На рэйхстагу застаўся яго подпIс
Канстанцін Кірылавіч Царык
нарадзіўся ў вёсцы Крапіўня Глускага раёна. Бацькі працавалі ў калгасе. У сям’і
расло чацвёра дзяцей.
Бліжэйшая школа была за 8
кіламетраў, гэту адлегласць даводзілася адмяраць штодзённа па два разы. Калі
хлопчыку купілі новыя чаравікі, шкада было іх псаваць у бездараж, таму насіў у
руках, радуючыся абноўцы. А праз пэўны час вырашыў надзець і высветлілася, што
з прыгожага абутку шкаляр ужо вырас. Так і не пафарсіў у новых ботах…
Незадоўга да вайны сям’я Царык
перабралася ў райцэнтр, пасялілася на самым ускрайку, за могілкамі. Косця
скончыў 7 класаў, калі ясны блакіт мірнага неба зацягнула змрочнымі тучамі,
якія пачварна прарэзала жудасная ў сваёй агрэсіўнай моцы маланка вайны — усіх
ашаламіла навіна аб фашысцкім нашэсці. Хлопцу мінула 16, у войска было яшчэ
рана, але і на акупіраванай зямлі ён з сябрамі дапамагаў партызанам: збіраў для
іх звесткі, забяспечваў прадуктамі харчавання, месцазнаходжанне хаты
садзейнічала на-ладжванню цеснага кантакту з ляснымі жыхарамі. Што асабліва
запомнілася з тых часоў і прыемна радуе да цяперашняга дня — у іх мясцінах не
было здраднікаў. Людзі жылі небагата, былі простымі, сумленнымі, адданымі сваёй
Радзіме і народу.
Сям’я Царык мела агарод і шчыра
працавала на ім, нават карову ўдалося прыхаваць ад фашыстаў, і тая ратавала ад
голаду. Старэйшы сын ваяваў, загінуў пад Варшавай.
Калі Глуск вызвалілі ад захопнікаў,
Кастуся таксама прызвалі ў войска. Вызваляў Кобрын і Брэст, можа і цяпер
пералічыць польскія гарады, якім прынесла свабоду іх часць. Удзельнічаў у баях
на Вісле, браў Берлін, дзе пакінуў свой подпіс на цытадэлі фашызму — рэйхстагу.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За
ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над
Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”…
Мабілізаваўся салдат у сорак сёмым.
Вярнуўся дадому, уладкаваўся на работу. Працаваў у калгасе, затым — у службе
быту, дзе прымаў па вёсках заказы на паслугі. Прыгожы жыццярадасны хлопец
пазнаёміўся з дзяўчынай, якая працавала бухгалтарам, і ў 1949 годзе маладыя
пажаніліся. Неўзабаве атрымаў запрашэнне ў рэдакцыю раённай газеты “Сцяг
Радзімы”. Установа толькі атрымала новы “газік” — на ім і стаў
“шафёрыць” былы франтавік. Дабіраліся ў самыя аддаленыя куточкі
раёна, хаця дарогі былі не ў найлепшым стане. Часта дадому вярталіся зацемна.
Жонка з разуменнем адносілася да работы мужа, заўсёды чакала з цёплай вячэрай.
Праз некалькі гадоў маладая сям’я
пабудавала ўласны дом, дзе і нарадзіліся дзве дачкі і сын.
Царыкі пражывалі ў Глуску да выхаду
на пенсію, а ў 1996 годзе пера-браліся ў Асіповічы — бліжэй да дачкі. На жаль,
ад хваробы раптоўна пайшоў з жыцця сын, але шасцёра ўнукаў і трое праўнукаў
радуюць сваімі жыццёвымі поспехамі, часта тэлефануюць і прыязджаюць.
Ужо больш за шэсць дзесяцігоддзяў
крочаць поплеч Канстанцін Кірылавіч і Неаніла Канстанцінаўна — дружнай сям’ёй
лягчэй у горы і больш радасна ў шчаслівы час.