Страдывары з Дараганава
Доказаў, што ўзгаданыя падзеі адбываліся ў рэчаіснасці, пакуль знайсці не ўдалося. Але нават калі яны застануцца ўсяго толькі паданнем, аб іх варта паведаць усім землякам.
Да рэвалюцыі 1917 года ва ўладальніцы маёнтка Дараганава Лізаветы Фёдараўны Дараган меўся надзвычай каштоўны экзэмпляр музычнага інструмента — скрыпка Страдывары. Знік гэты інструмент у перыяд рэвалюцыі, калі пачалася масавая экспрапрыяцыя панскай маёмасці.
Сямейная легенда
Прыгожы аповед, пацвярджэнне якому знаходзіцца ва ўспамінах Уладзіміра Яўменавіча Загароўскага, які доўгі час працаваў у НГЧ-5 печніком.
Яго бацька — Яўмен Лук’янавіч Загароўскі — служыў упраўляючым у маёнтку Лізаветы Дараган. У адзін з вірлівых дзён восені 1917 года ён прыйшоў дадому і з засмучэннем расказаў, што гаспадары маёнтка некуды зніклі, і цяпер кожны, каму няма ляноты, “гуляе” па памешчыцкай сядзібе і бярэ ўсё, што толькі трапляецца пад руку: матрацы, шторы, люстэркі насценныя, шафы, ложкі, сталы, посуд, адзенне. Нават піяніна нехта з сялян зацягнуў да сябе на падворак.
“Праўда, не анёл я і сам, — дадаў журботна, — вось узяў гэта, самае каштоўнае, што там было. Будзем хаваць, пакуль гаспадары не вернуцца”. Гэта была фігурная скрынка, у якой ляжала скрыпка. А на ёй — надпіс: “Антоніа Страдывары” 1723 г.
У Загароўскіх і дзед, і бацька, і браты Уладзіміра, і ён сам — усе ігралі на скрыпцы, так што сям’я ацаніла ўчынак Яўмена Лук’янавіча з поўным разуменнем.
“Няўжо гэта тая скрыпка, пра якую гаварыла ўсё Дараганава?” —запытала маці. Бацька пацвердзіў.
Валодзя Загароўскі і сапраўды доўга захоўваў у надзейным месцы незвычайную скрыпку. Але з цягам часу звесткі пра старажытны інструмент дайшлі “куды трэба”.
Аднойчы да Загароўскага прыехалі нейкія важныя людзі на машыне і папрасілі паказаць “страдывары”. Гаспадар зняў са сцяны сваю звычайную скрыпку і працягнуў прыезджым. Тыя паглядзелі яе, пакруцілі ды вярнулі назад: маўляў, не тая. А знаёмы музыка-самавучка, які прысутнічаў пры размове, нязваных гасцей падтрымаў, паказаў уласную значнасць: “Яўменавіч, гэта ж свае людзі, не хавай каштоўнасць, пакажы ім пявунню”.
Прыйшлося лезці ў шафу, даставаць скрыпку. Госці ўважліва ўсё абмацалі і засталіся вельмі ўражанымі: няўжо і праўда — скрыпка Страдывары?! Паспрабаваў Загароўскі забраць яе назад, але тыя ні ў якую: маўляў, пакажам яе ў Бабруйску знаўцам — хай высветляць, хто яе вырабіў. Карацей, паабяцалі вярнуць рэч і з’ехалі.
Праз некаторы час тыя ж важныя людзі завіталі зноў і аддалі інструмент. Агледзеў Уладзімір скрыпку — быццам, тая самая, паспрабаваў іграць — а гук зусім не той. Кінуўся Загароўскі да брата, які ў Дараганаўскім сельсавеце працаваў, расказаў яму ўсё. Брат — на каня і ў Бабруйск. Адтуль вярнуўся з сапраўдным інструментам. Скрыпку давялося адабраць ужываючы “наган” — тады падобнае карыстанне службовай зброяй не было чымсьці незвычайным.
Пасля гэтага выпадку Уладзімір Яўменавіч інструмент не даваў нікому, але ўжо і не хаваў. Iграў на вяселлях, зарабляў зусім неблагія грошы, нават калі пас кароў, браў скрыпку з сабой.
Дараганаўскі “страдывары” перажыў вайну, але 1 студзеня 1946 года быў разбіты. Адбылося ўсё да роспачы проста, так бы мовіць, з-за ігнаравання тэхнікі бяспекі падчас правядзення масавых мерапрыемстваў — у шырокім сэнсе гэтага выразу. Уладзімір з жонкай Палінай жылі ўжо ў Асіповічах і пайшлі ў госці да добрага знаёмага Дземідовіча сустракаць Новы год. Ноччу рушылі дамоў. Паліна і скрыпку несла, і мужа падтрымлівала, бо пасля добрага застолля той не вельмі ўпэўнена трымаўся на нагах. Паслізнулася жанчына на лёдзе і ўпала на футляр са скрыпкай. Ад далікатнага інструмента засталіся толькі трэскі…
Калі Уладзімір даведаўся пра тое, уголас заплакаў і, як бы гэта назвалі сёння, упаў у глыбокую дэпрэсію. Сябра Дземідовіч — чалавек тэхнічна адукаваны і нават узнагароджаны за нейкае вынаходніцтва — паспрабаваў сапсаваную рэч аднавіць. Вонкавы выгляд вярнуць яму ўдалося, а вось гук пасля рамонту стаў зусім іншым.
Загароўскі іграць на непаўнацэнным “страдывары” не хацеў і захоўваў яго як сямейную рэліквію. Праз нейкі час адноўлены інструмент зноў распаўся на кавалкі — відаць, ужыты пры рэстаўрацыі клей не меў належных кандыцый. Пасля чаго на сямейнай нарадзе было вырашана аддаць зламаную скрыпку ў музей адной з асіповіцкіх школ.
Легенда тое ці праўда — вызначыць ужо немагчыма. Аднак калі сістэматызаваць звесткі, якія дакладна вядомыя, то можна зрабіць даволі аптымістычную выснову: старажытная скрыпка ў Дараганаве магла быць! А вось яе прыналежнасць да спадчыны знакамітага італьянскага майстра выклікае сумненні.
Жанна КАРАЛЕНЯ, дырэктар комплексна-краязнаўчага музея Дараганаўскай СШ.