Асіповіцкая меліярацыя: мінулае і будучыня
Тое, што меліярацыя некалі цалкам змяніла “твар” Беларусі —
бясспрэчна. Яна павялічыла плошчу сельгасугоддзяў амаль на трэць, стварыла
ўмовы для хуткага развіцця сельскай гаспадаркі.
Аднак рэгуляванне вільготнасці глебы не нейкая разавая
акцыя: аднойчы створаныя сістэмы водапаніжэння ў далейшым патрабуюць
рэгулярнага, кампетэнтнага і, што істотна, дастаткова дарагога нагляду.
У перыяд 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя на тэрыторыі раёна
было асушана больш за 20 тысяч гектараў забалочаных зямель. Тагачасныя
меліяратары справу сваю ведалі добра, у сродках не абмяжоўваліся, таму стваралі
самыя розныя па ўзроўні складанасці і прызначэння гідратэхнічныя комплексы. Некаторыя
з іх паспяхова дзейнічаюць і зараз, шэраг можна лічыць часткова рабочымі, але ж
ёсць і безнадзейна закінутыя. Вызначэнне прычын такога падзелу на “жывых,
паўжывых і мёртвых” — тэма складаная і патрабуе асобнай гаворкі. Пакуль жа
проста пазнаёмімся з тым, што ўяўляе сабой сучасная меліярацыйная гаспадарка на
Асіповіччыне і якія перспектывы яе чакаюць у бліжэйшы час.
Салют страчаным перамогам
…Каля вёскі Канцы знаходзіцца незвычайны кавалак зямлі. Ён
займае плошчу ў 6 гектараў і ўвесь падзелены невысокімі дамбамі на
квадраты-карты. Усе карты парос-лыя шчыльным хмызняком і пустазеллем, таму іх
прызначэнне застаецца незразумелым. Не менш загадкава вы-глядае і размешчаны
побач вялікі вадаём — моцна змялеўшы і часткова заросшы трыснёгам. Па ўсяму
бачна, што з квадратамі зямельных насыпаў ён нейкім чынам звязаны, але
вызначыць мэту стварэння мудрагелістага гідратэхнічнага комплексу недасведчаны
назіральнік наўрад ці здолее. А калі звернецца за тлумачэннямі да мясцовых
жыхароў альбо ветэранаў-меліяратараў, абавязкова здзівіцца. І — не без прычыны!
Напачатку 90-х тут быў закладзены першы ў раёне, а, можа, і
адзін з піянераў у краіне штучны журавіннік. Была пабудавана складаная сістэма
арашэння, набыты імпартны пасадачны матэрыял элітнай селекцыі. Аднак калгас
“Шлях Ільіча”, па ініцыятыве якога ствараўся гэты меліярацыйны цуд, так і не
здолеў сабраць ніводнага ўраджаю — не забяспечыў далікатным журавінам належны
догляд. Ягаднік хутка пачаў дэградаваць і сёння ўжо амаль цалкам знік, а яго
тэхналагічнае абсталяванне паступова раскралі.
Рэанімаваць былы журавіннік немагчыма, вярнуць занядбаны
ўчастак зямлі ў гаспадарчае абарачэнне можна, але эканамічна немэтазгодна —
выдаткі на рэкультывацыю не акупяцца.
Да канчаткова закінутых землепаляпшальных праектаў адносяцца
і арашальныя сістэмы, у свой час створаныя на землях, якія зараз належаць СВК
“Калгас “Бярэзіна”, “Чырвоны ўдарнік” і ААТ
“Асі-повічыаграпрамтэхзабеспячэнне”. Прызначаліся арашаемыя палеткі для
вырошчвання садавіны, гародніны і стварэння шматгадовых культурных выпасаў, але
напрыканцы васьмідзясятых, у перыяд распаду СССР, сельская гаспадарка Беларусі
існавала ў такіх складаных умовах, што “ненадзейнае” — патрабуючае высокай
агранамічнай культуры і тэхналагічнай дысцыпліны — інтэнсіўнае земляробства
пераўтварылася ў празмерную раскошу. Як вынік, кіламетры металічных труб,
помпы, электраабсталяванне ды іншы рыштунак, без якога арашэнне немагчыма, былі
пакінуты без нагляду. Ну а што бывае ў такіх выпад- ках з матэрыяльнымі
каштоўнасцямі, тлумачыць не трэба…
Карацей, тое, што засталося ад колішніх арашальных сістэм,
да эксплуатацыі непрыдатна. Шкада марна страчаных народных грошай, але тут ужо
нічога не зробіш: навукова пацверджана, што ва ўмовах беларускага клімату
аптымальную вільготнасць на ўчастках адкрытага грунту можна падтрымліваць куды
менш дарагімі спосабамі.
Хаця ёсць адна
акалічнасць, якая не дазваляе лічыць цалкам скончаным расповед пра гэты
тупіковы накірунак асіповіцкай меліярацыі. Справа ў тым, што на адведзеных пад
арашэнне палях агульнай плошчай каля 530 гектараў засталіся падземныя
труба-праводы, даўжыня якіх перавышае 20 кіламетраў. Пераважная большасць
забытага кіламетражу — недзе 18 км — стальныя і чыгунныя трубы дыяметрам у 300
і таўшчынёй сценак 11-13 міліметраў.
Навошта так многа лічбаў? Каб усім жадаючым было прасцей
вызначыць цану марна ржавеючага на глыбіні некалькіх метраў металалому: па
падліках аўтара, сукупны кошт гэтага “трубаправоднага скарбу” дасягае дзясяткаў
мільярдаў рублёў…
Апошні керамічны дрэнаж
Бадай, найбольш цікавыя з дзеючых водарэгулюючых сістэм
Асіповіччыны — польдары на землях СВК “Калгас імя Чарняхоўскага”. Яны ўяўляюць
сабой участкі прыбярэжнай зоны ракі Пціч, куды доступ вады звонку перакрыты
магутнымі дамбамі. Патрэбны ўзровень вільготнасці глебы тут падтрымліваецца
сеткай каналаў, з якіх лішкі вады “перакідвае” ў раку помпавая станцыя. Калі ж
вады не хапае, станцыя можа арашаць польдар рачной вадой.
Абсталяванне і збудаванні польдара каля вёскі Дрычын у цэлым
дагледжаныя, а вось стан яго “сародзі-ча” ля Майсеевічаў выглядае куды меней
прывабна. Па-трабуюць рамонту важныя элементы асушальнага абсталявання, не ўсё
гладка ў добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол помпавай станцыі. Але асабліва
сумна выглядае вялікая сажалка, першапачаткова пры-значаная для стварэння
запасу вады на выпадак засухі. Ёю не карыстаюцца ўжо даўно, таму ўся акваторыя
штучнага возера пераўтварылася ў багну, па беразе якой буяе густы хмызняк.
Магчыма, у накапляльнай сажалцы на самой справе няма
патрэбы, аднак яе занядбанасць непазбежна вы-клікае сумненні ў эфектыўнасці
водарэгулявання на Майсеевіцкім польдары. І, шчыра кажучы, сумненні
абгрунтаваныя: зараснікі водалюбівых раслін ды шчыльнае кустоўе, што
апаноўваюць усе паніжэнні рэльефу, — дакладны індыкатар пераўвільгатнення
глебы.
А вось з Востраўскай сістэмай водапаніжэння ніякіх пытанняў
увогуле не ўзнікае: адразу бачна, што яна не працуе належным чынам. “Дыверсію”
тут па-майстэрску правялі бабры, якія пабудавалі каскад плацін на магістральным
канале, і гэтым “кропкавым ударам” амаль цалкам перакрылі сцёк з 300 гектараў
некалі рупліва асушаных палеткаў. Увогуле грызуны, чые папуляцыі ў апошняе
дзесяцігоддзе павялічваюцца вельмі імкліва, пашыраюць прыдатную для іх
існавання тэрыторыю ўмела і хутка: на Асіповіччыне ўжо каля 10% ад агульнай
плошчы меліяраваных зямель зноў забалочана бабрынымі намаганнямі. Прынамсі, у
адстойванні створаных балацін махнатыя “антымеліяратары” інстынктыўна
праяўляюць сапраўдную “партызанскую вынаходлівасць”. Напрыклад, пад пракладзенымі
ўздоўж каналаў тэхналагічнымі дарогамі яны выкопваюць вялізныя норы, і пад
вагой таго ж трактара зямля правальваецца і тэхніка грузне. Чым не варыянт
“рэйкавай” вайны?
Ды не толькі перад бабрамі адступае наша меліярацыя. У
наваколлі вёскі Караны напрыканцы 80-х гадоў была пракладзена апошняя ў раёне
закрытая дрэнажная сістэма з керамічных труб. (Акцэнт на ўжытым матэрыяле
зроблены недарэмна: пазней замест керамікі пачалі карыстацца больш танным
пластыкам, і, такім чынам, узгаданы меліярацыйны аб’ект мае пэўную гістарычную
каштоўнасць).
Калі мясцовы сельгаскааператыў адмовіўся ад перададзеных яму
надзелаў, яны перайшлі ў лясны фонд, і сёння на асушаных землях расце лес.
Расце добра, бо ўзровень вільготнасці ўважліва кантралюецца і своечасова
рэгулюецца. Зразумела, лес — наша багацце, таму колішнія намаганні
паляпшальнікаў зямлі не прападаюць марна. Вось толькі шкада, што даведзеным да
розуму сельгасугоддзям усё ж не знайшлося больш адпавядаючага іх магчымасцям
прымянення…
Межы магчымага
Дырэктар ААТ “ПМК № 95 “Вадбуд” Канстанцін Долгі пра ўсе
вышэйназваныя — і многія іншыя — “балявыя кропкі” ведае выдатна. Зразумела, яму
б хацелася мець ідэальную водарэгулюючую гаспадарку, як кажуць, “тут і зараз”,
але сёння асіповіцкім меліяратарам даводзіцца ставіць перад сабой больш сціплыя
задачы.
Самая неадкладная з іх — сезоннае акошванне дзеючых каналаў.
Ачысціць ад пустазелля і маладога хмызняку трэба каля 650 кіламетраў берагавой
лініі, а гэта зусім не прос-та. З-за высокай лясістасці хуткасць за- растання
каналаў у раёне самая, бадай, высокая на Магілёў-шчыне, а тэхні-кі — трактарных
касілак у ПМК, як і трактарыстаў, асвоіўшых работу з гэтым спецыфічным
агрэгатам, — “у абрэз”, Да таго ж, яшчэ з леташняга лістапада практычна ўсе
машыны і большасць спецыялістаў прадпрыемства адкамандзіраваны ў Горацкі раён,
дзе ўсе меліяратары вобласці задзейнічаны на падрыхтоўцы да рэспублі-канскіх
“Дажынак”.
З-за гэтых прычын пакуль удалося адолець толькі каля 60% ад
задання па акошванні, але ўжо зразумела, што з гэтай задачай ПМК справіцца
паспяхова. А вось пра іншыя праблемы — прынамсі, тыповыя для ўсіх
прадпрыемстваў галіны — гэтага не скажаш.
Адна з галоўных — нізкія расцэнкі на правядзенне профільных
работ. Праца меліяратараў расцэньваецца так, што, нягледзячы на вялікую
колькасць заказаў, прадпрыемствы галіны ўвесь час балансуюць на мяжы
фінансавага калапсу. Тое ж ПМК № 95 не можа своечасова мяняць зношаную тэх-ніку
— напрыклад, бульдозеры тут маюць “працоўны стаж” па 25-30 гадоў — і вымушана
пастаянна браць крэдыты на выплату заробкаў. Адмоўных наступстваў у хранічнага
недахопу абарачальных сродкаў нямала, таму — толькі аб самым відавочным.
Аплата працы нашых меліяратараў здаецца, на першы погляд,
нядрэннай — у сярэднім яна складае сёлета 3,5 млн. руб. Але пры гэтым бягучасць
кадраў перавысіла 60%. І нічога не зробіш, таму што за тую ж работу
механізатары, экскаватаршчыкі і бульдазерысты ў іншых месцах атрымліваюць
значна большыя грошы.
Канечне, шукаюць “хлебных мясцін” не ўсе — касцяк калектыву
захоўваецца, і сёлета планы адольваюцца без асаблівых цяжкасцей. Прагнознае
заданне па аб’ёмах работ ужо выканана на 140%, а да канца года лічба будзе ніяк
не меней 150%. Увогуле, па галоўных эканамічных паказчыках ПМК № 95 уваходзіць
у пяцёрку лепшых меліярацыйных прадпрыемстваў вобласці і, нягледзячы ні на якія
пера-шкоды, мае цвёрды намер утрымацца ў шэрагу лідараў.
Што ж тычыцца планаў паляпшэння меліярацыйнай спадчыны, то —
у адпаведнасці з Дзяржпраграмай “Захаванне і выкарыстанне ме-ліяраваных зямель
на 2011-2015 гг.” — ПМК у наступным годзе давядзецца выконваць аб’ём работы на
175% перавышаючы бягучы, што супа-стаўна з ужо дасягнутымі паказчыкамі і
гарантуе фінансаванне ў памеры каля 3 млрд. руб.
За ўзгаданыя грошы бу-дзе праведзены рамонт і рэканструкцыя
300 гектараў водапаніжаючых сістэм, яшчэ на 250 — праведзены комплекс
аграмеліярацыйных мерапрыемстваў.
Дарэчы, сярод аб’ектаў рэканструкцыі-2013 ёсць і Майсеевіцкі
польдар. Дробязь, а прыемна…
Дзмітрый САЎРЫЦКI.