Трымай раўнавагу!
Падчас Алімпійскіх гульняў у Лондане
браты Андрэй і Аляксандр Багдановічы заваявалі срэбраны медаль у спаборніцтве
каноэ-двоек на дыстанцыі 1000 метраў. Асабліва ганарацца чэмпіёнамі жыхары
малой радзімы алімпійцаў — пасёлка Ялізава. А некаторыя мясцовыя хлопчыкі з
задавальненнем ходзяць на трэніроўкі па веславанні, як толькі прыходзіць вясна
і Бярэзіна пазбаўляецца ад зімніх аковаў — мараць паўтарыць поспех знакамітых
землякоў.
Аднойчы вядомы нар-вежскі вандроўнік
Тур Хейердал адзначыў: “Чалавек плаваў па рэках з шастом і вёсламі раней, чым
пачаў ездзіць на колах па дарогах”. З гэтым можна пагадзіцца: многія людзі
любяць катацца на лодках, плытах, парусніках… Вось і 6-класнік Даніла
Спірыдонаў і 7-класнік Дзмітрый Гараўскі (на здымку) не ўяўляюць свайго жыцця
без байдаркі і каноэ. Захапленне займае ўвесь іх вольны час. Юнакі вельмі
сур’ёзна адносяцца да заняткаў веславаннем. У зімовы перыяд штодзённа
наведваюць школьную трэнажорную залу, дзе зусім па-даросламу выжымаюць
“жалеза”. А ў спарт-зале гуляюць у футбол і баскетбол, падтрымліваюць фізічную
форму. Рукі весляра павінны быць моцнымі. Рабяты выдатна разумеюць, што спорт —
гэта найперш праца над сабой. У іх ужо ёсць асабістыя дасягненні. Даніла можа
“аджаць” штангу вагой да 50 кілаграмаў, а Дзіма — да 80! Для іх узросту — гэта
проста рэкорд, якім могуць ганарыцца хлопцы. Нездарма яны заўсёды абараняюць
гонар Ялізаўскай школы на разнастайных спаборніцтвах. Вясна сёлета затрымалася,
а ім хочацца хутчэй узяцца за вёслы і зноў “паляцець” над вадой…
Даніла:
— Мне вельмі падабаецца веславанне на
байдарцы. Гэта лодка з закрытым верхам, якой патрэбна кіраваць з дапамогай
двухбаковага вясла седзячы. Займаюся ў секцыі выкладчыка Юрыя Асмалоўскага ўжо
трэці год. Калі пачынаецца сезон, мы амаль кожны дзень праводзім на рэчцы.
Самае галоўнае, канешне, напачатку навучыцца трымаць раўнавагу, зразумець
тэхніку, набірацца вопыту, не ленавацца, а ўпорна трэніравацца.
Дзмітрый:
— Спартыўная база на Бярэзіне — маё
любімае месца. Трэнер Аляксандр Стальмакоў імкнецца развіваць у нас моц і
хуткасна-сілавыя якасці. Чатыры гады займаюся веславаннем на каноэ. У
адрозненне ад байдаркі, каноэ патрэбна кіраваць аднабаковым вяслом, седзячы на
каленях. Моц, каардынацыя і цяглавітасць — абавязковыя якасці для перамогі ў
гонках. Ужо давялося па-спрабаваць сябе на абласных спаборніцтвах — трапіў у
шасцёрку лепшых. На вясенніх канікулах быў на зборы весляроў, якія праходзілі ў
Бабруйску. Спадабалася, з нецярплівасцю чакаю пачатку чарговага сезона
трэніровак на вадзе!
Для рабят веславанне не толькі спорт,
але і спосаб стаць упэўненым у сабе, магчымасць пазнаёміцца з новымі сябрамі.
Дарэчы, ім давялося не раз пабачыць братоў Багдановічаў, якія паказвалі юным
спартсменам майстар-класы і трэніраваліся разам з імі. Мэтанакіраванасць школьнікаў
і жаданне дасягнуць поспехаў адчуваецца адразу. А калі імкнуцца і старацца, то
можна рэалізаваць любую мару, — у гэтым юнакі ўпэўнены.