Жительница Осиповичского района о ликвидации аварии на Чернобыльской АЭС

Жительница Осиповичского района о ликвидации аварии на Чернобыльской АЭС

26 красавіка — дзень Чарнобыльскай трагедыі

Прыцягненне чыстага неба

У яе працоўнай біяграфіі — ліквідацыя аварыі на атамнай электрастанцыі

Ніну Грэсь заўсёды вабілі незвычайныя прафесіі.
І жыццё сваё яна звязала з нязвыклай для дзяўчыны справай. Згадзіцеся, лётчыка ў спадніцы даводзіцца сустракаць нячаста.
А дарога з зямлі ў блакітны прастор была няпростай. Вырасла Ніна ў мнагадзетнай сям’і на адным з хутароў Баранавіцкага раёна. Хацела стаць вадзіцелем тралейбуса, але непаўналетніх на гэту работу не бралі. Затое ахвотна прынялі ў прафтэхвучылішча, дзе выпускніца асвоіла прафесію майстра-мадэльера галаўных убораў. А потым стала працаваць у Полацкім КБА.
Аднойчы яе накіравалі ў сталіцу для адбору патрэбных тканін. Каб хутчэй дабрацца, дзяўчына адправілася на самалёце. Той палёт перавярнуў усё яе жыццё. Як заварожаная, глядзела пасажырка ў ілюмінатар на воблакі і лясы, сачыла за паводзінамі борт-правадніцы, разглядала ўнутранае ўбранне крылатай машыны. Яна адчула еднасць з датуль нязведаным светам і нават уяўляла, як ходзіць па воблаках. Неба да болю пацягнула да сябе. Хутка знайшла падмену на рабоце і напісала заяву на звальненне. А сама накіравалася ў Мінск.
Паступіла працаваць у тралейбуснае дэпо. Маршрут № 2 “Вуліца Чайкоўскага — аэрапорт” стаў любімым, бо дазваляў хоць тэрытарыяльна наблізіцца да мары. Паралельна стала наведваць планерную секцыю ў аэраклубе. Лятаць на новым апараце спадабалася: блакіт нябёс і цішыня. Але дзяўчыне гэтага было мала. Скончыўшы першапачатковы курс, яна перасела ў самалёт. З прадстаўніц прыгожага полу гэты этап прайшла адна. Асвоіла Як-18, а па вышэйшым пілатажы заняла першае месца ў аэраклубе. Гэта дало магчымасць паступіць у лётную школу, куды быў надзвычай сур’ёзны адбор, а адно з абавязковых патрабаванняў — 100 гадзін вышэйшага пілатажу без інструктара. Ад кожнай саюзнай рэспублікі накіроўвалі па 1 курсанту. У 1968 годзе з Беларусі паступіла выдатніца Ніна Грэсь.
Як усё гэта ўдавалася кволай дзяўчыне — цяжка нават уявіць. Уставала ўпоцемках, бо а пятай гадзіне тралейбусы выязджалі па маршрутах. Адпрацаваўшы змену, спяшалася ў аэраклуб за горадам — спецыяльная машына ў дамоўлены час падбірала навучэнцаў па дарозе. А за штурвалам на працягу некалькіх гадзін вырабляла такія фігуры, што аж дух захоплівала. У інтэрнат вярталася позна вечарам.


У адзіны дзень без палётаў — панядзелак — усім наказвалі прыходзіць дапамагаць механікам рыхтаваць самалёты да палётаў. Не хадзіў амаль ніхто. А Ніна з’яўлялася. І прыбірала не толькі ў кабіне машыны, але і стаянку мыла: да таго любіла справу, якой займалася.
Лётную школу ў Калузе — адзіную ў СССР, дзе магчыма было навучацца дзяўчатам, — наша гераіня скончыла з залатым медалём. І прыехала ў родны Мінск, дзе адлятала больш за 2 дзясяткі гадоў на АН-2. Самалёт невялікі, лятае на малой вышыні, але кіраваць ім не так і проста: ва ўмовах гайданкі і адсутнасці аўтапілота вялікая нагрузка прыпадае на рукі кіроўцы. Асабліва, калі гэта жаночыя рукі.
Займалася Ніна Уладзіміраўна пасажыраперавозкамі, патрулявала лес, каб зберагчы ад пажару, працавала ў геолагаразведцы. А потым каля дзясятка гадоў служыла ў санавіяцыі.
На аэрадроме сустрэла і сваё каханне. Эрнест Мышакоўскі працаваў авіятэхнікам, абслугоўваў крылатыя машыны. З сям’і патомных святароў, ён таксама па закліку душы заняўся авіясправай. Па шляху Ніны пайшоў і яе малодшы брат Міхаіл. Таксама скончыў лётнае вучылішча з залатым медалём. Але, у адрозненне ад сястры, лётаў на рэактыўных самалётах.
Красавік 1986 года прынёс беларусам трывожную вестку аб аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі. Санавіяцыя была максімальна задзейнічана ў ліквідацыі наступстваў. Некаторыя звальняліся, каб не ляцець у небяспечную зону. Але толькі не Ніна Мышакоўская. Камуніст па партыйнай прыналежнасці, адказны чалавек па складзе характару і ўлюбёны ў сваю справу пілот, яна дакладна выконвала кожнае заданне. Хойніцкі, Брагінскі, Слаўгарадскі раёны ведала ўжо як свае пяць пальцаў. А лятаць часам даводзілася ва ўмовах задымленасці, дрэннай бачнасці. Арыентавалася на чыгуначныя рэйкі, буйныя аўтадарогі. Вазіла дактароў, чыноўнікаў, навукоўцаў, да-стаўляла грузы.
Да 1991 года Ніна Уладзіміраўна была ў страі. Пакуль магла, хавала ад медкамісіі прафесійныя і набытыя ў ходзе работы ў небяспечнай зоне захворванні. Але вердыкт дактароў быў строгі: спісаць.
Так нябеснай ластаўцы давялося спешыцца. І пераехалі разам з мужам у вёску Зборск, адкуль была родам цётка Эрнеста. Вось ужо больш за чвэрць века жыве тут. Цяпер, на жаль, адна. Але спраў хапае. Займаецца агародам, нетрадыцыйнымі методыкамі аздараўлення арганізма, вывучае розныя філасофскія вучэнні, шмат чытае. Па-ранейшаму з захапленнем паглядае ў нябесную сінь на пралятаючыя самалёты. І нечаму ўсміхаецца.

Іна Заскевіч.
i.zaskevich@gzt-akray.by

Последние новости

Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском государственном колледже прошел необычный мастер-класс

18 апреля 2025
Читать новость

Рекомендуем