Талон да асіповіцкага ўрача: будзённая справа ці нязбытная мара?
Якасць абслугоўвання пацыентаў у раённай паліклініцы
выклікае даволі супярэчлівыя пачуцці. Прыемна, калі чалавек атрымаў кваліфікаваную
дапамогу і пайшоў з медустановы ў добрым настроі. Аб такіх візітах рэдакцыі
даводзіцца нярэдка чуць — не так даўно, напрыклад, чытачы выказвалі словы
падзякі дактарам Алене Міхалькевіч, Людміле Навічук і Інэсе Сладзікавай. Але,
на жаль, бывае і іншае. У прыватнасці, даводзіцца выслухоўваць нараканні
пацыентаў на работу паліклінікі, ды і наогул у “АК” хапае пытанняў па
рабоце медустановы. Таму, абагульніўшы іх, і звяртаемся за тлумачэннямі да
галоўнага ўрача цэнтральнай райбальніцы Яўгена Цхаўрэбава і намесніка
галоўурача па паліклінічным раздзеле работы Любові Ёрш.
— Талоны да ўрачоў выдаюцца толькі раніцай. Чаму вечарам,
пасля работы, асіпаўчанін не можа прыйсці ў рэгістратуру, каб узяць патрэбны
квіток?
Л.Ё.: Для гэтага не абавязкова іменна наведвацца да нас.
Дастаткова патэлефанаваць у рэгістратуру, а потым у назначаны час прыйсці,
узяць талон і сустрэцца з доктарам. Званкі-заяўкі прымаюцца з 11 да 12 гадзін
ад сельскіх жыхароў, з 12 да 14 — ад гараджан. Стараемся ўсё зрабіць для
зручнасці пацыентаў.
— Але мноства нараканняў з-за таго, што ў гэты час
немагчыма дазваніцца да рэгістратуры…
Л.Ё.: У нас устаноўлены многаканальныя тэлефоны, але іх
магчымасцей не хапае, што ў многім абумоўлена жаданнем пацыентаў расказаць
медсястры падрабязна аб хваробе. Неабходна свае патрабаванні фармуляваць
выразна, дакладна і лаканічна, а людзі пачынаюць скардзіцца на жыццё, вырашаць,
да якога доктара ім варта звяртацца. Вось другія і не могуць дазваніцца — лінія
занята. Таму ў бліжэйшы час плануем павялічыць колькасць тэлефонных нумароў у
рэгістратуры.
— Калі ранішняму наведвальніку паліклінікі пашанцуе і
доўгачаканы талон будзе атрыманы, ён у разгубленасці, што далей рабіць. На
паперцы значыцца, напрыклад, 9.13 — можна пару гадзін “пагуляць”, а
як 15.47 — трэба бегчы на работу, каб потым адпрасіцца. Кіраўнік жа любой
установы наогул не мае права адпускаць працаўніка ў рабочы дзень па нейкіх
асабістых справах. Лагічнае пытанне: чаму ўрачы не прымаюць па вечарах і ў
выхадныя дні?
Я.Ц.: З-за недахопу кадраў. Пры аб’яднанні дзвюх медустаноў
раёна колькасць пацыентаў павялічылася дзесьці на 8 тысяч чалавек, а ў
медыцынскі “полк” прыбыло ўсяго 5 дактароў, затое звольнілася каля
двух дзясяткаў. Стараемся аптымізаваць работу медустановы, гадзіны прыёму
дактароў. На жаль, не ўсе патрабаванні пацыентаў можам задаволіць. Гэта
датычыць работы вузкіх спецыялістаў, якіх налічваецца па 1-3. Па той жа прычыне
не можам і запісваць людзей на прыём на тыдзень-два наперад. Напрыклад, зараз
захварэла ўрач-гінеколаг, прымае толькі адзін малады спецыяліст, а калі б
запісаліся пацыенты наперад, то пайшлі б скаргі. Тое і з неўролагамі, да якіх
заўсёды вялікі паток пацыентаў.
Л.Ё.: Па магчымасці плануем работу спецыялістаў у дзве
змены, але не заўсёды гэта атрымоўваецца: яны яшчэ павінны паспяваць
ажыццяўляць агляд дапрызыўнікаў у ваенкамаце, выязджаць на раён для наведвання
ветэранаў, на прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.
— А калі можна будзе запісацца на прыём да медыка праз
інтэрнэт?
Я.Ц.: У наступным годзе плануем атрымаць і падключыць да
лакальнай сеткі 40 камп’ютараў — тады і стане магчымым дадзены від паслугі. І
наогул інфарматызацыя — у планах паліклінікі.
— Адпрасіўшыся на гадзіну з работы, чалавек прыходзіць да
ўрача да вызначанага ў талоне часу, а ля дзвярэй яго сустракае натоўп
“сяброў па няшчасці”. Аказваецца, што тэрміны прыёму не
вытрымліваюцца, хворыя пачынаюць “высвятляць адносіны”, нервуюцца і
пагаршаюць і без таго дрэннае самаадчуванне. Чаму, напрыклад, медсястры не
рэгуляваць пацыентапаток?
Л.Ё.: Пашкадуйце нашых медсясцёр! Яны і так перагружаны, а
дададзім яшчэ абавязкі “рэгуліроўшчыка” — калі ж будуць выконваць
непасрэдныя абавязкі? Людзям трэба самім быць больш спагадлівымі і
добразычлівымі, разумець, што кожны хоча патрапіць да доктара са сваёй бядой, а
не проста прыйшоў пагутарыць. На прыём аднаго хворага адводзіцца ад 7 да 15
мінут, але не заўсёды атрымоўваецца ўкласціся ў гэты стандарт. Бываюць розныя
няштатныя сітуацыі, даводзіцца звяртацца да іншых спецыялістаў, доўга
выслухоўваць…
Мы прымаем усіх, хто звярнуўся па дапамогу. Напрыклад,
працуючы на паўстаўкі, доктар павінен прыняць 22 пацыенты, а даводзіцца
дапамагаць і 60-ці. Ужо на добраахвотных пачатках, з-за спагадлівасці…
— Не адзін з хворых хоча атрымаць накіраванне ў медустановы
сталіцы, але не атрымоўвае яго. Чаму?
Я.Ц.: У нас заключаны дамовы з усімі медыцынскімі
ўстановамі вобласці, у адпаведнасці з якімі доктар можа накіраваць пацыента ў
Магілёў ці Бабруйск. Калі абласныя спецыялісты не змогуць справіцца з праблемай
і палічаць неабходным, то яны адправяць чалавека ў Мінск. Такое практыкуецца ва
ўсёй краіне. На абласным узроўні лечыцца абсалютная большасць захворванняў, а
таму перагружаць сталічныя паліклінікі і цэнтры не мае сэнсу.
— Для таго, каб выпісаць лекі ці даведацца аб выніках
аналізаў, трэба адстаяць чаргу, узяць талон, патрапіць на прыём да ўрача. Ці
нельга скараціць гэты ланцужок?
Л.Ё.: Тэрапеўт выпісвае лекі на 3, а ў выпадку пастаяннага
іх прыёму — на 6 месяцаў. А праз паўгода, пагадзіцеся, чалавеку, які пакутуе на
хранічныя захворванні, усё роўна варта наведаць медкабінет і прайсці дадатковыя
абследаванні — магчыма, памяняецца дазіроўка ці схема прыёму медыкаментаў. Тое
і з аналізамі, на падставе якіх будуць зроблены ўсе неабходныя назначэнні. Для
гэтага, зразумела, трэба сустрэцца з доктарам.
— Ці можна выбіраць тэрапеўта па жаданні? Альбо вечарам
звярнуцца ў паліклініцы да любога тэрапеўта, які тады вядзе прыём?
Л.Ё.: Урачы гэтай спецыялізацыі прымаюць па
тэрытарыяльна-ўчастковаму прынцыпу. Яны і так абслугоўваюць большую колькасць
пацыентаў, чым павінны — куды яшчэ іх перагружаць і ўносіць блытаніну? Тэрапеўт
можа прыняць хворага з іншага ўчастка толькі ў асобных выпадках: высокі ціск,
тэмпература, моцны боль. Калі ж хтосьці хоча выбраць урача, то гэта робіцца па
пісьмовай заяве пацыента і толькі пры згодзе самога доктара.
— Сельскі жыхар працуе ў горадзе. Куды ён павінен звяртацца
па медыцынскую дапамогу пры ўмове, што дамой трапляе толькі каля 18 гадзін?
Л.Ё.: У ФАП, амбулаторыю або бальніцу па месцы жыхарства.
Яму трэба адпрасіцца з работы і паехаць да вясковага ўрача. Гарадскія тэрапеўты
проста фізічна не могуць прымаць яшчэ і сяльчан.
— Бываюць і скаргі на няўвагу, грубасць з боку медыкаў…
Я.Ц.: Усе, у тым ліку і медыкі, жывыя людзі. Здараецца, што
і самі хворыя правакуюць іх. Хоць мы пастаянна звяртаем увагу на культуру
абслугоўвання, але не заўсёды ўсё ідзе гладка. Узаемаадносіны хворага і
чалавека ў белым халаце знаходзяцца на кантролі, за грубасць караем. Хачу
заклікаць усіх жыхароў раёна: калі хочаце, каб медыкаў не станавілася менш —
паважайце іх, не абражайце. Паверце: не так лёгка і ім ва ўмовах недахопу
кадраў выконваць абавязкі “за сябе і таго хлопца”.
— А які наогул прагноз па кадрах у нашых медустановах?
Я.Ц.: Жыллё і добрая зарплата — вось чаго мы не можам даць
сёння спецыялістам. Нядаўна, напрыклад, сямейная пара — два вопытныя ўрачы —
прапанавалі свае паслугі раёну, але пры ўмовах прадастаўлення жылля. А ў нас
яго няма… Тое ж і з выпускнікамі ВНУ: койкамесца ў інтэрнаце іх ужо не
задавальняе…
Так што давайце не накопліваць гнеў і абурэнне ў адносінах
да медыкаў, а з разуменнем ста-віцца да іх нялёгкай справы. Тым самым зберажом
і сваё ўласнае здароўе, і іх. А мы ў сваю чаргу будзем рабіць усё для таго, каб
якасць медыцынскага абслугоўвання павышалася.
Іна Заскевіч.