8-10 чэрвеня ў Маладзечне прайшоў XII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2012”, які быў прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я.Купалы і Я.Коласа.
Ідэя ў яго рамках ладзіць дзіцячыя канцэрты адметных выканаўцаў і ўзорных калектываў нарадзілася ў арганізатараў фестывалю летась. Першая праграма была складзена з выступленняў юных талентаў з Мінска і Мінскай вобласці і выклікала ў гледачоў самыя яркія ўражанні. Сёлетняе творчае прысвячэнне знакамітым паэтам на сцэне Палаца культуры было вырашана арганізаваць з удзелам юных выканаўцаў і калектываў з усіх абласцей краіны.
Ганаровую місію прадстаўляць Магілёўскую вобласць на святочным канцэрце “Край мой родны” было даручана ўдзельнікам узорнага клуба аматараў папулярнай песні “Хваля” з Вяззеўскага сельскага Дома культуры, у склад якога ўвайшлі Валерый Кузьміных, Кацярына Парамонава, Ксенія Прышывалка, Віталіна Сяргейчык, Аляксандра Кандрацёнак і Ганна Арлова. Юныя “хвалеўцы”, выступаючы сярод лепшых дзіцячых калектываў і выканаўцаў рэспублікі, не толькі дастойна прадставілі нашу вобласць на такім важным мерапрыемстве, але і, як адзначыла адна з арганізатараў, узрушылі сэрцы гледачоў сваёй песняй “Сябруюць усе”. Пасля асноўнага канцэрта на сцэне рабяты дарылі гледачам свае песні на пляцоўцы галоўнай плошчы горада і атрымалі ад іх шмат цёплых слоў і заслужаныя апладысменты.
Выступленне юных артыстаў-асіпаўчан прыемна здзівіла не толькі арганізатараў фестывалю, але і ўсіх аматараў мастацкай сама-дзейнасці: “Гэта вясковыя дзеці?! Гэта — выхаванцы сельскага Дома культуры?! Не можа быць!”