Осиповчанин Адик Дубина рассказывает о работе в водоканале

Камунальная гаспадарка
У любой справе ёсць свая рамантыка
Ніякія земляныя і вытворчыя работы Асіповіцкага аддзялення філіяла “Бабруйскводаканал” УВКП вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі “Магілёўабл-водаканал” не праходзяць без удзелу экскаватара. Як расказвае машыніст Адзік Дубіна, каб памяняць трубу, адрамантаваць водаправод ці правесці каналізацыю, спачатку трэба раскапаць яму ці траншэю, а потым пасля пэўных работ засыпаць яе. І тут экскаватар — найлепшы памочнік, а той, хто ім упраўляе, — свайго роду дырыжор, які задае рытм усім работам.
Працуе Адзік у складзе брыгады сантэхмантажу. Пасля рэарганізацыі, якая прайшла год таму, работы вядуцца не толькі на тэрыторыі нашага раёна, але і суседніх Клічаўскага і Глускага, якія таксама ўвайшлі ў склад “Бабруйскводаканала”, а таму абслугоўваемая тэрыторыя пашырылася, нярэдка даводзіцца выязджаць у камандзіроўкі. Аднак усё ж часцей працуе на Асіповіччыне. Зараз, напрыклад, перакладае водаправод у Дрычыне. Раней удзельнічаў ва ўстаноўцы станцый абезжалезвання ў розных кропках раёна, замене каналізацыі па вуліцы Сацыялістычнай райцэнтра. Нярэдка даводзіцца выязджаць і на аварыйныя работы, калі штосьці выходзіць са строю. А прарывы не прытрымліваюцца рабочага часу і будніх дзён. Здаралася і пад Новы год замест святочнага стала бачыць перад сабой баранку экскаватара, не раз затрымліваўся на нявызначаны час. Галоўнае, лічыць Адзік Уладзіміравіч, каб усе спажыўцы мелі бесперабойную пастаўку вады.
Сваю работу не называе сумнай і нецікавай. Знаходзіць яе нават рамантычна-прыгодніц-кай. З захапленнем расказвае, што зямля ў розных месцах выглядае па-рознаму. І тоіць у сваіх недрах цікавыя сюрпрызы. Напрыклад, калі вялі работы па вуліцы Замкавай у Свіслачы, адкапалі незвычайныя ключы. У Кассі знайшлі нямала гільз. Вайна нагадала пра сябе фашысцкімі каскамі і снарадамі і пры ўзвядзенні фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Жамчужына” — нават сапёраў выклікалі. А яшчэ адкапалі шмат падкоў на месцы, дзе калісьці стаялі конныя артылерысты.
Радуецца Адзік, што зіма скончылася, бо працаваць у халодны перыяд года цяжэй: зямлю даво-дзіцца дзяўбаць гідрамолатам. А ўлетку ўсё робіцца хутчэй і з большым задавальненнем. Справай сваёй наш герой ганарыцца. 18 гадоў адпрацаваў на адным месцы, а гэта гаворыць пра тое, што выбрана яно правільна.