Жизнь нужно любить

Жизнь нужно любить

Лёсы

Мабыць, кожны марыць у 90 гадоў чытаць без акуляраў газеты, палоць грады і вязаць шкарпэткі, як гэта робіць асіпаўчанка Марыя Антонаўна Худавец. Пацікавіліся ў зямлячкі сакрэтамі жыццёвай актыўнасці. І пачулі цікавы аповед пра доўгае і няпростае, але сумленнае жыццё.

Дзяцінства яе прайшло ў вёсцы Варатынь Бабруйскага раёна. Звычайная вясковая сям’я: гадавалі траіх дзяцей, займаліся адвечнымі сялянскімі справамі, у якія зусім не ўваходзіла вайна. Але тая ўварвалася без запыту і парушыла ўсё жыццё.

Вёска знаходзілася за 30 кіламетраў ад Жлобіна. Лінія фронту доўга размяшчалася літаральна побач, таму спакою жыхары не ведалі. У час страляніны і бамбёжак дзеці хаваліся на печ, думаючы, што ўтульны куточак, які ратаваў ад холаду, абароніць і ад ворага. А той лютаваў! Не засталося ніякай жыўнасці ў   акрузе, харчаваліся адной бульбай. І жылі ў пастаянным страху…

Пасля вызвалення дзяўчынка прадоўжыла вучобу ў школе, у якую да вайны пахадзіла толькі дзве зімы. Адолеўшы яшчэ 4 класы, стала рабіць на ферме. Уручную даіла кароў, акрамя таго, за дзень даводзілася павыцягваць з калодзежа шмат дзясяткаў вёдзер вады, каб напаіць статак.

Выйшла замуж за хлопца, з якім разам працавалі. Нарадзіла трох дачок. А потым сям’я прадала хату на Бабруйшчыне і перабралася ў суседнія Асіповічы. Тут і жыве Марыя ўжо каля паловы веку.

Работу жанчына заўсёды любіла. І бралася за ўсё, што прапаноўвалі. Была сторажам, ахоўвала аўтабазу. А потым перайшла ў гасцініцу “Асіповічы” і          24 гады адпрацавала пакаёўкай.

Пра апошні адрэзак работы Марыя Антонаўна расказвае падрабязна. Тады наш атэль меў толькі 2 паверхі, і людзей у ім працавала менш, чым цяпер. Але нумары не пуставалі, часта ўсе 50 месцаў былі заняты, бо раней пра аграсядзібы ды прыватныя кватэры, якія можна зняць на суткі, ніхто нават не чуў. Шмат было камандзіраваных. Спыняліся ў нумарах і турысты ды розныя падарожнікі. Часта арганізаваныя групы, якія накіроўваліся на экскурсіі з Украіны ў Мінск, не знаходзілі месца пражывання ў сталіцы і атабарваліся ў нашым райцэнтры. А калі пачалося будаўніцтва кардонна-руберойдавага завода, у горад часта прыязджалі будаўнікі і спецыялісты іншых спецыяльнасцей, якіх таксама гасцінна сустракалі ў атэлі. Таму работа пакаёвак была вельмі працаёмкай: даводзілася паспяваць своечасова прыбіраць пакойчыкі, мяняць бялізну, засяляць і высяляць пастаяльцаў.

Марыя Антонаўна атрымоўвала нямала падзяк ад пастаяльцаў, якія цанілі яе ветлівасць, руплівасць, шчырасць: і чай хуценька падасць, і парадак у імгненне вока навядзе, і пра горад раскажа. Двойчы нават пажары змагла папярэдзіць старанная працаўніца. Аднаго разу безадказны камандзіраваны заснуў, не патушыўшы цыгарэты, і не пачуў, як пачала курыцца пасцель. Наглытаўшыся дыму, ён бы і не прачнуўся, калі б не пакаёўка. Яна паклікала цырульніка з двума яго кліентамі — разам яны вынеслі небараку з пакоя і аказалі першую дапамогу. Здарылася і ў прыбіральні тушыць падпаленае ў вядры смецце.

Муж Марыі Рыгор быў аператарам кацельні на ЗЖБК. Разам выгадавалі дачок. Дзве з іх засталіся ў Асіповічах. Трэцяя з сям’ёй жыла ў Данецку, а потым перабралася ў Амерыку. І як ведала: іх дом праз некалькі гадоў у час бамбёжкі быў ператвораны ў руіны.

Зараз Марыя Антонаўна шчаслівая бабуля. Унукі, праўнукі і нават ужо прапраўнук радуюць яе. І ніякіх асаблівых сакрэтаў, аказваецца, у яе няма. Проста шчыра ставіцца да ўсяго, што робіць. Любіць жыццё, і яно адказвае ўзаемнасцю.

Последние новости

Общество

Сегодня осиповичской районке 94 года. Публикуем воспоминания Янины Горишняк, работавшей в газете с 1955 по 1957 годы

10 июня 2025
Читать новость
Общество

Прямая линия с заместителем начальника Могилевской таможни

10 июня 2025
Читать новость
Общество

Делегация Осиповичского района приняла участие в торжественном открытии Национального футбольного стадиона

10 июня 2025
Читать новость
Общество

Ждать ли теплого лета? Прогноз погоды на неделю

10 июня 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 10 июня для всех знаков зодиака

10 июня 2025
Читать новость
Общество

Приглашаем всех на семейный фестиваль “Властелин села – 2025” в агрогородке Вязье!

9 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем