БЕЛЫЯ ХАЛАЦІКІ
У Лапіцкай участковай бальніцы цёпла і ўтульна, а прыемны настрой тут стварае не толькі нядаўні рамонт, але і ветлівы персанал. Маладыя медыкі Вольга Храмава
і Вікторыя Пацкевіч — тэрапеўт і
фельчар — прыступілі да работы некалькі месяцаў таму, але ўжо адчуваюць сябе паўнацэннымі спецыялістамі.
Раней Вольга жыла на Магілёўшчыне ў Краснаполлі. Пасля сканчэння ВНУ хацела, каб размеркавалі бліжэй да сталіцы, дзе працуе муж. Лапічы ў той момант паказаліся выпускніцы як нельга дарэчы. Прыехала знаёміцца з мясцовасцю — увогуле засталася задаволена: чамусьці ўяўляла сабе непрыкметную вёску з шэрым бальнічным будынкам, а насамрэч чакалі жывапісныя краявіды і сучасная медустанова. Ды і жыць настройвалася ў прыватным сектары, нават паабяцала трохгадовай дачцы Сонечцы ката завесці, а новага доктара з сям’ёй пасялілі ў кватэры. Але жывёліну ўсё роўна ўзялі — абяцанне
стрымалі…
Першы дзень працы помніць як сёння. Было страшна, што на прыём да тэрапеўта ў Лапічах прыходзяць і дзеці, таму перачытала не адну кнігу па педыятрыі. Але не такі страшны чорт, як яго малююць. Можа, памагло і тое, што ў самой расце дзяўчынка, і Вольга ўжо даўно патэнцыяльны педыятр. Карацей, усё атрымалася. Храмава ўжо ведае амаль усіх лапіцкіх дзяцей пайменна, а пра тых, якія часта хварэюць, і ўвогуле можа шмат чаго расказаць. Дарэчы, і малыя не баяцца белых халатаў — у кабінеце такіх пацыентаў заўсёды прымаюць з усмешкай, а для самых капрызных нават цацкі прыхаваны.
Пра дарослых
тэрапеўт гаворыць, што тут у асноўным сумленна адносяцца да работы: ад бальнічных аднекваюцца, а калі і пайшлі на даведку, праз дзень-два рвуцца на
працу.
З напарніцай Вікторыяй да работы прыступілі ў адзін дзень. Медыкі дапаўняюць адзін аднаго найлепшым чынам: фельчар можа сарыентаваць калегу на мясцовасці, бо раней жыла ў Цэлі і добра ведае раён. А падчас кансультацыі пацыентаў, калі назірае за работай тэрапеўта, і сама назапашвае новыя веды. Пацкевіч лічыць, што менавіта для яе самым цяжкім было прызвычаіцца да вялікага наплыву людзей:
— У першыя дні ад такой колькасці скарг на здароўе было цяжка, бо сама па сабе не люблю шмат гаварыць, а тут патрэбна і ўвага, і сканцэнтраванасць, і
дыялог. Але ж медыцына — гэта
не толькі мастацтва лячыць, але і стасавацца. Часам слова дапамагае не горш за лекі, асабліва пажылым. Радуе, што і старэйшыя калегі і добразычліва прынялі ў калектыў, і імкнуцца перадаць вопыт па-максімуму.
Словам, старт маладых спецыялістаў быў паспяховым: на новым месцы прыжыліся, з абавязкамі спраўляюцца, пацыенты, здаецца, цэняць якасць абслугоўвання тутэйшага медперсаналу. Аб чым сведчаць і пастаянныя “кліенты” з раёна — людзі, якія падчас хваробы просяць сваіх дактароў накіраваць іх менавіта ў лапіцкую бальніцу.
Тамара ГОРЛАЧ.