Осиповичские дачники рассказывают о своих “местах для души”

Осиповичские дачники рассказывают о своих “местах для души”

Адпачынак

Месца для душы

Кацярына ІВАНОВА.

k.ivanova@gzt-akray.by

Дача ёсць не ў кожнага чалавека. Ды і не ўсе маюць у ёй патрэбу. Існуе катэгорыя “дзяцей асфальту”, якія выраслі ў горадзе, жывуць у ім і грэбліва крывяцца, калі чуюць гаворку пра вясковы быт. Даводзілася сустракаць і такіх, хто сёння жыве тут, заўтра там, не мае пастаяннага прытулку і жадання асталявацца ў пэўным месцы. І ўсё ж большая колькасць гараджан, дзе б яны ні жылі і чым бы ні займаліся, час ад часу імкнецца “на перазагрузку” ў ціхі аддалены ад гарадскога тлуму куточак, дзе можна пабыць самім сабой, паназіраць за ўзыходам сонца і чмялём, што чаруе над суквеццем, сабраць жменю ягад і ўдыхнуць свежага паветра пасля навальніцы.

Садова-агароднае таварыства “Меліяратар” знаходзіцца побач з райцэнтрам. Быццам бы толькі з’ехаў з аўтадарогі — і вось табе акуратнае пасяленне з прыгожымі краявідамі. 380 участкаў у асноўным масіве і яшчэ 80 воддаль, на мяжы з САТ “Садавіна”.

Пачынаецца дачны масіў, як і належыць, з аўтобуснага прыпынку. Тут — мэтанакіравана або праездам — бываюць усе, таму размешчаныя на сцяне стэнды насычаныя ўсялякай актуальнай інфармацыяй.

Побач працякае рачулка Трубінка. Старшыня таварыства Зінаіда Алешка, якая згадзілася быць нашым гідам у падарожжы па гэтым “райскім кутку”, са скрухай расказвае, што раней месца вакол вадаёма лічылася зонай адпачынку, а зараз мае непрывабны выгляд: рака скрозь зарасла травой, пакрылася зелянінай, тут не тое што купацца, — падысці непрыемна. А яшчэ ўверх па цячэнні бабры запрудзілі яе, што перашкаджае нармальнаму вадацёку. ПМК № 95 раней добраўпарадкоўвала гэты лапік зямлі, а зараз пра яго ўсе забыліся. Да слова, кіраўнік дачнага кааператыва на пасадзе нядаўна, а таму занатоўвае ўсё, што трэба зрабіць. Забеспячэнне дачнікаў годным месцам грамадскага адпачынку — першае ў гэтым спісе, бо пад ляжачы камень, як і пад плаціну вадзяных грызуноў, вада, вядома, не цячэ.

Дарэчы, шмат чаго тут і робіцца. Напрыклад, нядаўна прайшла замена апор лініі электраперадач. А вось з аплатай за электрычнасць старшыні і бухгалтару яшчэ належыць пазмагацца. Справа ў тым, што не ўсе своечасова аплачваюць паслугу, а прасачыць, хто “халтурыць”, складана, бо для гэтага неабходна штомесяц абходзіць усе домаўладанні. А слушную прапанову — вынесці лічыльнікі на вуліцу — многія жыхары пакуль ігнаруюць. Так што ёсць над чым працаваць.

А яшчэ ўздоўж ракі на арандаваных у лясгаса землях калісьці былі агароды. Зараз большасць адмовілася ад лішняга ўчастка, і тэрыторыі знаходзяцца ў запушчаным стане. Тут таксама трэба разабрацца. Як і з рамонтам дарог, па якіх ездзяць не толькі дачнікі. ДЭУ-73, дарэчы, нядаўна дапамагло тэхнікай. Зінаіда Сяргееўна спадзяецца і на далейшае ўзаемаразуменне.

Калісьці гаспадары дач былі вельмі прагнымі да зямлі і празмерна ўвішнымі. Пераканаліся ў тым, наведаўшы дальні канец дачнага масіву, дзе раней таксама былі агароды, і немалыя. З цягам часу большасць пакідала свае зямельныя ўладанні, і толькі кавалкаў 10 па-ранейшаму засяваюцца. Самыя ўпартыя і мэтанакіраваныя вырошчваюць там не толькі бульбу, але і капусту, сланечнікі, кукурузу, цыбулю і нават парэчкі.

А навокал — прыроднае хараство. Луг, расквечаны цыкорыем, званочкамі, святаяннікам, піжмай і… залатарнікам. Апошняя культура — прыгожая з выгляду, але небяспечная з-за сваіх агрэсіўных асаблівасцей. З ёй у “Меліяратары” актыўна змагаюцца. Зінаідзе Сяргееўне добра знаёмыя месцы, захопленыя гэтым “акупантам”. З тыдзень таму была праведзена аперацыя па барацьбе з зараслямі, у якой прыняло ўдзел сем чалавек.

Гуляючы па дачным масіве, звярнулі ўвагу на тое, што на фоне акуратных домікаў і дагледжаных сядзіб ёсць і закінутыя ўчасткі, зарослыя травой. Старшыня з жалем канстатуе: акрамя 12 участкаў, якія выстаўлены на продаж, маецца яшчэ большая колькасць такіх, дзе гаспадары не з’яўляліся ўжо па 8-10 гадоў. Пабудовы прыйшлі ў заняпад, суседзям даводзіцца або самастойна змагацца з хмызняком і пустазеллем, або назіраць непрыглядную карціну, як, напрыклад, на ўчастках № 261 ці 107. Зінаіда Сяргееўна рыхтуе адпаведныя матэрыялы ў землеўпарадкавальную службу і спадзяецца рашыць і гэта пытанне.

А вось з вывазам цвёрдых камунальных адыходаў справа арганізавана добра, запэўнівае старшыня. Раз у месяц машына УКП ЖКГ забірае смецце ад прыватных забудоў. Агульных кантэйнерных пляцовак тут няма, але і з несанкцыянаванымі звалкамі разабраліся, ліквідаваўшы тыя, якія былі. Металалом збіраюць прыватныя прадпрымальнікі, а вось паасобны збор пластыку і паперы пакуль не арганізаваны.

Аўталаўка наведваецца згодна з графікам, на яе нараканняў чуць не давялося. Дачнікі-аўтаўладальнікі забяспечваюць сябе прадуктамі, набытымі ў горадзе. Дарэчы, каля 50 чалавек пражывае на Трубінцы, як у народзе называюць дачнае пасяленне, круглы год. Удалечыні ад горада і навін, але свежую прэсу атрымоўваць яны не маюць магчымасці, бо паштовае абслугоўванне тут, як і на іншых дачах, адсутнічае. Няма ў пасяленні і медыка, таму, калі ўзнікае неабходнасць, выклікаюць хуткую дапамогу.

Больш за 30 гадоў праводзяць цёплы час года на летняй кватэры Галіна і Анатоль Долгія. Іх  участак прываблівае мноствам кветак. Петунія і герань, ружы і клемаціс, гладыёлусы і тэкома — уся сядзіба расквечана яркімі фарбамі. Хочацца тут прыпыніцца, пасядзець у альтанцы або пагойдацца на арэлях. На адным з участкаў каля сімпатычнага доміка сустрэлі Мікалая Дзьячэнку, які абіраў цыбулю і часнок, што сёлета ўдаліся на славу. Завіхаліся насельнікі і на іншых участках. Падворкаў з працавітымі, увішнымі гаспадарамі на Трубінцы шмат. Некаторыя нават трымаюць жывёлу. Напрыклад, наша суразмоўца мае коз і курэй, даглядаць якіх ахвотна дапамагаюць унукі.

Пабудовы на ўчастках уражваюць разнастайнасцю: ад сціплага буданчыка 2х2 метры да шыкоўных катэджаў. Домікі-церамкі з балконамі і тэрасамі суседнічаюць са звычайнымі вясковымі хатамі, а шчыльна засаджаныя агароды — з суцэльнымі газонамі. Як каму падабаецца і гледзячы якую мэту праследаваць. Правесці водпуск або пражываць тут з вясны да позняй восені, наведвацца толькі калі-нікалі або пераехаць у гэтыя маляўнічыя мясціны назаўсёды. Выбар у кожнага свой.

Последние новости

Общество

В Могилевской области стартовал республиканский семинар-совещание

29 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: Беларусь очень хочет активизировать сотрудничество с Эфиопией

29 июля 2025
Читать новость
Афиша

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

29 июля 2025
Читать новость
Общество

И вновь турслет! Спартакиада работающей молодежи Осиповичского района прошла 25-26 июля

29 июля 2025
Читать новость
Общество

“Знакомый мужчина при выгуле на улице бьет свою собаку. Как это остановить?” Отвечает участковый инспектор милиции

29 июля 2025
Читать новость
Общество

Хроника происшествий в Осиповичском районе с 21 по 17 июля

29 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем