае святло. Ганна Тур сябе зарэкамендавала адпаведным чынам і ў 1982-м, калі ўтварыўся гарадскі аддзел народнай адукацыі, атрымала прапанову яго ўзначаліць.
Праз год яна ўвайшла ў апарат райкама КПБ. Напачатку 80-х у рэгіянальных партыйных структурах адбывалася змена пакаленняў і трэндам часу было павышэнне ролі жанчын на адказных пасадах. Маладая і перспектыўная загадчык гарана стала ідэальным кандыдатам на пасаду сакратара райкама, які курыраваў грамадска-палітычныя пытанні.
Работа падабалася, мяняць яе Ганна Валянцінаўна не збіралася. Так што пераход на пасаду старшыні выканкама Асіповіцкага гарсавета дэпутатаў стаў для яе поўнай нечаканасцю. Але партыйная дысцыпліна была жорсткай: трэба, значыць трэба.
Каб на роўных размаўляць з кіраўнікамі прамысловых, будаўнічых, транспартных прадпрыемстваў, ведаў не хапала, таму амаль два гады давялося вучыцца. Было цяжка, але гэтыя намаганні вельмі дапамаглі пазней, калі ў краіне пачыналася новая эпоха.
Яна ўзначальвала гарадскую выканаўчую ўладу з 1987 па 1999 гады. Пад кіраўніцтвам і па ініцыятыве Тур за гэты няпросты час было зроблена многа, асабліва ў будаўніцтве. А самымі знакавымі помнікамі той эпохі можна лічыць паліклініку і аўтамабільны пуцеправод, дзякуючы якому паўночная і паўднёвая часткі транспартнай інфраструктуры нарэшце аб’ядналіся. Не так кідаецца ў вочы ўзвядзенне жылля, але яно вялося ў максімальна магчымым тэмпе.
Напрыканцы 80-х узніклі невядомыя раней клопаты. Неаднаразова разам з кіраўніцтвам гаркама КПБ і гарвыканкама, кіраўнікамі прадпрыемстваў даводзілася супакойваць работнікаў заводаў, раз’юшаных нявыплатай заробкаў, адсутнасцю самых неабходных тавараў.
З клопатам пра будучыню
Пры аб’яднанні горада і раёна фарміраваліся новыя органы мясцовага кіравання, і Ганна Тур стала намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Сярод спраў, якія патрабавалі асаблівай увагі, была прафесійная падрыхтоўка школьнікаў. Раней гэтым займаліся вучэбна-вытворчыя камбінаты, і са зменай адміністрацыйнага падпарадкавання іх трэба было неяк аб’яднаць, па магчымасці ўмацаваўшы матэрыяльную базу. Аднак пры распрацоўцы гэтага плана паступова выкрышталізавалася куды больш амбіцыёзная мэта: стварыць паўнацэнную ўстанову па падрыхтоўцы рабочых розных спецыяльнасцей. Асіповіцкая ініцыятыва была поўнай нечаканасцю для вышэйстаячага кіраўніцтва. Колькасць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі не мянялася ўжо гадоў дваццаць, і неабходнасць стварэння ліцэя давялося даказваць многім.
Прабіць сцяну неразумення было няпроста, але сапраўдныя складанасці пачаліся, калі дабро было дадзена. Асіповіцкі ліцэй атрымаў права на жыццё ў другой палове фінансавага года, і бюджэтных грошай на яго патрэбы выдзеліць было немагчыма. У той жа час жадаючых тут вучыцца набралася ўдвая болей, чым намячалі ў самых аптымістычных планах. Нованароджаную ўстанову адукацыі чакаў вельмі складаны старт, і Ганна Валянцінаўна вырашыла ўзяць на сябе ўсю адказнасць.
Менавіта аўтарытэт новага дырэктара ўстановы быў рашаючым фактарам выжывання. У каманду да Тур прыйшлі выдатныя педагогі і арганізатары, якія ўзялі на сябе ўсю “цякучку”, што дазволіла дырэктару засяродзіцца на стварэнні належнай матэрыяльнай базы. Дзейнічаць трэба хутка: ліцэй павінен быў прайсці акрэдытацыю ў дэпартаменце кантролю якасці адукацыі, і ўсе ведалі, што праверка чакаецца вельмі сур’ёзная.
Дапамагалі Ганне Валянцінаўне аднадумцы: кіраўнікі прамысловых і чыгуначных прадпрыемстваў, вайскоўцы і нават дабрачынныя арганізацыі з Еўропы. Менавіта на грошы апошніх быў створаны цэх для навучання швачак.
Некалькі гадоў дырэктару ўстановы давялося працаваць без выхадных, аднак ліцэй першую акрэдытацыю прайшоў паспяхова. А потым пацвердзіў свой патэнцыял і як каледж.
Знакам народнай павагі да Ганны Валянцінаўны стала прысваенне звання ганаровага грамадзяніна Асіповіцкага раёна. Было гэта ў 2017 годзе, а здаецца, зусім нядаўна…