История образования в Дарагановском крае

История образования в Дарагановском крае

Юбілей

Дараганаўская сярэдняя школа (зараз вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа) рыхтуецца ўрачыста адзначыць юбілей. Хаця сто гадоў ёй “стукнула” яшчэ ў мінулым годзе, аднак з-за пандэміі ніякіх урачыстасцей не праводзілася.

І ўсё ж ёсць пэўныя сумненні: а ці тая дата святкуецца? Гэтае пытанне ўзнікае невыпадкова. У энцыклапедычным выданні Нацыянальнай акадэміі навук “Гарады і вёскі Беларусі”, т. 5 (Мн., “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, 2008 г.) сцвярджаецца, што “ў пачатку ХХ стагоддзя ў Дараганаве адкрыта школа”. А ў кнізе “Памяць. Асіповіцкі раён” указана, што ў 1917 г. тут было народнае вучылішча. І гэта цалкам рэальна, калі зазірнуць у гісторыю Дараганава.

З пісьмовых крыніц вядома, што з канца ХІХ стагоддзя пры аднайменнай чыгуначнай станцыі, пабудаванай у 1896 годзе, складваўся пасёлак. Праз 2 гады з’явілася лесапільня. У пачатку ХХ ст. былі чатыры населеныя пункты з назвай Дараганава: пасёлак (36 двароў, 223 жыхары), чыгуначная станцыя (1 двор, 33 жыхары), фальварак (4 двары, 32 жыхары), лесапільны завод (65 жыхароў).

Мяркуючы па тым, што ў пачатку ХХ ст. у Дараганаве пражывалі 353 чалавекі, нейкая навучальная ўстанова павінна была працаваць. Толькі вось ні ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, ні ў Дзяржаўным архіве Рэспублікі Беларусь, ні ў занальных Бабруйскім і Слуцкім архівах, ні ў падшыўках асіповіцкай, старадарожскай і слуцкай раённых газет ніякіх доказаў-пацвярджэнняў існавання школы да 1920 года я не знайшоў. Таму будзем лічыць годам заснавання Дараганаўскай школы 1920-ы. Так што гісторыя адукацыі ў дараганаўскім краі пачалася не ў Дараганаве.

Вытокі

Першай навучальнай установай у нашай мясцовасці была Крынкаўская царкоўна-прыходская школа. І нічога дзіўнага ў гэтым няма. Вёска мае даўнюю гісторыю. Менавіта ў Крынцы была пабудавана першая (і адзіная) у нашай мясцовасці царква, а пры ёй ужо ў 1862 г. працавала школа. Пазней, у 1909 г., тут жа было адкрыта пачатковае народнае вучылішча.

У канцы ХІХ ст. у Мязовічах таксама працавала ўстанова адукацыі, называлася яна школай пісьменнасці.

Яшчэ адзін населены пункт з багатай гісторыяй — Радуцічы. У 1908 г. у ім было створана Радуціцкае земскае вучылішча М.Н.П.

Першыя крокі пры савецкай уладзе

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і заканчэння грамадзянскай вайны ў народнай адукацыі краіны адбыліся карэнныя пераўтварэнні. Царкоўнапрыходскія школы, школы пісьменнасці, народныя вучылішчы перасталі існаваць. Яны саступілі месца савецкім агульнаадукацыйным школам — адзіным для дзяцей усіх грамадзян. Школа была аддзелена ад царквы, вучні пазбаўлены духоўнага (рэлігійнага) выхавання, на змену якому прыйшло фарміраванне матэрыялістычнага светапогляду.

На Дараганаўшчыне з’явілася густая сетка школ: пачатковыя, базавыя і сярэдняя. Узнікалі яны на базе арандаваных сялянскіх хат, некаторыя мелі ўласныя будынкі. Адны школы адкрываліся афіцыйна, другія — па ініцыятыве мясцовых жыхароў. Заняткі з дарослым насельніцтвам па ліквідацыі непісьменнасці праводзіла камсамольская моладзь.

Дараганаўская сямігадовая школа

Адчынена ў 1920 годзе Народным камісарыятам асветы па дамоўленасці з памешчыцай Лізаветай Фёдараўнай Дараган у яе маёнтку. Школе быў перададзены нацыяналізаваны драўляны дом, у якім, апрача класных пакояў, размяшчаліся вучнёўскі гардэроб, чытальная зала са сцэнай, настаўніцкая і бібліятэка. Дрывотня. Агарод. Парк.

Спачатку там вучылася каля 20 дзяцей з Дараганава і бліжэйшых Птушыч. Навучанне вялося на рускай мове. Вучэбны год пачаўся 15 верасня, скончыўся 20 чэрвеня.

Адной з першых настаўніц была Людміла Пятроўна Цэрэль. Па ўспамінах яе вучняў, чулая, праўдзівая, спагадлівая жанчына. Яна не толькі вучыла чытаць і пісаць, але і дапамагала разабрацца ў складанасцях тагачаснага жыцця. З дзецьмі займаліся Віктар Іванавіч Царык (загадчык школы, матэматык, фізік, меў незакончаную вышэйшую адукацыю), Валяр’ян Мітрафанавіч Абаза (скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, школьны работнік славеснасці, гісторыі), Лізавета Фёдараўна Дараган (мела вышэйшую адукацыю, выкладала французскую, нямецкую і рускую мовы), Антон Платонавіч Завусцінскі (выкладаў рускую і беларускую мовы, гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, скончыў два курсы Варшаўскага ўніверсітэта); Аляксандр Ільіч Скалабан (выпускнік Петраградскага ўніверсітэта, у школе з 1921 г., выкладаў матэматыку, сацыялогію, савецкую Канстытуцыю); Аляксандра Іосіфаўна Дунайка (вартаўнік, у школе з 1920 г., адукацыя дамашняя).

Як бачым, узровень адукаванасці “шкрабаў” (так называлі школьных работнікаў) быў вельмі высокі, калі нават тэхнічка мела адукацыю, хай сабе і дамашнюю. Далёка не ўсе гімназіі таго часу маглі пахваліцца такім узроўнем кадраў.

У школе працаваў вучнёўскі драмгурток, якім кіраваў настаўнік Завусцінскі. На школьнай сцэне не раз ставіліся спектаклі, якія з цікавасцю глядзелі і навучэнцы, і дарослыя: 7 лістапада — “Чырвоны генерал на руінах трона”, 5 лютага — п’есы Чэхава, 1 мая — “Марат”. Працаваў вучкам (старшыня Саламон Гарцман). У школьнай бібліятэцы налічвалася 69 кніг для вучняў і             6 для настаўнікаў.

Выкладанне вялося на рускай мове. Вывучаліся беларуская мова і беларусазнаўства, руская мова, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, касмаграфія (7 кл.), гісторыя, геаграфія, сацыялогія і савецкая Канстытуцыя, логіка (8 кл.), псіхалогія (6 кл.), прыродазнаўства, французская (3 кл.) і нямецкая (2 кл.) мовы.

Час не стаяў на месцы. Вучняў станавілася ўсё больш. У 1922/23 навучальным годзе тут займаліся ўжо 63 хлопчыкі і 59 дзяўчынак. Памяшкання пачало не хапаць. Мясцовая ўлада выдзеліла для заняткаў два жылыя дамы. Адзін з тых будынкаў згарэў у час Вялікай Айчыннай вайны, другі быў перавезены на тэрыторыю сучаснай школы.

Вучняў у 1921/22 навучальным годзе налічвалася 153. Плата за год навучання складала  644 аржаныя адзінкі.

Родны дом

“1923 — другі год пасля грамадзянскай вайны. Цяжкі перыяд. Па дарогах блукалі беспрытульныя дзеці. Партыя і ўрад прынялі рашэнне аб арганізацыі дзіцячых дамоў. Вырашана было пабудаваць яго і ў Дараганаве. Месца выбралі самае прыгожае.

Са Слуцка прывезлі першую групу дзяцей. Дырэктарам дзіцячага дома стаў Іосіф Георгіевіч Кудзеля. Гэта першы дырэктар цяперашняй школы-інтэрната. Амаль усё жыццё аддала працы ў дзіцячым доме Аляксандра Львоўна Тараноўская. Яна памерла два гады таму.

Дзіцячы дом у Дараганаве быў адным з лепшых у Мінскай вобласці. Тут дзеці адчувалі душэўную цеплыню і клопат”, — пісала раённая газета 3.12.68 г.

Гісторыя іншых школ краю пасля рэвалюцыі

Краяўская савецкая школа

Адчынена ў 1921 годзе ў наёмным будынку. 49 вучняў з Краёў і Вострава. Настаўнік Захарый Рыгоравіч Мароз.

Крынкаўская савецкая беларуская школа (вёска Крынкі)

Створана 20 сакавіка 1922 года. Выкладанне вялося на беларускай мове. Дзяцей школьнага ўзросту 183.

Ва ўзгодненым памяшканні. Вучэбных кабінетаў няма. Настаўнік Сяргей Сяргеевіч Лебедзь. На пачатак года 66 вучняў. Усе дзеці з сялян, больш за 10 дзесяцін зямлі ні ў каго з бацькоў не было.

Навучальны 1921/22 год скончыўся 6 красавіка, 1922/23 пачаўся 28 лістапада, скончыўся 30 красавіка.

Крынкаўская школа (маёнтак Крынкі)

Адкрыта Бабруйскім павятовым аддзелам народнай адукацыі ў маі 1922 г. Змяшчаецца ў каменным трохпавярховым будынку, атрыманым у парадку нацыяналізацыі. Дзеці з маёнтка Крынкі, хутароў Камарына, Старая печ, Нагорнае, вёсак Крынкі, Пабокавічы — 28 хлопчыкаў і 29 дзяўчынак.

Выкладанне на рускай і беларускай мовах. Вучэбных кабінетаў няма.

Настаўнікі: Ігнацій Львовіч Наумюк, Вольга Іванаўна Наумюк, Лідзія Юльянаўна Дзярпенская.

Вучэбны год пачаўся позна па прычыне таго, што вучні былі занятыя сельскагаспадарчымі работамі.

З мэблі 5 парт (2 патрабуюць рамонту), 1 дошка, 1 стол, 1 кніжная шафа, 1 стул, 2 геаграфічныя карты.

Радуціцкая школа

Была адкрыта Земствам у  1908 г. Абслугоўвала Радуціцкае і Слопіцкае сельгаставарыствы. Размяшчалася ў сядзібе былога маёнтка Радуцічы. Вучыліся дзеці з вёскі Радуцічы, Краснага і Слопішчаў.

Настаўнік Вікенцій Паўлавіч Гульніцкі. Вучняў на канец 1921/22 навучальнага года 45, а праз год — ужо 72.

Сялецкая школа

Цікавую і падрабязную інфармацыю даведаліся ад мясцовай краязнаўцы Ларысы Сідараўны Стоцкай. Яе бацька і маці будавалі школу і працавалі ў ёй.

У 1926 годзе ў Сяльцы ў хаце Фёдара Міхадзюка была адкрыта працоўная школа 1-й ступені. Да гэтага дзеці хадзілі ў Крынку, спачатку ў царкоўна-прыходскую, потым у дзяржаўную школу. А некаторыя — у пачатковую, што працавала ў вёсцы Халькі.

Першая настаўніца была Ганна Клімовіч са Старых Дарог. Яшчэ працавалі настаўнікі Марфа (прозвішча дакладна невядома) з Зялёнай Дубровы, Ларыса Макараўна Дзюба з Дараганава, Ніна Стром. У 30-я гады са Случчыны накіравалі на працу Сідара Кузьміча Стоцкага.

Архіўных звестак пра Будаўскую, Астраўскую і Мачынскую школу няма, але засталіся матэрыялы школьнага музея і ўспаміны старажылаў, што раней жылі ў маляўнічых лясных вёсках Буда, Востраў, Мачынск.

Камсамольская арганізацыя (з архіваў школьнага музея)

Камсамольская арганізацыя ў Дараганаве ўзнікла 8 красавіка 1923 года. У яе ўвайшла лепшая моладзь мястэчка і навакольных вёсак: 35-40 чалавек. Першымі сакратарамі былі Мечы-слаў Карніцкі, Хаім Столін, Іван Шагулін, Мікалай Скрыпчынскі, Васіль Рудзяк, І.М. Цыганок.

Мікалай ТАМАШОЎ.

 

Последние новости

Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском государственном колледже прошел необычный мастер-класс

18 апреля 2025
Читать новость