11 апреля – Международный день освобождения узников нацистских концлагерей

11 апреля – Международный день освобождения узников нацистских концлагерей

У час Другой сусветнай вайны на тэрыторыі нацысцкай Германіі, яе саюзніц і на акупіраваных тэрыторыях дзейнічала 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў. Вязняў спальвалі ў печах крэматорыя, атручвалі ў газавых камерах, гвалтавалі, прымушалі працаваць да поўнага знясілення, у іх бралі кроў, над імі праводзілі эксперыменты…

11 красавіка 1945 года на тэрыторыі Бухенвальда ўзнікла паўстанне, арганізаванае вязнямі. Калі ў лагер увайшлі саюзнікі, сітуацыю ў ім ужо кантралявалі самі паўстанцы, дзякуючы чаму нацысты не паспелі замесці сляды злачынстваў і звесткі дайшлі да Міжнароднага Нюрнбергскага трыбунала.

У сувязі з гэтым 11 красавіка і стала лічыцца Міжнародным днём вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Нямала месцаў прымусовага ўтрымання людзей было створана ў крывавыя саракавыя і на тэрыторыі нашай вобласці. Асабліва даставалася яўрэям. Напрыклад, у будынку былога санаторыя паміж вёскамі Крынка і Дараганава каля года знаходзіліся дзеці. Спалі на падлозе, засцеленай сухім лісцем. Увосень працавалі ў полі, харчаваліся тым, што выкапалі, а ўзімку ў дзень атрымоўвалі 100 грамаў хлеба. Вясной елі ўсё, што зелянела: траву, пупышкі дрэў. Зімой памяшканні амаль не ацяпляліся — рабяты абмарожваліся.

За парадкам наглядаў паліцай, які няшчадна лупцаваў за любое свавольства. Вядома ж, ніхто не лячыў хворых: дзейнічаў натуральны адбор. Памерлых выкідвалі ў раку Пціч.

2 красавіка 1942 года дзяцей пагналі на смерць. У лясным урочышчы Галны напярэдадні была падрыхтавана яма. Туды і ляжаў апошні шлях нашых маленькіх землякоў. Рабят скідалі ў яму, а зверху ў іх стралялі фашысты. Пасля гэтай страшэннай дзеі ворагі прыгналі старэйшых дзяцей і заставілі засыпаць брацкую магілу пяском, і, як быццам нічога не адбылося, паехалі працягваць сваё жыццё, пазбавіўшы яго 84 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да 12 гадоў.

Адзіным выжыўшым у тым дзікім глуме стаў Уладзімір Свярдлоў, які, колькі мог, прыязджаў потым на гэта месца і нават устанавіў там помнік…

Былі і іншыя месцы знявольвання. Аб адным з такіх расказалі жыхаркі вёсак Булгары і Лучыцы.

Сэрцы, параненыя вайной

Як і 76 гадоў таму, на дварэ заліваюцца спевамі шпачкі, скрозь леташняе лісце прабіваюцца нясмелыя парасткі першацветаў. Таксама спавівае зямлю лагоднымі промнямі сонейка. І па-ранейшаму разам сёстры — Марыя і Надзея.

Толькі ўзрост іх ужо не злічыш, як тады, па пальцах — кожная мае дзявяты дзясятак. А яшчэ навокал не калючы дрот, незнаёмая гаворка і брэх сабак, а родная вуліца, знаёмыя суседзі і цудоўная прырода, што пачынае свой штогадовы росквіт. А за плячамі — дзесяцігоддзі няпростага жыцця, цяжкай працы і штодзённых вясковых клопатаў.

Калі іх бацькі стварылі сям’ю і абзавяліся дзецьмі, яны ўсім ім жадалі самай лепшай долі, але ў лёса былі свае планы для кожнага. Іх так закруціла ваенная віхура, што цяпер, праз сем з гакам дзесяцігоддзяў, Марыя і Надзея паціскаюць плячамі: маўляў, самі не ведаем, як вытрымалі.

Бацька змагаўся з фашыстамі на фронце. А матуля рабіла ўсё, каб захаваць дзяцей. Іх выратавала, а сябе — не змагла…

Жыхарам усіх населеных пунктаў, размешчаных побліз чыгуначных пуцей, у акупацыі жылося несалодка: кожная дыверсія партызан на рэйках адгукалася жорсткімі расправамі. Гарэлі хаты, гінула мірнае насельніцтва. Адной з такіх вёсак былі і Лучыцы. Пажары палыхалі там не раз. Пасля адной з чарговых партызанскіх аперацый каля станцыі Асіповічы-ІІІ карнікі ўварваліся ў вёску і ўсіх, каго засталі, пахапалі і адправілі ў Бабруйск, дзе некалькі месяцаў трымалі за калючым дротам.

Не пашанцавала і Чаропкам. Матуля, два яе сыны і тры дачкі апынуліся ў няволі. Пра тыя дні сёстры не любяць расказваць: малодшая з-за ўзросту, кажа, мала ўсведамляла, а старэйшая — бо ўсё жыццё старалася вы-красліць тыя балючыя ўспаміны з памяці. Толькі не ўдалося. Абедзве жанчыны выціраюць вочы хусцінкамі, калі ўспамінаюць тую знявагу і гвалт. Страту самага дарагога чалавека. Маці не магла бачыць, як галадаюць яе дзеці. Яна кусала сабе рукі, енчыла, галасіла. Каб палонная не дакучала, ворагі застрэлілі яе, ураз асіраціўшы дзяцей. Малодшая Надзея нават добра не памятае, як выглядала маці, але і цяпер адчувае яе цяпло, якога ў далейшым жыцці так не ставала.

У турме дзеці ўвесь час адчувалі голад. Яны падыходзілі да сваіх стражнікаў і знакамі паказвалі, што хочуць есці. Тыя знакі, а больш напоўненыя горам дзіцячыя вочы, дапамагалі: некаторыя кідалі ім па некалькі вараных бульбін у шалупінні.

Хутка фашысты зразумелі бессэнсоўнасць утрымання малалетніх вязняў і адпусцілі іх. Але назаўсёды пазбавілі трывалага падмурку, таму раслі рабяты як прыдарожная трава — падуладныя ўсім вятрам і непагадзі. Бадзяліся па знаёмых і малазнаёмых, выхоўваліся ў дзіцячых дамах.

Малую Надзейку пасля вызвалення бацька завёз да сястры ва Украіну. Жыла ў сям’і, але пяшчоты і ласкі не ведала. Першыя тры гады і ў школу хадзіла там, а потым тата забраў дачку да сябе. Пры ім жыла і Марыя. Мужчына спрабаваў знайсці гаспадыню, але абранніца загадала адмовіцца ад дзяцей, таму сямейнае жыццё не заладзілася. Так і жыў ён з памяццю пра жонку.

Старэйшыя дзеці хутка пайшлі на свой хлеб, Надзя наведвала школу. На іншых уроках слухала настаўнікаў, а нямецкую мову наадрэз адмаўлялася вучыць. Не разумела, як можна размаўляць на мове ворага: “З-за яе мая мама памерла”, — паўтарала яна…

Як птушыны вырай, праляцелі гады. А з імі — праца ў калгасе, на чыгунцы і заводзе аўтаагрэгатаў. Прыціхла вёска Булгары: жыхароў засталося не так і многа. Сёстры Надзея Чаропка і Марыя Лагвінюк — старэйшыя з іх.

Яшчэ адна сяброўка па няшчасці, з якой разам утрымліваліся ў фашысцкай няволі, Вольга Яўсеенка жыве ў суседніх Лучыцах. Ужо 90 гадоў. Яна памятае, што мясцовыя партызаны актыўна вялі рэйкавую вайну. А акупанты не раз збіралі жыхароў і папярэджвалі, што будуць ім помсціць за дзейнасць лясных змагароў.

Аднаго разу яе разам з роднымі выгналі з хаты і пагналі ў Татарку, а затым у Бабруйск. Там і трымалі не адзін месяц.

Калі вярнуліся дадому, убачылі пажарышча. Жылі дзе прыйдзецца: спачатку ў будане, потым — у невялікай хатцы, што саматужна склалі.

Дзяўчына рана пачала працоўны шлях. У ваеннай часці, потым вярнулася ў калгас, інакш не дазвалялі будаваць хату на матчынай зямлі. Так і сталася, што ўсё жыццё прайшло тут…

Гэтыя тры жанчыны былі калісьці дзяўчынкамі. Якія бегалі басанож па вуліцы, вучыліся ў школе, аб нечым марылі. Маглі мець шчаслівае дзяцінства, хатнюю ўтульнасць, любоў родных. Хто ведае, як бы склаліся іх лёсы. Можа б, каторая стала педагогам ці доктарам, лётчыцай ці краўчыхай. І не давялося б ім зведаць жахаў вайны. Але, як сказаў паэт Аляксандр Кушнер: “Часы не выбіраюць, у іх жывуць і паміраюць”.

На долю наступных за ваенным пакаленняў, на шчасце, не выпала падобных выпрабаванняў. Але гісторыя, як вядома, нас заўсёды чамусьці вучыць. Галоўнае — рабіць правільныя высновы.

Последние новости

Новости

В Осиповичском районе проходит Неделя детской безопасности

21 апреля 2025
Читать новость
Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость

Рекомендуем