Добрая навіна

“Зямля мая”
Стаю край поля, поля аржанога —
Перада мной жытнёвы акіян.
Зямля мая, мне хараства такога
На цэлым свеце больш нідзе няма.
Нябёсаў сінь, і песня з паднябесся
Жытнёвым зернем сыплецца-звініць.
І гэту сінь, і жаўрукову песню
Усё жыццё любіць — не разлюбіць.
Красуе жыта, пах яго жыццёвы
Над полем тонкім марывам дрыжыць.
Зямля мая — жыцця майго аснова,
Мне без цябе не дыхаць і не жыць.
Лагодны ветрык лёгка хвалі гоніць —
Калоссе гладзіць бацькавай рукой.
Зямелька-маці сэрца маё гоіць,
Яна мне дорыць радасць і спакой.
З табою столькі жыта-перажыта,
Жыві, зямелька родная, вякі!
Хай васількамі шчасна пахне жыта,
Хай жытам шчасна пахнуць васількі.
“Віншуем! Вы сталі лаўрэатам першай ступені ў намінацыі “Аўтар тэксту”! — менавіта гэта вест-ка прыйшла ў пачатку тыдня да Марыі Цімінскай. Для нашай зямлячкі было нечаканасцю, што яна ўвойдзе ў шэраг пераможцаў рэгіянальнага конкурсу аўтарскай песні “Я часцінка Радзімы сваёй”, пра які даведалася паўгода таму са старонак “раёнкі”.
— Вырашыла адправіць свой верш, які ў канцы 90-х гадоў быў пакладзены на музыку Віктара Шышкаўца, — успамінае Марыя Паўлаўна. — Песня гучала на розных мерапрыемствах доўгі час, і вось зараз такі “выбух”. Канечне, вельмі прыемна, калі твая творчасць мае водгук у сэрцах не адно дзесяцігоддзе. Для таго і пішу, каб данесці любоў да роднай зямлі ў кожную хату.
З дня на дзень паэтэса атрымае ўзнагароду, а верш “Зямля мая” будзе гучаць са сцэны падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах.