Осиповичской “районке” исполнилось 90 лет. Мнением делятся земляки

Апытанне
Тое, што нас аб’ядноўвае
90 гадоў споўнілася “раёнцы”. За гэты час газета трывала ўвайшла ў лёсы многіх жыхароў Асіповіччыны
Раіса Касьянава, пенсіянер:
— З “раёнкай” пазнаёмілася больш за 40 гадоў таму, калі пасля вучобы па размеркаванні прыехала рабіць у паштовае аддзяленне. Па роду дзейнасці мела прамое стаўленне да рэалізацыі газеты, першая з жыхароў трымала чарговы нумар у руках. Заўсёды прапаноўвала наведвальнікам падпісацца на выданне, бо ніколі не сумнявалася ў неабходнасці мець “раёнку” пад рукой. Тут жа не толькі навіны, але і звесткі пра землякоў. Вельмі прыемна бачыць знаёмыя твары на старонках газеты, даведвацца пра справы людзей. Яшчэ падабаецца сучасная назва: “Асіповіцкі край” гучыць больш мілагучна, ды і адразу разумееш, адкуль газета і пра што. Прыемна атрымліваць каляровыя нумары, аднак, на мой погляд, зараз занадта шмат рэкламы. Але і яна неабходна. Калі што спатрэбіцца, адразу ведаеш, дзе шукаць, куды тэлефанаваць. Часта віншую родных і блізкіх праз газету. Хочацца, каб на старонках “раёнкі” было больш душэўных артыкулаў пра нялёгкую справу, працавітых людзей, добрыя змены на Асіповіччыне.
Аляксандр Пузік, начальнік цэнтра харчавання БНТУ:
— Бацькі выпісвалі “раёнку” і “Сельскую газету”, таму яшчэ ў школе пачаў чытаць “Запаветы Леніна”. Паколькі жылі ў вёсцы, то больш цікавіўся падзеямі невялікіх населеных пунктаў. Памятаю змястоўныя нататкі Рыгора Сакалова і, канечне, вельмі прыемна было чытаць пра аднавяскоўцаў, якія дабіліся поспехаў. Тады яшчэ друкаваліся табліцы з вынікамі працы калгасаў. Яны выклікалі добры рэзананс. Жыхары вёскі актыўна абмяркоўвалі дасягненні той ці іншай гаспадаркі, ганарыліся сваімі поспехамі, прымалі крытычныя заўвагі па недапрацоўках. Другі этап знаёмства з газетай надышоў, калі ўзначаліў кансервавы завод. Гэта было ўжо больш шырокае ўяўленне аб падзеях у раёне. З вялікім задавальненнем успамінаю супрацоўніцтва з Алегам Цімінскім. Менавіта ён тады пісаў звесткі пра падначаленае мне прадпрыемства. І гэтыя матэрыялы стымулявалі імкненне да добрых вынікаў працы: калі тваю справу асвятляюць на старонках “раёнкі”, адчуваеш яшчэ большую адказнасць. Была і крытыка, што таксама матывавала да дзеяння. А ўжо калі заняў пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў, пачаў працаваць з газетай поплеч. Памятаю, калі мянялі назву на “Асіповіцкі край”, апошняе слова было менавіта за дэпутатамі. Народныя вы-браннікі даволі педантычна падышлі да гэтага пытання. Нам спатрэбілася тры сесіі, каб прыйсці да адзінага меркавання. Раённая газета для многіх з’яўляецца важным інструментам уздзеяння на розум і свядомасць грамадзян. Дзякуючы ёй павышаецца аўтарытэт. Бо нездарма за апошняе дзесяцігоддзе сельсаветы Асіповіцкага раёна тры разы станавіліся лепшымі на Магілёўшчыне. У маё станаўленне як кіраўніка выданне таксама зрабіла добры ўнёсак. Вельмі ўдзячны ўсім супрацоўнікам газеты. 90 гадоў — вялікі адрэзак жыцця. За гэты час “раёнка” сабрала шмат узнагарод, і я гэтаму шчыра рады. Зараз жыву ў сталіцы, але па-ранейшаму застаюся чытачом “АК”. З задавальненнем даведваюся пра навіны са сваёй малой радзімы, цікаўлюся нарыхтоўкай кармоў, добраўпарадкаваннем, зменай кіраўнікоў, увогуле жыццём раёна, бо душой я заўсёды на Асіповіччыне. Жадаю ўсяму калектыву “раёнкі” і чытачам здароўя і поспехаў у працы.
Людміла Арэшка, пенсіянер:
— Шмат гадоў чытала “раёнку”, але не як падпісчык, а як непасрэдны ўдзельнік стварэння выдання, бо працавала ў друкарні. У 80-м годзе пачала друкаваць “Запаветы Леніна”, а потым, будучы лінатыпісткай, доўгі час набірала тэксты. Таму кожны нумар ведала амаль на памяць. Ад работы ў адной звязцы з газетай за-сталіся толькі светлыя і цёп-лыя ўспаміны, гэта былі мае самыя лепшыя гады. Зараз жа газету не выпісваю, чытаю толькі тое, што размешчана на сайце. Канечне, за такі доўгі час выданне кардынальна памянялася, і гэта нядзіўна: новыя тэхналогіі і людзі іншыя. Вельмі падабалася як пісалі Алег Цімінскі і Анатоль Тамашэўскі. Так душэўна, што я нават плакала, калі чытала. У іх добра атрымлівалася перадаць усе цяжкасці працы ў сельскай гаспадарцы і трыумф перамогі, калі людзі дасягалі лепшых вынікаў у раёне. Ды і зараз вершы Анатоля Уладзіміравіча як бальзам на душу: і сагрэюць, і павесяляць. Па-ранейшаму цікава даведвацца пра падзеі на Асіповіччыне, спартыўныя навіны. Люблю чытаць пра сельскую і лясную гаспадаркі, агародныя справы, але, на жаль, у апошні час гэтыя тэмы мала асвятляюцца. Хочацца, каб ім надавалі больш увагі, а яшчэ даведацца пра фермераў, якія пачалі дзейнічаць у раёне.