Коротко о разном. Осиповичи

Коратка
Адзіны дзень бяспекі пройдзе з 20 лютага па 1 сакавіка. Актывізацыя намаганняў усіх дзяржаўных устаноў у гэтыя дні накіравана на прапаганду бяспечных умоў пражывання насельніцтва, развіццё ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці і правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем.
Комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні дарожна—транспартных здарэнняў з удзелам уразлівых удзельнікаў дарожнага руху Дзяржаўтаінспекцыя правядзе з 22 па 28 лютага. Сярод мэт комплексу — папулярызацыя выкарыстання пешаходамі святлоадбіваючых элементаў і камізэлек павышанай бачнасці ў цёмны час сутак.
У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі зараз налічваецца 7 604 прадметы ў асноўным фондзе і 590 — навукова-дапаможным. За мінулы год у асноўны фонд на пастаяннае захоўванне паступіла 184 прадметы.
У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўнесена 107 аб’ектаў нашай малой радзімы. Гэта 8 помнікаў гісторыі, 98 — археалогіі і 1 — архітэктуры.
Гульнявую праграму для дзяцей «Я, ты, ён, яна — разам дружная краіна», прысвечаную Году народнага адзінства, арганізавала Лапіцкая сельская бібліятэка сумесна з мясцовым клубам. Рабяты актыўна ўдзельнічалі ў камандных конкурсах: збіралі з пазлаў слова «Беларусь», спаборнічалі ў сіле, спрыце і кемлівасці, адказвалі на пытанні пазнавальнай віктарыны «Сімволіка краіны». Мерапрыемства суправаджалася тэматычнай выставай-дыялогам «Мой дом — мая Беларусь», дзе былі прадстаўлены інфармацыйныя матэрыялы, якія апавядаюць пра прыгажосць і прыроднае багацце нашай краіны, яе гісторыі.
Заяўкі на вылучэнне месцаў для мэтавага паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры ў 2021 годзе прымаюцца ад выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Асіповіччыны да 19 сакавіка.
Дадатковая інфармацыя — у сектары спорту і турызму райвыканкама (каб. 306, 2 корпус, тэл. 66-053), раённай ДЮСШ (тэл.: 60-945, 56-511, 51-658).
