Добра, калі ўсё добра
“Вельмі
хочацца, каб кожны чалавек, які звярнуўся за медыцынскай дапамогай у
паліклініку, пайшоў ад нас са спакойнай душой і надзеяй на выздараўленне, каб
штодня паляпшаліся якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі”, — з такім
настроем прыступіла да абавязкаў старшай медсястры паліклінікі Святлана
Брыштэль.
Нарадзілася і
вырасла яна на Брэстчыне ў прыгожай вёсачцы Ліпск. Пасля школы паступіла ў
Пінскае медвучылішча на аддзяленне сястрынскай справы. Чаму менавіта туды? У
дзяцінстве часта хварэла, звяртацца да медыкаў даводзілася неаднойчы. Заадно і
назірала за работай персаналу бальніцы, набываючы першы вопыт узаемадзеяння з
хворымі людзьмі, аказання ім дапамогі. “Кім быць?” — пытанне не
стаяла ніколі: толькі медыкам.
Пасля вучылішча
марыла прадоўжыць навучанне ў інстытуце. З такімі думкамі прыбыла па
размеркаванні ў 5 клінічную бальніцу Мінска. З галавой акунулася ў справу і з
такой увагай даглядала хворых, аказваючы ім дапамогу, што пацыенты сустракалі
маладую медсястрычку, як родную. А з адным з іх нават і параднілася.
Наведаўшы
бацьку, які лячыўся ў аддзяленні, дзе працавала Святлана, асіпаўчанін Iван
згубіў спакой: не мог забыцца пра абаяльную дзяўчыну, што дапамагала пацыентам
змагацца з хваробамі. Вырашыў без яе дадому не прыязджаць — так і адбылося.
Маладая
медсястра прыехала ў горад у 1986 годзе і з той пары штодзень спяшае ў раённую
паліклініку. 13 гадоў аддала педыятрыі, на год меней — працы з
урачом-оталарынголагам. Мае вышэйшую прафесійную катэгорыю.
— Падабалася
працаваць з дзецьмі, — прызнаецца Святлана Канстанцінаўна. — Заўсёды знаходзіла
з імі агульную мову. Мае юныя пацыенты ўжо даўно сталі дарослымі і прыемна, што
і зараз памятаюць, звяртаюцца.
Не так даўно яе
назначылі на новую пасаду, і гэта дадае абавязкаў і патрабаванняў.
— Але з такім
моцным калектывам цяжкасці пераадольваюцца без вялікіх намаганняў, — лічыць
яна. — Медсёстры ўсе граматныя, вопытныя, старанныя, з імі разам не адзін пуд
солі з’елі. Ды і папярэдніца, Ганна Бярнардаўна Пласканенка, пакінула добрую
“спадчыну”. Часта бываючы ў іншых раённых паліклініках і
параўноўваючы арганізацыю работы там, можна зрабіць выснову, што санэпідрэжым у
нашай установе на высокім узроўні. Многаму навучыла гэта мудрая жанчына, за што
вельмі ўдзячная. I цяпер часта раюся з ёю па розных важных пытаннях.
Сям’я —
надзейны тыл — яшчэ адзін важны пастулат у жыцці Святланы Брыштэль. Муж працуе
гадзіннікавым майстрам, сын Аляксей жыве ў Мінску. Вечарамі любіць жанчына
гатаваць, у іх прызнаюць здобу толькі дамашняй выпечкі. А яшчэ можа пасядзець з
пруткамі ці іголкай — вязанне і вышыўка настройваюць на спакойны лад ды і
карысць родным прыносяць.
— Магу з
упэўненасцю сказаць, што за пражытыя гады не сорамна. Люблю работу і сям’ю,
паважаю людзей, дзеля якіх працую. I задаволена тым, што ў маім жыцці ўсё
адбываецца менавіта так, — падсумоўвае суразмоўца.
Iна ЗаскевIч.