Рухаюцца наперад
Для
цэха здабычы і перапрацоўкі торфу РУП «Магілёўэнерга» філіяла
«Бабруйскія цеплавыя сеткі», што размешчаны ў Татарцы, з пачаткам
цёплага ўстойлівага надвор’я наступаюць гарачыя дзянькі. Згодна з планавым
заданнем прадпрыемства на 65 гектарах павінна дабыць за сезон 14,5 тысяч тон
паліўнага і каля 7,6 тысяч верхавога торфу.
Аб
тым, як падрыхтаваліся тут да выхаду на тарфяныя палі, размова з начальнікам
цэха Яўгенам Бацюнем.
—
Асноўныя складаючыя работы вядомы. Па-першае, прафесіяналізм кожнага з членаў
калектыву. А гэта 80 чалавек, сярод якіх 14 інжынерна-тэхнічных работнікаў, 15
машыніс-таў, трактарыст і 2 ва-дзіцелі пагрузчыка. Залог стабільнасці для нас і
добрае надвор’е: падчас даджоў прыходзіцца прастойваць. Вялікая стаўка робіцца,
безумоўна, на тэхніку. Таму да пачатку сезона значная ўвага надзялялася
прафілактычнаму рамонту. 12 трактароў, 5 уборачных машын і 8 дапаможных
агрэгатаў. Дбайна папрацавалі ў аўтамайстэрні газазваршчык Уладзімір Майнінгер,
слесар Алег Сантоцкі і другія. Не менш важна падрыхтаваць і палі, на якіх
будзем здабываць торф. Так, ачышчаны і адрамантаваны два з паловай кіламетры
магістральнай, больш за 4 кіламетры валавой канавы.
Запланавана
таксама раскарчаваць 65 гектараў. Большая частка работ ужо выканана. На працягу
амаль 68 кіламетраў убраны пні з бровак картавых каналаў. На жаль, з-за
высокага ўзроўню вады не ўдаецца выканаць планавыя лічбы па зборы і вывазцы
пня, па прафіліраванні палёў. Чакаем высыхання балотнай залежы, каб заняцца
рамонтам мастоў-пераездаў, зрэзкай падштабельных палос, бровак, рамонтам
заборных сценак.
—
Куды накіроўваецца прадукцыя?
—
Паліўны торф у асноўным забірае
Бабруйская цеплацэнтраль. Фрэзерны верхавы ідзе на кіпаванне. Дарэчы, з даты
ўводу адпаведнага ўчастка — а гэта прыкладна год — выпушчана 3.073 кіпы, у тым
ліку сёлета 1.758. На экспарт пайшло 2.063. У Латвію рэалізавана 2 тысячы штук,
у межах краіны прадалі 279 кіп. Прапануем торф і для нарыхтоўкі кампостаў.
—
Дарэчы, як працуе мадэрнізаваны цэх кіпоўкі?
—
Яго магутнасць разлічана на выдачу нагара да 7 тысяч штук кіпаў вагою па
700-800 кілаграмаў. Акрамя кіпаў, на новай лініі па вытворчасці пажыўнога грунту
выпусцілі пробную партыю прадукцыі, якая ў далейшым будзе рэалізоўвацца
цяплічным камбінатам, гаспадаркам па азеляненні, насельніцтву. Такія кіпы ў
некалькі разоў лягчэйшыя. Разам з начальнікам участка Міхаілам Лабковічам у
цэху шчыруюць машыніст прэса Аляксандр Камінскі, рабочыя Соф’я Пятровіч і Юлія
Засянкова, якія герметызуюць кіпы, і вадзіцель пагрузчыка Дзяніс Новікаў. Калі
сыравіны будзе хапаць, пачнем працаваць у дзве змены.
—
Што зроблена па аднаўленні адміністрацыйных і вытворчых памяшканняў?
—
Па меры магчымасці надаём ім сучасны выгляд. У адміністрацыйным корпусе
заменены вокны і дзверы, вядзецца ўнутраная аддзелка кабінетаў. Рэканструюецца
склад гатовай прадукцыі. Новы выгляд набыў участак кіпавання. Словам, хоць і
павольна, але рухаемся наперад.
Гутарыла
Ніна ВIКТОРЧЫК.
