Сельхозпредприятия Осиповичского района завершили посевную кампанию

Сельская гаспадарка
Першы этап корманарыхтоўкі
Сельгаспрадпрыемствы раёна завяршылі пасяўную кампанію, на змену якой прыйшла касавіца
Гэтай пары заўсёды надзяляецца асаблівая ўвага. Добры гаспадар ведае цану першага ўкосу, калі існуе рэальная магчымасць стварыць надзейную кармавую базу. Выкарыстаць спрыяльны час максімальна эфектыўна — такая задача стаіць зараз перад сельгас-прадпрыемствамі раёна. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Алены Кадуш, для забеспячэння кармамі грамадскага статка раёна план паўтарагадовага запасу складае 105,6 тысячы тону сенажу, 98,6 тысячы тон сіласу і 6,4 тысячы тон сена.
У акцыянерных таварыствах “ЖорнаўкаАГРА”, “Ясень-АГРА” і “Авангард-Ніва” вядзецца нарыхтоўка сенажу па прагрэсіўных тэхналогіях, калі рулоны абмотваюцца палімернай плёнкай. На вытворчым участку “Карытнае” (ААТ “Авангард-Ніва”) распачалі касавіцу 26 мая і ўжо назапасілі 270 адзінак рулоннага сенажу, а гэта 135 тон. Не першае лета задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў механізатар Віктар Няхлебаў. Вось і сёлета сустрэлі працаўніка на сенажаці каля вёскі Дземенка. Гэта яго першы ўкос на прэсе, раней ён кіраваў касілкай, але асаблівай розніцы не адчуў.
— Усюды работа, — заўважыў Віктар Мікалаевіч. — Трэба адказна адносіцца да справы, каб своечасова скасіць травы, нарыхтаваць якасныя кармы для жывёлы. Тады і надоі будуць добрыя.