Как в Осиповичском районе расчистили снег после сильных снегопадов

Как в Осиповичском районе расчистили снег после сильных снегопадов

Злабадзённае

Нармальная лютаўская завіруха

Цывілізацыя разбэшчвае. Гэта не з’едлівасць, а канстатацыя факта, які тлумачыцца вельмі проста: чалавек хутка прывыкае да добрага. У тым ліку і да лагодных зім.

Аднак гэта не адмяняе геаграфічнай рэчаіснасці: беларускі клімат — пераходны ад марскога да кантынентальнага. Ці, калі засяродзіцца на галоўным, схільны да тэмпературна-ападкавага экстрэмізму.

Такім чынам, абільны снегапад і моцны вецер, якія абрынуліся на раён у мінулыя пятніцу-суботу, ніякі не форс-мажор, а варыяцыя ў межах нармальнага лютаўскага надвор’я. Хаця варыяцыя эфектная, не без таго.

Даведаемся, як змагаліся з наступствамі стыхіі кампетэнтныя службы.

УКП ЖКГ: “164 скаргі, 15 спецмашын і адзіны прыклад неабыякавасці”

Камунальная служба мабілізавала на расчыстку вуліц усю прыдатную тэхніку, нават смеццявозы. І яшчэ некалькі спецмашын арандавала ў ААТ “ПМК № 95 “Вадбуд” і “Водаканала”.

Першыя чатыры дні пасля завірухі работа ішла кругласутачна: днём — у горадзе, ноччу — у вёсках. Прыярытэтам у гэты перыяд былі падтрыманне больш-менш прымальных умоў для бяспечнага руху транспарту па вуліцах, вывазу смецця з кантэйнерных пляцовак на палігон ЦКА, дастаўкі харчовых прадуктаў і аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Канчаткова ж выкліканыя снегападам нязручнасці плануецца выправіць да канца тыдня.

Па стане на аўторак, 16 лютага, на прадпрыемства паступіла 164 тэлефонныя паведамленні аб неабходнасці тэрміновай дапамогі ў снегаачыстцы. Было і такое: некаторыя пажылыя, адзінока пражываючыя ва ўласных дамах людзі не маглі выйсці з двароў, таму што каліткі звонку аказаліся прыціснутымі гурбамі снегу, ссунутага з праезнай часткі вуліц. На такія сігналы рэакцыя была максімальна хуткай. Астатнія індывідуальныя заяўкі выконваліся па меры магчымасці. На момант напісання гэтага матэрыяла “чарга” ўсё яшчэ складалася з 15 пунктаў.

Дарэчы, толькі адзін шматкватэрны дом — жыллёва-будаўнічы кааператыў № 10 — аказаў камунальнікам дзейсную дапамогу. Жыхары арганізавалі міні-суботнік і расчысцілі ўласны двор. Як правіла, двары ў спальных раёнах горада шчыльна забіты легкавымі аўтамабілямі, так што чысціць іх грувасткай спецтэхнікай цяжка.

Магчыма, гэта і не галоўная прычына абыякавасці землякоў, аднак у крамах горада не так проста купіць снегавую лапату. Як узгадвалася раней, да мяккіх зім прывыклі ўсе.

З гэтай нагоды яшчэ адзін факт. Назапашаная ў адпаведнасці з існуючымі нормамі пясчана-солевая сумесь (суадносіны солі і пяску — 1:3) аказалася ў дадзенай сітуацыі малаэфектыўнай.

На дапамогу аператыўна прыйшлі дарожнікі, якія карыстаюцца больш агрэсіўнай ПСС. Увогуле, усе прадпрыемствы, што займаюцца расчысткай снегу, узаемадзейнічаюць цесна і дапамагаюць калегам усім, чым можна. У тым ліку запчасткамі.

Тэхніка ад напружанага рэжыму эксплуатацыі ламаецца даволі часта, а людзі трымаюцца. Хацелася б маральна падтрымаць тых, каму дасталіся асабліва цяжкія справы: машыніста пескараскідальніка Васіля Астаповіча, начальніка аварыйнай службы Таццяну Старавойтаву, вадзіцеляў Мікалая Паходава, Генадзя Стэльмаха, Яўгенія Кузьміча, майстра па добраўпарадкаванні Святлану Фіняк, прыбіральшчыкаў тэрыторый Земфіру Гурскую, Валянціну Круглікаву і ўсіх іх калег, якім давялося ўручную расчышчаць прыпыначныя пункты і значную частку тратуараў.

ДЭУ-73: “Пагрузчыкі ездзілі ўпоперак праезнай часткі”

Гэта арганізацыя наглядае за дарогамі рэспубліканскага значэння, чыя прапускная здольнасць мае найвышэйшы прыярытэт.

З трасай Мінск-Гомель асаблівых складанасцей не ўзнікала, калі не ўлічваць стан паркоўкі на “камарынскай” АЗС. Там таўшчыня снегавога покрыва набліжалася да 1 метра, і расчыстка зусім невялікай пляцоўкі расцягнулася амаль на палову дня.

На іншых дарогах сур’ёзных намаганняў патрабавала ліквідацыя сумётаў на адкрытых участках мясцовасці. Снежныя валы дасягалі ў некаторых мясцінах такіх вялікіх памераў, што прабіць іх уздоўж не магла ніякая тэхніка. Расчыстку давялося весці даволі марудным і працаёмкім спосабам: пагрузчыкі каўшамі набіралі снег і звальвалі яго на ўзбочыны. Вышэйшы пілатаж для вадзіцеляў: калі машына з’едзе на поле, яна абавязкова ўгрузне — глеба пад снегам не замерзла.

Асаблівую арганізаванасць і прафесіяналізм у напружаны перыяд праявілі грэйдарыст Рыгор Сямашка, вадзіцелі пагрузчыкаў Андрэй Пiсарэвіч i Уладзiмiр Казачонак, вадзіцелі Сяргей Пратасiч, Віталь Куцечка i многiя iншыя.

А найбольш мудрагелістай справай для ДЭУ стала расчыстка тратуараў у Свіслачы і ўздоўж вуліцы Юбілейнай у Асіповічах. Спецыяльны кампактны трактар супраць шчыльнага снегу аказаўся непрыдатны (буксуе ці нават глохне), а іншую тэхніку ўжываць немагчыма: яна не ўпісваецца ў габарыты пешаходных дарожак.

ДРБУ-199: “Ад “рэанімацыі” К-700 да ратавання вясельнага картэжу”

Па нарматывах ДРБУ павінна было пачаць расчыстку пасля завяршэння снегападу, але тут вырашылі падстрахавацца і перайшлі на аўральны рэжым работы яшчэ суботняй раніцай. І правільна зрабілі, бо ўжо ў сярэдзіне дня ўгрузнуўшыя на раённых дарогах і ў дачных пасёлках вадзіцелі пачалі масава падаваць сігналы “sos”. На адной з самых ажыўленых дарог — Асіповічы-Дараганава — патрапілі ў снегавую пастку каля 20 легкавушак.

Прычыны, па якіх землякі рызыкавалі выязджаць у завіруху, былі рознымі, аднак тут важна іншае. Пераважная колькасць тых, хто быў вымушаны зваць на дапамогу, не мелі пры сабе ні лапат, ні тросаў. У дарожнай тэхнікі тросы ёсць, аднак яны на буксіроўку легкавушак не разлічаны…

Ну а верхам вадзіцельскай легкадумнасці стала паездка вялікага шлюбнага картэжу ў Прошчу. Туды заехаць паспелі, а вось каб вярнуць “вясельных экстрэмалаў” дадому, давялося пераганяць у самую завіруху грэйдар з-пад вёскі Брадзішча: бліжэй падыходзячай тэхнікі не было. Выратавальная аперацыя доўжылася больш за 4 гадзіны.

ДРБУ павінна ў першую чаргу расчышчаць дарогі раённага значэння і галоўныя вуліцы вёсак, аднак даволі часта даводзілася рабіць перапынкі для дзвюх больш тэрміновых спраў — “прабіваць” пад’езды да вясковых могілак і суправаджаць машыны хуткай дапамогі.

Ключавым звяном у барацьбе ДРБУ з глыбокімі сумётамі стаў старэнькі “Кіравец”, асна-шчаны бульдозерным адвалам. Ён спраўляецца там, дзе сучасная, больш далікатная, тэхніка грузне ці ўвогуле ламаецца.

Звышмагутны і вельмі дарагі ў эксплуатацыі трактар даўно стаяў без справы, і вышэйстаячае кіраўніцтва настойліва раіла яго спісаць. Аднак тэхніка “жывая”, і захаваўшыя яе дарожнікі не прагадалі. Праўда, ёсць нюанс: у калектыве арганізацыі сёння толькі адзін трактарыст, які мае вопыт работы на гэтым чатырохколавым монстры. Для разумення: расчышчаць снег “Кіравец” можа толькі рухаючыся заднім ходам. Пры гэтым трактарыст сядзіць у кабіне, гледзячы назад у вельмі нязручнай позе (вадзіцелі ведаюць). Дык вось вадзіцель “Кіраўца” Уладзімір Баганік працаваў так амаль тыдзень па 20 гадзін у суткі! Але дарожнік успрымае цяжкасці з прафесійным гонарам: “Гэта ж мая работа!”

І не ён адзін, а і грэйдарысты Аляксандр Шалгун, Аляксандр Лапанік, трактарысты Пётр Вікторчык, Анатоль Шыла, Сяргей Прыбыльскі, вадзіцелі  МАЗаў Уладзімір Калячка, Мікалай Кочатаў, Аляксандр Жыгала, Юрый Міхалап, Ігар Ткачоў, Ігар Меляшкевіч, Алег Кубрын.

А напрыканцы — нюанс, над якім варта падумаць. За перыяд напружанай барацьбы з наступствамі снегападу ў адрас ДРБУ паступіла каля 200 скаргаў на марудную і няякасную работу. І толькі адна падзяка.

Последние новости

Общество

Где в Осиповичском районе можно купаться не нарушая закон?

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Бойцы студотрядов Осиповичского района приступили к работе

7 июня 2025
Читать новость
80 лет Великой Победе

Реалии нацистской оккупационной политики в Беларуси на примере Осиповичского и соседних с ним районов.

7 июня 2025
Читать новость
Здравоохранение

В Осиповичскую центральную районную больницу уже поступило 238 новых компьютеров, приобретенных за счет республиканского бюджета

7 июня 2025
Читать новость
Общество

Могилевская область — победитель республиканского смотра-конкурса, проводимого в рамках выставки «БЕЛАГРО-2025»

6 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко утвердил новации в контрольной деятельности

6 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем