Рэсурсакарыстанне на Асіповіччыне: час падвядзення вынікаў

Дасягнуць гармоніі паміж інтарэсамі прыроды і чалавечай цывілізацыі наўрад ці магчыма — надта палярныя ў іх вектары развіцця. Тым не менш, захаванне пэўнага балансу інтарэсаў у ключавых накірунках прыродакарыстання — справа цалкам дасягальная. Адным з паспяховых крокаў, зробленых нашай краінай на гэтым шляху, можна лічыць агульнанацыянальную кампанію па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі. Крыху больш чым за дзесяцігоддзе Беларусь здолела дасягнуць такіх уражваючых поспехаў у “самаачыстцы” ад разнастайных адыходаў, што сёння добраўпарадкаванасць лічыцца сапраўдным нацыянальным брэндам.

Надыходзячы год аб’яўлены ў нас Годам беражлівасці, што адкрывае перад эколагамі “зялёнае святло” ў вырашэнні як мінімум адной даўно наспеўшай праблемы: павышэння эфектыўнасці рэсурсакарыстання. У гэтым сёння зацікаўлены ўсе: дзяржава, народная гаспадарка, грамадства. Апошняе асабліва істотна, бо дамашнія гаспадаркі з’яўляюцца адным з найбольш буйных спажыўцоў энергарэсурсаў — у краіне яны ў сукупнасці спажываюць каля 20% электраэнергіі і больш 40% цяпла.

Цікава, што на працягу двух апошніх гадоў менавіта Асіповіччына была адным з “палігонаў”, дзе ішла адаптацыя шэрагу еўрапейскіх навацый у галіне энергаэфектыўнасці да беларускіх рэалій. У маштабным праекце ЕС ва ўзгаданым накірунку — “Падтрымка рэалізацыі комплекснай энергетычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь” — быў задзейнічаны шэраг самых розных структур у Мінску і ў трох правінцыяльных гарадах — Жодзіна, Баранавічы і Асіповічы. На тэрыторыі нашага горада непасрэдная работа ў межах узгаданага праекта вялася пераважна сіламі экалагічнага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Дзеля жыцця на Зямлі”, навуковым кіраўніком якога з’яўляецца добра вядомая чытачам Святлана Зайцава.

“Раёнка” ў свой час паведамляла аб асноўных этапах работы экалагічнага аб’яднання і сама прымала ўдзел у
інфармацыйнай кампаніі па папулярызацыі спосабаў скарачэння энергаспажывання. Цяпер надышоў час расказаць аб выніках рэалізацыі праекта і далейшых перспектывах укаранення ідэй энергаэфектыўнасці, якія былі агучаны падчас правядзення “круглага стала” на тэму “Эфектыўныя метады энергазберажэння ў малых і сярэдніх гарадах”, які прайшоў 19 снежня. Мерапрыемства было арганізавана МГА “Экапраект Партнёрства” і стала зручнай пляцоўкай для канструкцыйнага дыялогу прадстаўнікоў асіповіцкага райвыканкама і райсавета, адказных работнікаў абласных камунальных і энергетычных службаў, экспертаў у галіне энергаэфектыўнасці. І, зразумела, неабыякавых прадстаўнікоў мясцовай супольнасці. Вось толькі асобныя з найбольш цікавых тэм, якія абмяркоўваліся.

Энергетычны “партрэт” сярэдне-статыстычнага асіпаўчаніна

У лістападзе было праведзена апытанне 260 землякоў з мэтай выявіць адносіны жыхароў малога горада да магчымасцей энергазберажэня і практычных спосабаў эканоміі ў побыце.

Як высветлілася, энергазберагаючыя паводзіны людзей у значнай ступені вызначаюцца тыпам іх жылля. У гаспадароў прыватных дамоў, дзе на ацяпленне выдаткоўваецца да 46% усіх спажываемых энергарэсурсаў, яно куды больш асэнсаванае, чым у жыхароў кватэр “шматпавярховак”, у якіх аплата цяпла не перавышае 35% “энергетычных” расходаў.

Увогуле, энергарэсурсы абыходзяцца даволі дорага: расходы на іх “з’ядаюць” 30-50% сямейнага бюджэту ў кожным трэцім прыватным доме і кожнай чацвёртай кватэры.

Жыхары прыватных дамоў бачаць больш магчымасцей для скарачэння энергаспажывання, што сведчыць аб дастаткова высокай эфектыўнасці камунальных службаў у рашэнні праблем энергаспажывання ў шматкватэрных дамах пры іх эксплуатацыі і правядзенні капрамонтаў.

Палова ўдзельнікаў апытання ва ўзросце да   22 гадоў не лічыць, што спажыванне энергарэсурсаў шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Такое меркаванне падзяляе 46% рэспандэнтаў ва ўзросце 23-35 гадоў і 38% — больш сталых апытаных асіпаўчан.

Адсутнасць разумення відавочнай прычынна-выні-ковай сувязі ў такой значнай долі землякоў здзіўляе — пра прычыны таго ж парніковага эфекту і глабальнага пацяплення ведаюць усе! Але галоўнае, яно добра пасуецца з ашчадлівасцю ўжывання энергарэсурсаў. Той, хто не згодзен альбо не ведае, наколькі шкодна ўплывае энергетыка на прыроду, рэсурсы не эканоміць і эканоміць не збіраецца.

Скарачэнне спажывання газу, цвёрдага паліва, электрычнасці пакуль што адбываецца пераважна з-за павышэння тарыфаў, і палова апытаных лічыць гэты спосаб стымулявання энергаэфектыўнасці ў той ці іншай ступені адэкватным, а 70% асэнсоўвае неабходнасць і непазбежнасць рэалізацыі мер па павышэнні энерга-эфектыўнасці жылля. Пры гэтым каля 10% прызнаюць, што абмежаваны сямейны бюджэт не дае магчымасці справіцца з гэтай задачай толькі ўласнымі сіламі.

“Пакт Мэраў” як спосаб знайсці інвестараў

На сёння ў рэалізацыі праграмы энергаэфектыўнасці бясспрэчным лідарам сярод беларускіх гарадоў з’яўляецца Полацк. У верасні 2011 года ён падпісаў дэкларацыю аб далучэнні да Пакта Мэраў — папулярнай еўрапейскай ініцыятывы ў галіне скарачэння спажывання энергіі. Удзельнікі Пакта бяруць на сябе абавязацельства ў перыяд да 2020 года зменшыць на 20% энергаспажыванне і аб’ём выкідаў вуглякіслага газу і на столькі ж павялічыць ужыванне альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Прычына, па якой адмі-ністрацыя Полацка далучылася да міжнароднага экалагічнага руху, была звычайнай і па-добраму прагматычнай: горад ніяк не мог адолець прагнозны паказчык па скарачэнні энергаспажывання, а новы падыход да застарэлай праблемы мог даць плён.

Дапамогу ў правядзенні абавязковай для ўдзельнікаў Пакта працэдуры — распрацоўцы “Плана ўстойлівага энергетычнага развіцця” — узяліся аказваць Нацыянальная акадэмія Беларусі і профільная кансалцінгавая фірма з Іспаніі, што дало за-дзейнічаным у стварэнні дакумента спецыялістам з прадпрыемстваў Полацка (яны аб’яднаныя ў групу ўстойлівага энергетычнага развіцця пры гарвыканкаме) вельмі карысны вопыт.

Зразумела, выкананне ўзгаданага Плана абыдзецца не танна — за 10 гадоў на яго запланавана выдзеліць з розных крыніц 177,5 млрд. рублёў, аднак ад гэтых інвестыцый чакаецца ўражваючы эканамічны эфект — каля 602,2 мільярда. Акрамя эканоміі фінансаў адбудзецца і істотнае паляпшэнне экалагічнасці горада. Напрыклад, за кошт аптымізацыі транспартнай сістэмы і стварэння ўмоў для руху веласіпедаў будзе істотна зменшаны аб’-ём выкідаў выхлапных газаў.

Трэба адзначыць, што Полацк адразу атрымаў доступ да інфармацыйных і фінансавых патокаў, якімі карыстаюцца іншыя партнёры па “Пакце Мэраў”. Першай ластаўкай дзейснасці міжнароднага супрацоўніцтва стала ўстаноўка энергазберагаючага абсталявання для асвятлення адной з цэнтральных вуліц горада. Яна спажывае на 30% менш электраэнергіі, чым звычайная, не ўтрымлівае ртуці і небяспечных газаў. Значная тэхнічная і фінансавая дапамога ў рэалізацыі праекта была аказана арганізацыямі-партнёрамі Пакта.

Зараз інтарэс да ўдзелу ў прамых інвестыцыях у эканоміку Полацка праяўляюць адразу дзве буйныя еўрапейскія фірмы. Адна жадае прыняць удзел у будаўніцтве станцыі па атрыманні цяпла і электраэнергіі з біягазу, другая — фінансаваць стварэнне завода па вытворчасці пелетаў — перспектыўнага віду цвёрдага паліва, якое вырабляецца з торфу, саломы, пілавіння і іншых гаручых адыходаў.

Сёння да падпісання “Пакта Мэраў” рыхтуюцца Навагрудак і Ашмяны, яшчэ некалькі беларускіх гарадоў уважліва вывучаюць такую магчымасць. Асіповічы ў іх лік не ўваходзяць, хаця, на думку экспертаў, наш горад мае вельмі добрыя шанцы хутка ўступіць у крэатыўную энергазберагаючую суполку.

Аб злабадзённым

Удзельнікі “круглага стала” атрымалі магчымасць азнаёміцца з шэрагам рэкамендацый па скарачэнні цепластрат пры эксплуатацыі жылля, распрацаваных ГА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”. Некаторыя з іх вельмі простыя, але надзіва эфектыўныя.

Напрыклад, у моцныя маразы неабходна прыкрыць вентыляцыйныя рашоткі кардонам на трэць ці напалову. Праз вентыляцыю жыллё губляе да 30% цяпла, прычым найбольш высокія страты адзначаюцца на ніжніх паверхах. Яшчэ трэба звярнуць увагу, каб батарэі не былі закрытыя шторамі альбо мэбляй — нават самая тонкая тканіна істотна перашкаджае пранікненню цяпла ў пакой. Па-трэцяе, для вентыляцыі форткі трэба адчыняць не болей, як на 5-10 хвілін. І, нарэшце, неабходна на шклопакетах усталяваць вентыляцыйныя клапаны.

Аб апошняй меры павышэння энергаэфектыўнасці жылля — крыху па-драбязней. Добра вядома, што ў герметычных шклопакетаў ёсць істотны недахоп: зімой на ўнутраных паверхнях шыб асядае кандэнсат, які сцякае на сцены і стварае ідэальныя ўмовы для развіцця плесні. Пазбавіцца ад кандэнсату можна толькі адным спосабам: рэгулярнай разгерметызацыяй рам для праходу паветра. Рабіць гэта можна ўручную, што даволі нязручна і не спрыяе эканоміі цяпла, альбо аўтаматычна, з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў — вентыляцыйных клапанаў. Яны забяспечваюць рэгуліроўку вільготнасці ў кватэрах без пагаршэння гука- і цеплаізалюючых якасцей шклопакетаў.

Дадатковую інфармацыю аб перспектыўных напрацоўках у галіне энергаэфектыўнасці можна атрымаць, звязаўшыся з удзельнікамі і партнёрамі праекта “Падтрымка рэалізацыі комплекснай энергетычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь”: МГА “Экапраект Партнёрства” (www.ecoproject.by) і ЭМГА “Дзеля жыцця на Зямлі” (http://os-school3.narod.ru).

Дзмітрый САЎРЫЦКІ.

Последние новости

Общество

“Знакомый парень во время конфликта избил меня. Как его наказать?” Отвечает участковый инспектор милиции

21 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 21 августа для всех знаков зодиака

21 августа 2025
Читать новость
Власть

“Фундамент для масштабного рывка есть”. Главное из переговоров Лукашенко и Пезешкиана в Минске

20 августа 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: Беларусь и Иран стремятся превратить любые вызовы в новые возможности

20 августа 2025
Читать новость
Общество

Полковник Александр Авдей посвятил службе в Вооруженных Силах 30 лет

20 августа 2025
Читать новость
Благоустройство

В этом году в Осиповичах началась реконструкция городских очистных сооружений

20 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем