О работе осиповичских библиотек

Бібліятэчная справа
Як прыходзіць кніга на стэлаж
У апошнія гады мы сталі сведкамі таго, як моцна змяняюцца ўяўленні аб задачах і магчымасцях бібліятэк, іх ролі ў развіцці рэгіёна і фарміраванні інфармацыйнай прасторы. Адбываецца пастаянны пошук шляхоў найбольш эфектыўнай рэалізацыі іх функцый. І вялікая роля ў гэтым працэсе адводзіцца бібліятэчнаму фонду, бо сёння дакладная, якасная інфармацыя здольна змяніць ход многіх рэчаў. А знайсці яе часцей за ўсё можна не ў інтэрнэце, а менавіта ў кнігах.
Ні адна бібліятэка не пачне сваё існаванне без аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі фонду. Не з’яўляецца выключэннем і Асіповіцкая цэнтральная бібліятэка, дзе чатыры супрацоўнікі аддзела штодня працуюць над тым, каб якасна і поўна задавальняць запыты карыстальнікаў бібліятэчных паслуг. Аддзел забяспечвае папаўненне фондаў біб-ліятэк новай літаратурай, спісанне выданняў, якія страцілі каштоўнасць і актуальнасць. Менавіта тут пачынаецца шлях кнігі ў бібліятэкі горада і раёна: вызначаецца яе месца ў фондзе і на паліцы стэлажа, прысвойваецца індывідуальны нумар, па якім адсочваецца лёс кожнага экземпляра. Апрацоўка ўсіх выданняў арганізавана ў аўтаматызаваным рэжыме. А паступае іх штогод нямала — больш за 10 тысяч, у тым ліку каля 100 найменняў перыёдыкі.
Закупка літаратуры для бібліятэк сеткі ажыццяўляецца праз беларускія выдавецтвы і кнігагандлёвыя фірмы. Бібліятэкары пастаянна працуюць з тэматычнымі планамі, прайс-лістамі, каталогамі і рэкламнымі прапановамі выдавецкіх арганізацый. Акрамя таго, супрацоўнікі аддзела камплектавання з дапамогай апытанняў наведвальнікаў, аналізу выкарыстання часопісаў і газет складаюць рэйтынг найбольш папулярных у чытачоў перыядычных выданняў і арганізуюць іх падпіску для ўсіх бібліятэк сеткі.
Яшчэ адзін з напрамкаў дзейнасці аддзела — праверка захаванасці і аналіз эфектыўнасці выкарыстання фондаў. З гэтай мэтай праводзяцца планавыя перападлікі, аналіз чытання літаратуры. Робіцца гэта для таго, каб палепшыць якасць фондаў, як мага паўней выканаць запыты наведвальнікаў бібліятэк.
Старонняму чалавеку праца ў аддзеле камплектавання можа здацца манатоннай, але тыя, хто тут шчыруе, так не лічаць. Нездарма ж галоўны бібліятэкар Аксана Забаўская вось ужо на працягу 27 гадоў з задавальненнем штодня прыходзіць сюды, а Наталля Доўнар, якая працуе ў аддзеле 5 гадоў, лічыць сваю працу цікавай і патрэбнай: кожны працоўны дзень прыносіць радасць ад сустрэч з новымі кнігамі і магчымасць сваёй дзейнасцю прынесці карысць калегам і ўсім аматарам кнігі і чытання.
Зоя Пышная,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі.
