В Осиповичском районе идет уборка кукурузы

Корманарыхтоўка
Смаката для рагулі
Уборка кукурузы на зялёную масу вядзецца ва ўсіх гаспадарках раёна
Няма перапынкаў у сельгаспрадпрыемстваў падчас сезона. Не спыняючы набраны тэмп, рыхтуюць працаўнікі сена, сянаж і сілас для буйной рагатай жывёлы. Справа адказная, бо ад якасці і колькасці назапашаных кармоў залежыць, наколькі будзе выніковай вытворчасць малака, а яно, у сваю чаргу, — важная крыніца атрымання даходаў сельскай гаспадаркі. Зараз сілы накіраваны на ўборку кукурузы. Па словах першага намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрыя Куліка, пад нарыхтоўку зялёнай масы кукурузай у раёне засеяна 3 935 гектараў. Напрыканцы мінулага тыдня было ўбрана больш за 860 га. Валавы збор саставіў амаль 26 тысяч тон, сярэдняя ўра-джайнасць — 301 цэнтнер з гектара. Найбольшую плошчу трэба будзе перапрацаваць філіялу “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — 1 400 га. Самая ж маленькая пад “царыцай палёў” у ААТ “Бярэзіна-Агра-Люкс” — 243 га.
П’едэстал лідараў па закладцы кармоў з “белшынаўцамі” раздзяляе ААТ “ЖорнаўкаАГРА”. Як даведаліся ў гаспадарцы, з кожнага гектара тут нарыхтоўваюць больш за 270 цэнтнераў. Усяго пад кукурузу аддадзена тысяча гектараў, з якіх амаль 700 пойдзе на сілас і зялёную масу. Сеялі вясною гатункі “парумбень”, “палтава” і “палескі”. Добраму ўраджаю садзейнічала ўнясенне арганічных і мінеральных удабрэнняў, своечасова праведзеныя хімпраполкі, падкормкі азотнымі ўдабрэннямі. Надвор’е, праўда, не зусім спрыяе добраму росту культуры: кукуруза любіць больш высокія тэмпературы, але, нягледзячы на халодныя ночы, ураджай абяцае быць добрым. Спачатку расліну збіралі з горшых палёў, дзе вясной падмерзлі маладыя парасткі. Таму большую аддачу ад кукурузных палеткаў плануюць атрымаць з іншых участкаў.
Гаспадарцы патрабуецца закласці 13 сіласных траншэй, кожная з якіх будзе ўтрымліваць больш за дзве тысячы тон здробненай кукурузы. Утрамбавана ўжо чатыры траншэі. Каб зялёная маса не псавалася пры захаванні, выкарыстоўваецца кансервант. Яшчэ вельмі важна якасна ўтрамбаваць будучы корм. Такая аперацыя праводзіцца на трактары, а заняты на гэтым відзе работ Міхаіл Чарапок. Дарэчы, працуе ён у гаспадарцы галоўным інжынерам, але падчас сезона дапамагае нарыхтоўваць запасы. Увогуле ў корманарыхтоўцы задзейнічана 10 чалавек. Міхаіл Тышкевіч і Аляксандр Вандышаў працуюць на кормаўборачных камбайнах у полі. Да такой справы ім не прывыкаць, бо ўжо шмат гадоў збіраюць “зялёны ўраджай” для жывёлы. На адвозцы задзейнічана сем чалавек, у іх ліку і Анатоль Абдулхакаў, для якога гэты год стаў дэбютам. Частка смакаты вязецца адразу рагулям, каб тыя падсілкаваліся: жывёле вельмі падабаецца свежае здробненае сцябло кукурузы. Напэўна, і ўзімку пры такой актыўнай рабоце сельгаспрадпрыемства рагулі будуць рады свайму “рацыёну”, а малочныя здабыткі — добрымі.