Работа с трудностями

Адукацыя і выхаванне
У дзіцячых садках дзейнічае шэсць інтэграваных груп
Новы навучальны год у дашкольных установах стаў адметным для спецыялістаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі адкрыццём дзвюх новых інтэграваных груп у дадатак да чатырох існуючых. Чым адрозніваецца такая спецыялізаваная група ад звычайнай? Даведаліся падрабязнасці ў намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Ганны Шуць:
— Інтэграваная група прадугледжвае выхаванне і навучанне ў адным калектыве дзяцей, якія маюць развіццё ў адпаведнасці са сваім узростам, з дзецьмі, якім патрэбна спецыяльная праграма, маюць праблемы ў навучанні, з цяжкімі парушэннямі маўлення ці інтэлекту.
— Наколькі запатрабаваныя такія групы ў нашым раёне?
— На ўліку ў цэнтры знаходзіцца 801 дзіця з асаблівасцямі развіцця. У мінулым годзе налічвалася 780, а ў 2018 — 730. Відавочна, што колькасць дзяцей, якім патрэбна дадатковая дапамога спецыялістаў, расце. Таму інтэграваныя групы проста неабходны. Зараз у нас 6 такіх груп. Усе знаходзяцца ў гарадскіх садках. У кожнай з іх можа выхоўвацца толькі чатыры дзіцяці з парушэннямі развіцця. Канечне, хто не трапіў у такую групу, можа займацца на пунктах педагагічна-карэкцыйнай дзейнасці ў дзіцячых садках ці ў нашым цэнтры. Але ў некаторых выпадках гэтых заняткаў недастаткова. Таму хочацца адкрыць як мага больш інтэграваных груп, бо калі дзіця яшчэ малое, намнога лягчэй “падцягнуць” яго да аднагодак.
— Як наладжаны педагагічны працэс у інтэграваных групах?
— У выхавальнікаў ёсць агульная праграма, па якой яны займаюцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Канечне, калі ў адным калектыве знаходзяцца дзеці развітыя па сваім узросце і тыя, хто мае якія-небудзь парушэнні, у педагога ўзнікаюць дадатковыя цяжкасці, бо ўсіх выхаванцаў неабходна падрыхтаваць да школы, навучыць таму, што кожны павінен ведаць і ўмець у пэўным узросце. Таму вялікае значэнне надаецца педагагічным метадам і прыёмам: дзесьці выкарыстоўваць больш наглядныя прыклады, шматразова паўтараць інфармацыю, займацца дадаткова індывідуальна і гэтак далей. Такім чынам гэта не толькі час, але і псіхалагічны падыход выхавальніка. Некаторыя парушэнні ў развіцці выпраўляюцца, аднак ёсць праблемы, якія не заўсёды можна вырашыць заняткамі. Гэта залежыць перш за ўсё ад характару парушэння. У любым выпадку, займаючыся ў інтэграваных групах амаль нараўне з іншымі, дзеці з цяжкасцямі падцягваюцца ў ведах і навыках.
— Як ставяцца бацькі да таго, што іх сыны і дочкі будуць выхоўвацца разам з асаблівымі дзецьмі?
— Па-рознаму. Некаторым падабаецца такі варыянт за кошт маленькай напаўняльнасці: у інтэграванай групе павінна быць не больш за 12 выхаванцаў. Але, на жаль, ёсць і тыя, хто баіцца, што іх дзіця пачне адставаць у развіцці. Яшчэ адзін фактар, які мае месца: а што скажуць людзі?. Многія залежаць ад чужога меркавання і адказваюцца весці дзіця ў такую групу, бо знаёмыя “не так зразумеюць”. Гэта вельмі непрыемны момант. Мы жывём у соцыуме, кожны з нас індывідуальны, і калі ў хлопчыка ці ў дзяўчынкі штосьці атрымліваецца не так, як у астатніх, нельга гнаць яго ад сябе ці адасабляцца.
— Калі трэба звяртацца па дапамогу да спецыялістаў і куды?
— Як мага раней. Лепш звярнуцца і пачуць, што ўсё добра, ці, наадварот, адразу пачаць вырашаць праблему, чым закрываць вочы на нейкія недахопы ў паводзінах дзіцяці і спадзявацца на “перарасце”. Часцей за ўсё некаторыя бацькі бачаць праблему, але не жадаюць яе прызнаваць. Цягнуць да апошняга і прыводзяць дзяцей у пяць ці наогул у сем гадоў. Вось тады сапраўды цяжка не толькі нам падцягнуць дзіця да неабходных навыкаў, але і самому выхаванцу “перабудоўваць” сябе. На жаль, не ўсе бацькі гэта разумеюць. Спадзявацца на цуд нельга. Як толькі заўважылі штосьці адметнае, трэба звярнуцца да спецыялістаў. Калі дзіцё ходзіць у садок, то выхавальнік вызначыць недахопы ў паводзінах выхаванца і абавязкова скажа пра гэта бацькам. Але і апошнім у сваю чаргу трэба цікавіцца, як іх сын ці дачка паводзяць сябе. Зараз ёсць шмат літаратуры пра развіццё дзяцей, ды і інтэрнэт ніхто не адмяняў. Кожны можа даведацца, што павінна ўмець дзіця ў пэўны час свайго жыцця, і ўбачыць недахопы, калі яны ёсць. Шмат бацькоў спа-дзяюцца на педыятраў, але яны ў першую чаргу адказваюць за фізічнае здароўе, ды і пры іх загружанасці і малым часе на прыём не заўсёды могуць убачыць наяўнасць праблемы. Таму бацькам неабходна больш цікавіцца сваімі дзецьмі і цвяроза ацэньваць сітуацыю. Калі сынок ці дачушка не гавораць да трох гадоў, ужо неабходна звяртацца да спецыялістаў. У нас ёсць ранняя комплексная дапамога, заняткі з дэфектолагам. Увогуле, калі існуюць пытанні наконт развіцця, адразу трэба звярнуцца ў цэнтр, бо чым раней пачнём выпраўляць парушэнне, тым больш паспяховым будзе вынік нашай працы.
— Што параіце бацькам?
— Больш размаўляйце са сваімі дзецьмі. Вельмі важна, каб быў дыялог. Зносіны з мамай і татам, менавіта двухбаковая зацікаўленая гутарка для малога неабходныя як паветра. З размовы нашы сыны і дачушкі спазнаюць свет. І, калі вашы маленькія знаходзяцца побач, адкладзіце свае тэлефоны, працу, навіны ў сацсетках. Пагутарце з маленькім чалавечкам, даведайцеся, як прайшоў яго дзень, што яму спадабалася, і пачуеце штосьці цікавае. Адкажыце на ўсе пытанні, бо перш за ўсё дзіця вучыцца ў сваіх бацькоў, а ўжо потым — у астатніх людзей.