Мінулым летам газета расказвала аб тым, што ў нашым горадзе адкрылася ПВУП “Відэлія”, якое выпускае гарсэтныя вырабы з маркай сусветна вядомага брэнда “Мілавіца”.
І вось мінуў год. Як жа развіваецца прадпрыемства, чым жыве? Звяртаемся да кіраўніка “Відэліі” Аксаны Бужынскай і чуем у адказ:
— Пачыналі работу 20 швачак, затым іх стала ўдвая больш. На сёння за машынкамі працуюць 60 дзяўчат. Інтэнсіўнасць і прадукцыйнасць працы таксама выраслі. Калі напачатку нас радавалі 7 тысяч вырабаў за тыдзень, то цяпер выпускаем 35-40 тысяч. І гэта не мяжа.
Што стрымлівае рост вытворчасці? Адсутнасць плошчаў. Хацелася б пашырыцца, а тэрыторыі не хапае. Пакуль не можам знайсці іншага месца для размяшчэння вытворчых памяшканняў.
Спадзяёмся, што пытанне ўрэшце вырашыцца станоўча і жыхаркі раёна — а працуюць на прадпрыемстве менавіта жанчыны, якім значна цяжэй, чым прадстаўнікам моцнага полу, знайсці месца работы — атрымаюць магчымасць працаўладкавацца. Прычым, нават тыя, хто не мае ніякай кваліфікацыі — прайсці навучанне можна непасрэдна на рабочым месцы.
Развіццё швейнага прадпрыемства мае немалое значэнне і для прэстыжу горада, а таксама будзе служыць вырашэнню дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння. Як прызналася Аксана Валянцінаўна, пры наяўнасці вытворчых пло-шчаў у горадзе будзе асвойвацца выпуск трыкатажу. Жыхары Асіповіччыны з задавальненнем набывалі б джэмперы, майкі, світары мясцовай вытворчасці замест таго, каб ісці на базар за кітайскімі рэчамі. Але пакуль, на жаль, вялікага вырабу айчыннага трыкатажу ў нашым рэгіёне не назіраецца.
Зараз працаўніцы “Відэліі” шыюць якасную жаночую бялізну. Асартымент мяняецца. Асвойваюцца новыя мадэлі. Цяпер 4 з іх знаходзяцца на патоку, а ўсяго іх удвая больш.
У цэху многа маладых дзяўчат, ёсць і жанчыны больш сталыя. Асноўны касцяк застаўся, пакідаюць рабочае месца толькі аматары “зялёнага змія” ці тыя, хто прыйшоў па лёгкі хлеб, а работа тут даволі напружаная. Практыку прахо-дзяць навучэнкі мясцовага і Бабруйскага каледжаў, якія маюць высокую прадукцыйнасць працы і намер прыйсці сюды пасля заканчэння вучобы.
Тым, хто жадае працаваць належным чынам, кіраўніцтва ідзе насустрач, забяспечвае максімальна спрыяльныя ўмовы. Так, калі пачынаючая швачка не выконвае план з-за адсутнасці вопыту, ёй даплачваюць да мінімальнай зарплаты, якая складае на прад-прыемстве паўтара мільёна рублёў. I так — на працягу 3-4 месяцаў, пакуль работніца выйдзе на належную прадукцыйнасць. На якім яшчэ прадпрыемстве забяспечваецца такі клопат аб людзях? Калі ж вопыт ёсць, працаўніцы зарабляюць і больш за 2,5 мільёна рублёў. Графік работы таксама дыферэнцаваны. У асноўным усе працуюць па два дні, потым столькі ж адпачываюць, але калі жанчына мае маленькіх дзяцей, якія наведваюць дзіцячы сад, яна можа працаваць у адну змену, а па суботах і нядзелях мае выхадныя.
У стварэнні аднаго бюст-гальтара прымае непасрэдны ўдзел 20-25 чалавек — гэта не лічачы майстра, інструктара вытворчага навучання, начальніка ўчастка, кантралёра гатовай прадукцыі. Кожная швачка выконвае пэўную аперацыю. Ёсць больш складаныя, якія па-трабуюць працяглага часу выканання. Тады на 1 пачак — 20 вырабаў — ідзе больш гадзіны, а на такой аперацыі, як прышыванне банцікаў, за гадзіну можна выканаць і 8 пачак.
Напрактыкаванымі рухамі швачкі адпраўляюць адзін выраб за другім у каробку, якую пры напаўненні тут жа падхоплівае майстар і перадае на іншую лінію. Калі вырабы цалкам гатовы, яны трапляюць да кантралёра гатовай прадукцыі, які дэталёва вывучае якасць. На “Мілавіцы” АТК яшчэ раз правярае правільнасць выканання, і пры наяўнасці дэфектаў выраб вяртаецца на перапрацоўку, а ў кантрольным талоне пазначаны выканаўцы ўсіх аперацый, якія і выпраўляюць дапушчаны брак. Такое, дарэчы, здараецца нячаста, практычна ўсё ідзе толькі першым гатункам. “Якасць гарантуецца!” — у гэтым упэўнены і майстар Юлія Данілава, і кантралёры гатовай прадукцыі Ірына Сасім і Ганна Ніцкая, і інструктар вытворчага навучання Галіна Швед.
Калі вы ў чарговы раз будзеце набываць новую бялізну, зірніце на этыкетку. Убачыце “Мілавіцу” — і цалкам магчыма, што гэты прыгожы і зручны гарсэтны выраб выканалі клапатлівыя рукі асіповіцкіх швачак.