Асіповіцкі раён: мікратапанімічны слоўнік


былога
Каменіцкага сельсавета, у які ўваходзілі вёскі Асавок, Каменічы, Цэзарова,
Яноўка.

Складзены вучнямі Каменіцкай СШ з дапамогай настаўнікаў беларускай
мовы і геаграфіі

Асавок — вёска. Вядома як засценак з ХІХ ст.

Акцябрская — вуліца, узнікла на былым полі. Знаходзіцца на захад ад вёскі.
Пабудавана для перасяленцаў з Чарнобыля ў канцы 1987 года.

Альхоўка — рэчка. Працякала ў Яноўцы. У 80-я гады каналізіравана.

Асінавы Лог — поле. Знаходзіцца на поўдзень ад вёскі Каменічы. Узнікла
напрыканцы ХІХ стагоддзя. Паходзіць ад слова асіны, якіх у гэтым месцы
было многа. Лог — месца было нізкае.

Асціжаўка Бліжняя і Дальняя — поле, раней — казённая лясная стража.
Знаходзіцца на ўсходзе. Вядома з пачатку ХІХ ст. Паходзіць ад прозвішча Асціжаў
— дварэцкага, які служыў у пана Піятрыкоўскага, які жыў тут у дарэвалюцыйны
час.

Бабруйская — вуліца ў Цэзарове.

Барсукі — кар’ер, раней урочышча. Размешчаны на поўдзень ад вёскі
Каменічы. Вядома з пачатку 80-х гадоў ХІХ ст. Калісьці — гарыстыя мясціны.
Падчас будаўніцтва дарогі тут бралі пясок. З часам утварыўся кар’ер. У горах
было многа барсуковых нор.

Барыса Дзмітрыева — вуліца ў Каменічах. названа ў гонар Героя Савецкага Саюза
партызана-падрыўніка Барыса Дзмітрыева, які загінуў у лютым 1943 года ў вёсцы.

Бачкарка — поле, раней — урочышча. Узнікла напрыканцы ХІХ ст. Там жыла
сям’я, гаспадар якой займаўся кляпаннем бочак.

Белае — лес. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе. Даўней — чыстае,
незасаджанае месца. Пры панаванні Піятрыкоўскага яно было засаджана бярозамі.

Буралом — лес. Знаходзіцца на ўсходзе. Узнікла ў        20-я гады мінулага ст. Якраз у гэтым
месцы прайшоўся вялікі буран, які паламаў шмат дрэў. Утварыліся завалы, якія
людзі доўга не маглі расчысціць.

Вароцішча — поле, раней — урочышча. Знаходзіцца на захад ад вёскі. Утворана
ад слова вароты. З гэтага месца пачыналася вёска Каменічы.

Возера — возера. Знаходзіцца на ўсход ад вёскі. Утворана напачатку 90-х
гадоў.

Выган — луг. Былы ўчастак свабоднай (грамадскай) зямлі. Вядома з першай
паловы ХХ ст. Тут будаваліся маладыя сем’і, якія ішлі на сваю гаспадарку
(выганяліся). Таксама луг служыў месцам, куды гаспадыні выганялі раніцай кароў,
якіх чакаў пастух.

Выжары — луг. Знаходзіцца на ўсход ад вёскі Яноўка. Назва ўзнікла ў 30-я
гады ХХ ст. Азначае гарэлае месца. У час сенакосу нехта неасцярожна абышоўся з
агнём. Выгарэла ўсё сена: пакосы, стагі.

Вялікае Поле — поле. Знаходзіцца на ўсход ад вёскі Каменічы. Узнікла напачатку
ХХ ст. Азначае якасць ворнай зямлі: вялікае, добрае, урадлівае, якое дае багаты
ўраджай.

Гараўшчына — лес і поле, раней — хутар. Знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад
вёскі Яноўка. Узнікла напачатку ХХ стагоддзя. Доўгі час на гэтым месцы жылі
шляхцічы Гараўскія, якія затым пераехалі ў вёску.

Германаў Лес — лес. Знаходзіцца паміж Асаўком і Казіміровам. Калісьці лес
належаў пану Герману Піятрыкоўскаму. Вядома з ХІХ ст.

Домікі — былое поле, зараз вуліца Акцябрская. Знаходзіцца ў паўночнай
частцы Каменіч. На полі напрыканцы 80-х гадоў ХХ ст. пабудавалі тры
2-павярховыя дамы.

Жоўтая Капля — невялікі штучны вадаём. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад
вёскі. Вядома з канца 80-х гадоў ХХ ст. Вадаём быў выкапаны для адпачынку
вяскоўцаў. Па форме ён нагадваў кроплю (каплю). Вада ў ім напачатку чамусьці
была жоўтая.

Зарагоўе — поле. Знаходзіцца на ўсходзе ад вёскі Каменічы. Узнікла ў ХХ
стагоддзі. Поле звужаецца ў бок лесу ў выглядзе рога.

За садам — поле, размешчанае за калгасным садам. Знаходзіцца на паўднёвым
усходзе ад Каменіч. Узнікла ў ХХ стагоддзі.

Ермаліншчына — поле, раней — хутар. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад
Каменіч. Вядома з ХХ ст. Калісьці там жылі шляхцічы Ермалінскія.

Казімірова — вёска. Вядома як маёнтак памешчыкаў Нямчынавічаў з ХІХ ст.
Паходзіць ад імя Казімір.

Каменіцкія Могілкі — могілкі. Знаходзяцца на ўсход ад вёскі.

Каменічы — вёска. Былы цэнтр сельсавета. Цэнтр аграгарадка, цэнтр калгаса
“Новы шлях”. Назва ўзнікла ў ХVІ ст. У актавых кнігах Мінскага земскага суда
зроблены наступны запіс: “Граница села Каменичи — от урочища Каменной Нивки
вниз до речки Притерпы (р.Каменка)”.

Каменка — рэчка. Вядома з ХVІ ст.

Каля Крывой Бярозы — лес. Знаходзіцца на ўсход ад Каменіч. Узнікла ў ХХ ст. Гавораць:
“Брала ягады каля крывой бярозы”. Месца, дзе расце крывая бяроза.

Каля Стражы — поле. Знаходзіцца на ўсход ад Каменіч. Вядома з ХІХ ст. Раней
на тым месцы была казённая лясная стража.

Кантора — кантора. Цэнтр калгаса “Новы шлях”.

Кармень — поле. Знаходзіцца на поўдзень ад Каменіч. Вядома з канца ХІХ ст.
Па форме падобна на карман, кішэню.

Касмічная — вуліца ў былых Вялікіх Каменічах.

Квартал — поле, раней — квартал лесу. Знаходзіцца на ўсход ад Каменіч.
Выразалі лес, выкарчавалі пні, зааралі. Месца ж сталі называць кварталам.
Вядома з ХХ ст.

Клімкова Пасека — луг і частка поля. Знаходзіцца на поўнач ад в. Каменічы. Вядома
з пачатку ХХ ст. Калісьці там жыў шляхціч Клім, які трымаў пасеку.

Краснае — былая вёска. Перастала існаваць у канцы 90-х гадоў.

Краснаполле — поле, раней — хутар, дзе жылі заможныя гаспадары. Знаходзіцца
на поўдзень ад Каменіч. Вядома з ХІХ ст. Складаны назоўнік, утвораны ад двух
слоў. У мінулым слова краснае характарызавала прадмет са станоўчага
боку.

Краснік — лес. Знаходзіцца на захад ад Каменіч. Вядома з ХІХ ст.
Назва-характарыстыка, што абазнае прыгожае, галоўнае.

Крыніца — поле. Знаходзіцца на ўсход ад Каменіч. Вядома з ХІХ ст. На тым
месцы б’е крыніца.

Кузьмоў хутар — поле з участкам лесу. Назва ўзнікла з ХХ ст. Раней на тым месцы
жыў селянін Кузьма.

Курганы — лес. Знаходзіцца на захад ад Каменіч. Вядома здавён. Узвышша,
на якім зараз расце лес. Старажытныя могільнікі.

Лісіны Хвост — сенакос. Знаходзіцца на ўсход ад Каменіч. Узнікла ў ХІХ ст.
Гавораць, быццам бы адзін паляўнічы злавіў тут лісу за хвост.

Лісічкі — урочышча. Знаходзіцца на поўдзень ад Каменіч. Вядома з ХІХ ст.

Лядзецкае — балота, лес, сенакос, раней — хутары. Вядома з ХІХ ст.
Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Утворана ад слова ляды, што азначае:
дзялянка высечанага лесу, хмызняку пад пасеў або сенажаць.

Навінка — лес. Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Вядома з ХХ ст. Не надта
ўрадлівае поле вырашана было засадзіць лесам. Вось людзі і гаварылі: “Хіба
гэта ў навінку лес пасадзіць?”

Падгор’е — лес. Знаходзіцца на паўночным захадзе ад Каменіч. Вядома здавён.
Калі ідзеш у гэты лес, то як быццам падымаешся на гару.

Паддуб’е — поле, раней — урочышча. Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Вядома
з ХІХ ст. Раней тут рос дубовы лес. Пасля высечкі засталіся асобныя дубы.

Пад Ельняй — поле. Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Узнікла ў ХІХ ст.
Непадалёк ад поля расце ельнік.

Пад Ліпкай — лес. Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Узнікла ў сярэдзіне ХІХ
стагоддзя. Вядома пад такой назвай таму, што пад ліпкамі працякае крыніца.
Мімаходзь можна было напіцца вады. І тады гаварылі: “Смачная вада пад
ліпкай”.

Пад Маяком — поле. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад Каменіч. Вядома з ХХ
ст. На тым месцы стаяў збудаваны леснікамі драўляны маяк.

Пад Шкворным — поле, раней — урочышча. Знахо-дзіцца на паўночным усходзе ад
Каменіч. Вядома з ХІХ ст. Паходзіць ад слова шкворань — стрыжань у
паваротным злучэнні павозкі, калёс. Месца, дзе раней жыў гаспадар, які займаўся
шкворнымі справамі.

Падцаркоўе — поле. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе. Вядома з ХІХ ст. На
гэтым месцы раней стаяла царква. Зараз там можна знайсці рэшткі фундамента.

Паледзь — лес. Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Вядома з ХІХ ст. Назва
скарочана ад слоў “па Лядзецкай”. Недалёка да гэтага лесу ішла дарога
на хутар Лядзецкае. Людзі гаварылі: “Ішлі па лядзецкай дарозе”.

Палянка — сенакос. Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Вядома з ХІХ ст.
Пасярод сенакосу ёсць палянка, дзе можна нарваць кветак, адпачыць.

Піятрыкоўшчына — частка вуліцы, раней — сядзіба пана Піятрыкоўскага. Назва
ўзнікла ў ХІХ ст. Старажылы і сёння памятаюць яго дачок Люду, Веру і Ніну. На
агаро-дзе цяперашніх насельнікаў можна знайсці рэшткі посуду тых даўніх часоў.

Прысада — дарога. Знаходзіцца на поўдзень ад Каменіч. Звязвае Каменічы з вёскамі
Яноўка і Цэзарова. У пачатку 50-х гадоў ХХ ст. мясцовай моладдзю былі пасаджаны
абапал дарогі бярозы. Гавораць: “Назбіраў грыбоў на прысадзе”.

Прыцерпа — вёска. Вядома як засценак з ХІХ ст.

Сірэневы Куст — поле, раней — хутар. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе ад
Каменіч. Вядома з ХХ ст. Пасярод поля расце вялікі куст бэзу (сірэні). Відаць,
гаспадары пасадзілі сабе на радасць. Затым перабраліся ў вёску, але куст ніхто
не выкарчаваў.

Сенажатка — поле, а вакол — балота. Знаходзіцца на ўсход ад Каменіч. Раней
тут была менажаць. Узнікла ў ХХ ст.

Слабада — пасяленне, зараз вуліца Барыса Дзмітрыева. Знаходзіцца ў цэнтры
вёскі. Раней — тып пасялення, які вызваляўся ад подаці. Афіцыйная назва,
якая існавала да 60-х гадоў — Малыя Каменічы. Вядома здавён.

Слабадскія могілкі — могілкі. Знаходзяцца на ўсходзе па правы бераг рэчкі Каменкі.

Стан — машынна-трактарны двор калгаса “Новы шлях”.

Стараселле — сенакос. Знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Каменіч. Вядома з
сярэдзіны ХІХ ст. Раней там было паселішча. Утворана ад слоў старое сяло.

Тапільск — поле. Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Вядома з сярэдзіны ХІХ
ст. Раней — топкае, балоцістае месца каля рэчкі Альхоўка, што працякала ў
Яноўцы. Балота асушылі, а назва так і засталася. Былы фальварак.

Трактар — пасяленне. Так напрыканцы 40-х гадоў звалі вёску Асавок. Існаваў
калгас з такой назвай.

Церабень — балота з полем. Знаходзіцца на поўнач ад Каменіч. Месца, дзе
рэчка сутыкаецца з канавай, заросшай лазой. Людзі пастаянна церабілі яе. Адтуль
і назва.

Цэзарова — вёска. Вядома як урочышча і засценак з пачатку ХХ ст. Назва
паходзіць ад слова Цэзар.

Штаны — поле. Знаходзіцца на поўдзень ад Каменіч. У аснове назвы —
кавалак зямлі ў форме штаноў. Назва ўзнікла ў пачатку ХХ ст.

Яноўка — вёска. Вядома з ХIХ ст. як засценак. Назва паходзіць ад слова
Янук.

Последние новости

Общество

В Могилевской области стартовал республиканский семинар-совещание

29 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: Беларусь очень хочет активизировать сотрудничество с Эфиопией

29 июля 2025
Читать новость
Афиша

Что посмотреть на неделе в Осиповичах? Афиша кинотеатра «Родина»

29 июля 2025
Читать новость
Общество

И вновь турслет! Спартакиада работающей молодежи Осиповичского района прошла 25-26 июля

29 июля 2025
Читать новость
Общество

“Знакомый мужчина при выгуле на улице бьет свою собаку. Как это остановить?” Отвечает участковый инспектор милиции

29 июля 2025
Читать новость
Общество

Хроника происшествий в Осиповичском районе с 21 по 17 июля

29 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем