Анастасия Веробей рассказывает о работе в сельской библиотеке

Гаспадыня сельскай бібліятэкі
Анастасія Верабей нарадзілася і жыве ў аграгарадку Каменічы.
І без малога 10 гадоў узначальвае ўстанову, дзе жывуць кніжкі.
Ёй падабаецца тое, чым займаецца. Штодня сустракаецца з мясцовымі жыхарамі, гутарыць з імі не толькі пра літаратуру, але і пра жыццё-быццё, што таксама важна, асабліва для людзей сталага ўзросту. Да некаторых з іх наведваецца на дом, бо па стане здароўя тыя не могуць самастойна дабрацца да жаданай кніжнай паліцы.
— Сустрэчы з гэтымі чытачамі асабліва люблю, — гаворыць Насця. — Яны заўсёды чакаюць майго візіту, бо з кнігамі адначасова прыходзяць і навіны, якімі абавязкова дзялюся з аднавяскоўцамі. Такая цёплая атмасфера сагравае не толькі іх, а і мяне. У ліку такіх “надомнікаў” чытачы з вялікім стажам Клаўдзія Галкоўская, Ніна Дундукова, Ганна Кандрацёнак, Алена Мішчанка. Больш за ўсё жанчынам падабаюцца дамскія раманы. Абслугоўваю не толькі камянчан, але і жыхароў Асаўка, Цэзарова, Яноўкі. І паўсюль ёсць заўзятыя аматары кнігі. З апошняй вёскі часта прыязджае ў бібліятэку Анатоль Зелянко. Сфера яго чытацкіх інтарэсаў — гістарычныя раманы. Многім падабаюцца дэтэктывы. Сярод найбольш любімых аўтараў жаночай аўдыторыі — Дар’я Данцова, Кацярына Вільмант, Юлія Шылава.
— А што любяць чытаць падлеткі?
— Яны ў асноўным прыхо-дзяць за кнігамі са школьнай праграмы. Аднак стараюся фарміраваць іх інтарэсы, прапаноўваю цікавыя выданні, засяроджваю ўвагу на сюжэце, расказваю біяграфію аўтара. Наогул праводжу для школьнікаў, асабліва малодшых, пазнавальныя мерапрыемствы: віктарыны, завочныя падарожжы. Знаёмлю іх з навінкамі літаратуры.
— Акрамя ўзаемадзеяння з чытачамі, чым яшчэ займаецца бібліятэкар?
— Як і мае папярэднікі, многа ўвагі ўдзяляю краязнаўчай рабоце. З задавальненнем працягваю іх справу. Вялікае падспор’е аказвае наша “раёнка”, дзе друкуецца шмат тэматычных матэрыялаў. Вяду картатэку, напаўняю папкі. У адной з іх — “Нашы аднавяскоўцы і іх добрыя справы” — назбіраўся ўжо не адзін дзясятак артыкулаў. Асіповіцкай бібліятэчнай сеткай праводзяцца конкурсы, у якіх стараюся ўдзельнічаць, каб павучыцца ў іншых ды і самой напрацаваць неабходную фактуру. Нядаўна падрыхтавала матэрыял пра сваю маму Жанну Ляшчун — працуе асемянатарам многа гадоў, сапраўдны прафесіянал, не аднойчы атрымлівала ўзнагароды за добрасумленную працу. Прыемна, што па выніках работы за мінулы год бібліятэка стала бронзавым прызёрам раённых спаборніцтваў па сацыяльна-эканамічным развіцці. Да Года малой радзімы падрыхтаваны тэматычныя выставы.
— Які фонд налічваецца ў бібліятэцы?
— Каля 9 тысяч кніг, а таксама газеты, часопісы, аўдыядыскі з запісам казак, паэм, вершаў беларускіх аўтараў. У наяўнасці таксама два камп’ютары з выхадам у інтэрнэт. Пры жаданні кожны чытач можа скарыстацца платнымі паслугамі: за грошы выдаюцца для чытання некаторыя кнігі і перыёдыка. У апошнія гады, безумоўна, колькасць выданняў, што паступае ў бібліятэку, змяншаецца. Затое яны цікавыя, прыгожа аздобленыя, асабліва — дзіцячая літаратура.
Ніна ВIКТОРЧЫК.
n.viktorchik@gzt-akray.by