На Синей реке: тайна природы и исследования экологов

Напрыканцы мінулага года ў рэчцы Сіняя рыбакі заўважылі штосьці незвычайнае. І вось які працяг мела гэтая гісторыя
…Вонкава гэтае “нешта” нагадвала шчупальцы медузы, калі абляпляла сцябліны воднай расліннасці. Альбо камякі ўпаўшага ў ваду снегу, калі плыло па цячэнні. Дастаеш дзіва з вады — і яно знікае, пераўтвараецца ў маленькія камячкі: празрыстыя, не слізкія, без паху і колеру.
Налавіўшы дастатковую колькасць камячкоў, карэспандэнт “раёнкі” перадаў іх у інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя — з надзеяй на дапамогу ў вызначэнні, што гэта такое і ці мае яно дачыненне да якасці рачной вады.
Такія думкі ўзніклі не без прычыны: таемная субстанцыя сустракалася ніжэй упадзення ў Сінюю рэчкі Млынкі, да якой “падключаны” гарадскія ачышчальныя збудаванні.
Эколагі вызначылі, што медузападобнае “нешта” — біялагічны аб’ект. Але засяродзілі ўвагу не на яго класіфікацыі — гэта, увогуле, не істотна. Першапачатковая задача прыродаахоўных структур — вызначыць прычыны ўзнікнення біяанамаліі і шкоднасць яе для навакольнага асяроддзя.
Сукупнымі намаганнямі інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы жывёльнага і расліннага свету, Бабруйскай міжрайлабараторыі аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў рэчках Млынка і Сіняя было выяўлена разавае перавышэнне дапушчальных параметраў адразу па дзвюх пазіцыях: агульны фосфар і біяхімічнае спажыванне кіслароду. Адхіленні нязначныя — у 1,067 і 1,055 раза адпаведна, аднак санітарныя нормы дзейнічаюць дыскрэтна. Таму ўсё, што вышэй ГДК — недапушчальна.
У адносінах да парушальніка — “Водаканала” (зараз ён называецца “Асіповіцкае аддзяленне філіяла “Бабруйскводаканал” УВКП ВКГ “Магілёўаблводаканал”) — распачаты адміністрацыйны працэс, як тое было пазалетась, калі падобны выпадак адбыўся на ачышчальных збудаваннях пасёлка Ялізава.
Вось тут ёсць нагода выказаць нашаму “Водаканалу” маральную падтрымку, бо ў абодвух выпадках прадпрыемства стала заложнікам сітуацыі, уплываць на якую не можа.
Ялізаўскія ачышчальныя амаль пяць дзесяцігоддзяў знаходзіліся ў аварыйным стане. І так здарылася, што грошы на капрамонт былі выдзелены пасля таго залпавага выкіду забруджанай вады ў прылягаючы лес. Зараз работы на аб’екце вядуцца шпарка, так што ўжо недзе праз месяц-два пасёлак атрымае эфектыўную і надзейную сістэму ачысткі сцёкаў.
Гарадскія ачышчальныя збудаванні таксама моцна зношаныя фізічна і да таго ж безнадзейна састарэлыя маральна, паколькі для абясшкоджвання сучасных каналізацыйных сцёкаў прыдатныя толькі часткова. Таму канцэнтрацыя таго ж фосфару ў ачышчаных водах, як правіла, трымаецца блізка ад верхняй мяжы ГДК і “плавае” ў залежнасці ад колькасці шкоднага рэчыва ў паступаючых з горада сцёках.
Па словах начальніка аддзялення Дзмітрыя Белага, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця згадзіўся выдзеліць сродкі на рэканструкцыю асіповіцкіх ачышчальных збудаванняў. Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі ўжо ідзе.
* * *
Але вернемся ў пачатак. Прамой сувязі перавышэнняў ГДК і наяўнасці біялагічнай субстанцыі ў рэчцы Сіняя не вызначана. Так што таямніца застаецца нераскрытай.
Дарэчы, Дзмітрый Белы выявіў пэўную заканамернасць, якая можа дапамагчы ў далейшых пошуках.
У сажалках-адстойніках ачышчальных збудаванняў тэмпература вады не падае ніжэй за 10°С. У рэчках жа зімой вада значна халаднейшая. Такім чынам, у Млынцы і Сіняй утвараецца зона тэмпературнай анамаліі. Калі зіма звышцёплая, як мінулая, гэтая зона значна павялічваецца і, верагодна, нейкія водныя арганізмы праяўляюць у ёй атыповую актыўнасць.
Каб пацвердзіць гэтыя высновы, патрэбны шматгадовыя назіранні. Калі рыбакі ці жыхары вёсак на ўзбярэжжы Сіняй і Свіслачы заўважалі ў цёплыя зімы нейкія водныя анамаліі, калі ласка, паведаміце аб гэтым у “раёнку”.
Чакаем вашых званкоў!
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
d.savrickiy@gzt-akray.by