А моладзь у нас цудоўная…

Яе прозвішча
вядома ўсім мясцовым хуліганам, нядобранадзейным бацькам, аматарам моцных
напояў і супрацоўнікам міліцыі. Сустрэць нашу гераіню можна не толькі ў
карыдорах райвыканкама, школах і сельсаветах, але і ў закінутых хатах,
нядобраўпарадкаваных бараках і прытонах. Яна ведае ўвесь мясцовы
“крымінал”, можа прасачыць гісторыю дэградацыі кожнага прадстаўніка
асіповіцкага “дна”. Гэта — Алена Фядотава, намеснік старшыні камісіі
па справах непаўналетніх Асіповіцкага райвыканкама, якая на працягу 34 гадоў
вядзе прафілактычную работу, змагаецца з дзіцячымі правапарушэннямі і
накіроўвае бацькоў на шлях правільны.

— Алена
Фёдараўна, чаму Вы, педагог па адукацыі, рашылі прысвяціць сябе самым
“цяжкім” з дзіцячага асяроддзя?

— Трапіла на
гэту пасаду, можна лічыць, выпадкова. Папрацаваўшы нейкі час у санаторным
піянерскім лагеры “Свіслач”, вымушана была перабрацца ў горад, бо
сур’ёзна захварэла мая матуля, ёй патрабаваўся пастаянны догляд.

Думала, што
гэта работа часовая, а аказалася — на ўсё жыццё. Былі розныя запрашэнні і
прапановы, магла паехаць у сталіцу, але душой ужо прыкіпела да сваёй дзейнасці,
разумеючы, што яна прыносіць карысць, проста неабходная грамадству.

— Што
прыводзіць дзяцей на “коўзкую дарожку”?

— Усё ідзе з
сям’і, жыццёвыя прынцыпы, звычкі фарміруюцца менавіта там. Калі прааналізаваць
прычыны правапарушэнняў, толькі дзясятая частка іх адбываецца выпадкова.
Асноўная ж маса мае заканамерны характар. Ідуць за прыгодамі на вуліцу, як
правіла, тыя дзеці, якім некамфортна ва ўласнай сям’і, не хапае цяпла, увагі,
любові. Ім хочацца звярнуць на сябе ўвагу навакольных, вось яны і звяртаюць…
прадстаўнікоў праваахоўных органаў. І неабавязкова тыя хлопчыкі і дзяўчынкі
жывуць у беднасці ці брудзе, часта — наадварот. Напрыклад, разведзеная маці
прыводзіць у дом новага кавалера, вакол яго завіхаецца, дарослыя рашаюць свае
пытанні, павышаюць дабрабыт, робяць дарагія рамонты, жывуць забяспечана ў
матэрыяльным плане, але ўнутраная пустата піхае дзіця, якое не знаходзіць
агульнай мовы з айчымам, на правапарушэнне. Такіх пры-кладаў шмат.

Калі малое ў
3-4 гады прыносіць з сада чужыя цацкі і бацькі не тлумачаць яму, што так рабіць
нельга, або яшчэ і хваляць за “гаспадарчасць”, то ў 7 ён прынясе
прыгожую аўтаручку суседа па парце, а ў 12 — мабільны тэлефон, ужо тайком ад
бацькоў.

— Некаторыя
лічаць, што якой бы ні была сям’я, дзіцяці яна патрэбна. У ёй будзе лепш, чым у
інтэрнатнай установе. Ваша меркаванне: ці трэба пакідаць дзіця ў амаральнай
сям’і з пітушчымі бацькамі?

— Сям’я
неабходна для выхавання паўнацэннай асобы, толькі не дэградаваная. Калі пасля
доўгіх намаганняў пераконваемся, што дзіцяці знаходзіцца дома сацыяльна
небяспечна, адбіраем яго і пасяляем у замяшчальную. Гэты новы від сям’і —
цудоўная альтэрнатыва, якая дае магчымасць дзіцяці жыць у нармальных умовах,
фарміраваць у яго станоўчыя светапогляды. Назіраючы за такімі дзецьмі,
заўважаеш, як яны нават знешне мяняюцца ў лепшы бок. З вопыту ведаю: лепш, калі
ў замяшчальную сям’ю дзіця трапляе да 10 гадоў, тады больш шанцаў, што яно не
паўторыць горкі бацькоўскі вопыт.

— Калі
параўнаць абстаноўку ў сем’ях, якія расцілі дзяцей 30 гадоў таму назад, і
цяпер, чым яна адрозніваецца?

— Трываласцю
сямейных устояў. П’яніц раней абыходзілі бокам, іх асуджалі. На танцах выпіўшы
хлопец быў рэдкасцю, ні адна дзяўчына не ішла з ім танчыць, а калі спіртное
прыняла прадстаў-ніца цудоўнага полу, сораму потым не было межаў. Сем’і мелі
больш дзяцей, бацькі карысталіся павагай. Пазбаўлялі правоў 1 раз у год, а
зараз 114 дзяцей з 69 сямей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. За
2000 год наша камісія разгледзела 115 спраў, а за 9 месяцаў гэтага года — ужо
351. А што радуе — павялічылася колькасць сямей, што ўсынаўляюць дзяцей,
заўсёды садзейнічаю гэтаму.

— Наведваючы
пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, дзіву даешся: Вы трымаеце ў памяці
такую колькасць інфармацыі, памятаеце ўсіх сваіх “герояў”, іх родных,
акружэнне. Як Вам гэта ўдаецца?

— Працую даўно.
Яшчэ напачатку дзейнасці шматразова наведала кожную вёсачку, пабывала ва ўсіх
неблаганадзейных сем’ях, ведала, чым яны жывуць. А з тых сямей пайшлі
нездаровыя расткі — дзеці, затым унукі. Ужо трэцяе пакаленне суправаджаю, вучу,
папярэджваю… Таму добра ведаю ўсю “маргінальную праслойку” раёна.

— Выпрацавалі
ўласную методыку работы з такім складаным кантынгентам?

— Галоўныя
пастулаты: ніколі не падманваць і не палохаць. Гэтым дзецям і так складана,
часта няма з кім падзяліцца. А трэба, каб яны верылі людзям і паверылі ў сябе.
Тое ж датычыць і дарослых. Фальш яны беспамылкова адчуваюць. Неабходна добра
ведаць псіхалогію, каб не прынесці шкоды.

Падлеткаў, што
не маюць нармальнай сям’і, вылучаю вачамі з натоўпу. Яны адрозніваюцца ад
іншых: няўпэўненая хада, нейкая неахайнасць, гучная і развязная мова,
свое-асаблівы позірк, яшчэ нешта няўлоўнае. Важна заўсёды аналізаваць учынкі
людзей, дакопвацца да прычыны іх асацыяльных паводзін, тады лягчэй шукаць
выйсце.

Часта
даводзіцца чуць словы ўдзячнасці ад людзей, прыходзяць і з кветкамі. Пасля
вызвалення з калоніі звярталіся хлопцы з просьбай аб дапамозе ў
працаўладкаванні. Найвялікшае свята для мяне — калі бачу, што ўдалося выцягнуць
чалавека з багны, у якую ён пагружаўся. Напрыклад, адну матулю, што згубіла
чалавечае і жаночае аблічча, павінны былі пазбавіць бацькоўскіх правоў. Муж
адбываў тэрмін у турме. І вось у мой кабінет прыйшлі трое дзяцей гэтых людзей,
кінуліся на калені, сталі прасіць не адбіраць іх у бацькоў. Пытанне тады было
вырашана станоўча. Жанчына закадзіравалася, вырасціла дзяцей, дапамагла
пабудаваць ім кватэры, а п’яных зараз і на дух не пераносіць, гоніць прэч.

— Штодзённыя
зносіны з негатывам не накладваюць
адбітак на асобу таго, хто з ім мае кантакт?

— Так, больш
сур’ёзна стала адносіцца да ўсяго. Жыццёвая філасофія цалкам памянялася. Раней
наваколле дзяліла на чорнае і белае, затым зразумела, што гэта палітра значна
шырэйшая. Аналізуючы чалавечыя ўчынкі, навучылася не асуджаць, а шукаць выйсце,
дапамагаць. Даводзіцца ісці і на кампраміс.

Калі вырашаецца
прынцыпова важнае пытанне — заўсёды адстойваю пазіцыю дзіцяці, іду да
пераможнага канца. Штукар-лёс, жыццёвыя абставіны, асяроддзе і людзі часта
ствараюць такі сюжэт, які не можа прадугледзець ні адзін з дзеючых нарматыўных
актаў. І толькі прынцыповая пазіцыя членаў камісіі, іх нефармальныя адносіны да
лёсу кожнага непаўналетняга дапамагаюць знайсці правільнае рашэнне.

А моладзь зараз
цудоўная, “прасунутая”, інфармаваная. Толькі на іх шляху павінны
сустрэцца разумныя дарослыя, якія дапамогуць накіраваць энергію ў станоўчае
русла.

Іна Заскевіч.

Последние новости

Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском государственном колледже прошел необычный мастер-класс

18 апреля 2025
Читать новость