22 июня — День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны

22 июня — День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны

Ах, вайна, што зрабіла ты, подлая…

Чым далей адыходзяць падзеі, звязаныя з тым суровым часам, тым больш усплывае ў памяці ўсё, што звязана з ім

Гісторыя, што давялося пачуць мне, тады яшчэ маладой дзяўчынцы, напрыканцы шасцідзясятых ад невядомай 45-гадовай Вольгі з Орчы, з якой апынуліся разам на вясковым вяселлі, захавалася ў памяці па сённяшні дзень. Яе аповед пра жаночы лёс сястры Марыны Гоцінай крануў мяне да глыбіні душы. Разумею, што ён падобны да тысяч і тысяч іншых, каму давялося перажыць страшэнныя жахі вайны. Ужо даўно няма на свеце гэтых жанчын, але да сённяшняй пары не расстаюся

з пачуццём абавязку перад імі. І напярэдадні дня памяці і смутку вырашыла падзяліцца з чытачамі “раёнкі” пачутым. Каб памяталі!

Жыхары Орчы жылі сваім сялянскім укладам: працавалі на зямлі, будавалі дамы, садзілі сады, гадавалі дзяцей. Але іх мірнае жыццё было парушана вайной. У тыя першыя дні ніхто не мог прадбачыць, якія цяжкасці, пакуты і выпрабаванні чакаюць наперадзе. Але і ў бесчалавечных умовах акупацыі людзі знаходзілі мужнасць і сілы змагацца, рызыкуючы ўласным жыццём.

Многія мужчыны вёскі апынуліся ў партызанах, пайшоў у лес і муж Марыны Аляксандр. Аднойчы разам з іншымі аднавяскоўцамі прынёс дадому цяжка параненага камандзіра Чырвонай арміі. Пры ім не было ніякіх дакументаў, а толькі фотаздымак маладой жанчыны з дзвюма дзяўчынкамі. Даглядаць чырвонаармейца ў такіх умовах, калі паўсюль шнырылі паліцаі, было рызыкоўна. Жанчына не баялася і рабіла ўсё для таго, каб паставіць байца на ногі, але той так і не прыйшоў у прытомнасць: лекаў не было, урачоў — таксама. І неўзабаве незнаёмец памёр. Пахавалі яго ўпотай за агародамі Гоціных на беразе ручая. Пра могілкі нават і гаворкі не было, бо немцы хутка б праведалі пра гэта і расстралялі б усю сям’ю.

У страху жылі не толькі арчанцы, а і ўсе жыхары раёна. Зямля поўнілася чуткамі пра зверствы гітлераўцаў у Асіповічах. Неўзабаве даведаліся пра дыверсію Крыловіча. Прыйшла ў вёску   вестка і пра дыверсанта Янкоў-скага, якога фашысты жорстка пакаралі за падкладзеную пад адну з цыстэрнаў міну, што ўзарвалася ў вугальным складзе, не прынёсшы асаблівай шкоды. Мсціўца павесілі на пероне на адной з таполяў, росшых там. Яго цела шмат дзён немцы не дазвалялі здымаць. Такая бесчалавечнасць акупантаў панавала паўсюль. Карнікі праводзілі аперацыі па знішчэнні людзей, палілі цэлыя вёскі разам з насельнікамі. Не абмінула такая трагедыя і Орчу. Амаль перад самым вызваленнем гітлераўцы сагналі сяльчан у свіран, а хаты падпалілі.

Як распавядала Вольга, жудаснае рабілася ў гэтым свірне. Дзеці плакалі, крычалі, дарослыя абдымаліся і прасілі прабачэння адзін у аднаго, развітваючыся навек. Стаяў страшэнны лямант, вой. Старыя, жанчыны, некаторыя з іх цяжарныя, дзеці ўсялякага ўзросту. Выйсця з пасткі не было. Вёска тым часам шугала агнём.

Але свой намер ворагі не паспелі здзейсніць: партызаны здолелі вызваліць жыхароў. Пашанцавала і Марыне з дзеткамі. Аднак усё было знішчана, прыйшлося будаваць зямлянку. Пагарэльцам дапамагалі жыхары суседніх вёсак.

А неўзабаве і мужчыны вярнуліся з партызан. Разам з сем’ямі ім давялося пабыць нядоўга. Усіх прызвалі ў армію, у тым ліку і Аляксандра Гоціна. Больш за    30 арчанцаў не вярнуліся ў родную вёску, назаўсёды застаўшыся маладымі. Але іх родныя не гублялі надзеі на тое, што надыдзе дзень — і мужы і сыны абавязкова прыйдуць дадому. Да апошняга чакала мужа і Марына, якая адна падымала на ногі чацвёра дзяцей, а пятым была цяжарная. Як толькі ў вёсцы з’яўляўся пісьманосец, усе беглі насустрач у надзеі атрымаць добрую вестку. У адзін з восеньскіх дзён паштальён прынёс навіну. І была яна балючая, нясцерпная: канверт падпісаны чужой рукой, а ў ім — паведамленне аб гераічнай смерці мужа. Загінуў ён пры вызваленні Польшчы.

Вялікая журба, адчай ахапілі жанчыну. Яна страціла прытомнасць. Пачаліся датэрміновыя роды. Нарадзіўся на свет хлопчык. У памяць пра дарагога чалавека назвала малога Аляксандрам.

Але чорныя думкі не давалі ёй спакою. “Голад, нястача. Чым карміць, у што апранаць?” — задавалася яна пытаннем. Дайшло да таго, што нават думала пазбавіцца ад немаўляці. Узяць цяжкі грэх на душу не дазволіла сястра, якой прызналася аб сваіх намерах. Тая некалькі тыдняў хадзіла след у след за Марынай, каб яна не здзейсніла страшны намер. Добрыя людзі дапамагалі сям’і: хто малаком дзяліўся, хто яйкі прыносіў, хлеб. Падрасталі старэйшыя дзеткі, даглядалі малодшых.

Паступова гуртам калгас “Дуброва”, які ўзначальваў былы партызан Лаптух, пасадзейнічаў жанчыне ў будоўлі дома. Пазней з’явілася жыўнасць.

Адступаў і голад. Жыццё наладжвалася. Не заўважыла, як сталі дарослымі сыны і дочкі. Ліда выйшла замуж і пераехала ў горад, Міхаіл працаваў брыгадзірам у калгасе, Васіль служыў у Чалябінску, там і ажаніўся, стаў працаваць на заводзе. Пётр жыў разам з маці, клапаціўся пра гаспадарку і хадзіў у калгас на працу.

А самы маленькі, Аляксандр, ад якога яна хацела, поўная адчаю, пазбавіцца, скончыў лётнае вучылішча і даслужыўся да палкоўніка.

Здавалася б, усе беды і крыўды даўно скончыліся. Аднак лёс правяраў сялянку на вынослівасць і далей.

Аднойчы ўсе вяскоўцы працавалі ў полі. Пайшоў дождж, раптам побач з Марынай ударыла маланка. Жанчына ўпала. Калгаснікі хутка вырылі яму і апусцілі яе туды да паясніцы, што і выратавала ад смерці. А было ёй ужо пад 70 гадоў.

Дзеці ўгаварылі пераехаць у горад, але не прыжылася яна там, вярнулася ў родную вёску.

Ніколі не сядзела без работы. У працы забываліся тыя пакуты, што выпалі на яе долю. Прыйшлося пахаваць дачку Ліду і сыноў Васіля і Аляксандра. Дапамагалі нявесткі Галіна і Валянціна, сыны Міхаіл і Пётр. У госці прыязджалі ўнукі і праўнукі, якім заўсёды радавалася.

Усё жыццё шкадавала пра тое, што не ўдалося захаваць фота-здымак, што належаў чырвонаармейцу, пра якога клапацілася падчас вайны. “Нічога так не шкада было, што згарэла ў вайну, як тую фотакартку жанчыны з дзеткамі. Каб ён захаваўся, то можна было б размясціць у газеце, можа, хто і знайшоўся б, даведаўся пра роднага чалавека, прыехаў на яго магілку. Пакуль жывая, паказала б, дзе пахаваны. А так, ляжыць безыменны… Не дай бог паўтарыцца вайне!”.

Вось такая яна была — сельская жанчына Марына Калістратаўна Гоціна, працавітая, адкрытая, з добрым сэрцам. Застаўшыся ў маладым узросце ўдавою, знайшла ў сабе сілы вытрымаць удары лёсу, пераадолець усе вы-прабаванні. І была ўдзячна родным, суседзям, усім добрым людзям, якія падтрымлівалі, дапамагалі, верылі.

Раіса ГУРЫНОВІЧ.

Последние новости

Власть

Лукашенко: Беларусь хотела бы иметь продвинутые, серьезные отношения с Алжиром

26 мая 2026
Читать новость
Армия

В Осиповичском гарнизоне прошла торжественная церемония принятия присяги

26 мая 2026
Читать новость
Общество

Залетают на миллион: как парень с ДЦП из Осиповичей строит карьеру блогера вопреки диагнозу

26 мая 2026
Читать новость
Образование

«Зарница» в Осиповичах: как прошёл районный этап игры на стадионе «Южный»

26 мая 2026
Читать новость
Общество

Порядок ввоза в Республику Беларусь юридическими лицами гражданских БЛА и авиамоделей на пульте управления

26 мая 2026
Читать новость
Спорт и туризм

Команда завода автомобильных агрегатов стала победителем общекомандного зачета IV Республиканского молодежного форума «Беларусь — страна твоих возможностей»

26 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем